23 ліпеня 2021
У Беларусі плануецца стварэнне нацыянальнага аператара па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі
У Беларусі плануюць
стварыць спецыяльны дэпартамент і нацыянальнага аператара па абыходжанні з
радыеактыўнымі адходамі. Гэта пытанне стала адной з тэм нарады Прэзідэнта
Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета Міністраў, перадае
карэспандэнт БЕЛТА.
На разгляд кіраўніка
дзяржавы вынесены адпаведны праект дакумента. Урад прапануе стварыць спецыяльны
дэпартамент па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі і спецыялізаваную
арганізацыю, якая стане нацыянальным аператарам і будзе збіраць,
перапрацоўваць, захоўваць і ажыццяўляць пахаванне такіх адходаў.
"Трэба
параіцца, што будзем рабіць з гэтымі радыеактыўнымі адходамі. Яны ўтвараюцца ў
працэсе эксплуатацыі крыніц іанізуючага выпрамянення, якія мы сапраўды актыўна
выкарыстоўваем у розных сферах дзейнасці. Гэта не толькі атамная станцыя. Мы
гэтыя крыніцы выкарыстоўваем у навуцы, медыцыне (вазьміце анкалогію і не
толькі), прамысловасці, абаронным комплексе. У бліжэйшым будучым мы ўвядзём у
эксплуатацыю другі блок Беларускай АЭС, якая стане асноўнай крыніцай
радыеактыўных адходаў, што ўтвараюцца ў працэсе яе жыццёвага цыкла", -
адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт
звярнуў увагу, што ядзерныя адходы не толькі вельмі небяспечная, але і вельмі
каштоўная сыравіна. "Гэта каштоўнейшы прадукт. І сёння паўстае пытанне,
што мы будзем рабіць з гэтым вельмі каштоўным, але вельмі небяспечным, раней не
вядомым нам таварам, прадуктам. Гэта сур'ёзнае пытанне і вялікая каштоўнасць, -
заявіў кіраўнік дзяржавы. - Як паказвае міжнародная практыка, абыходжанне з
такімі адходамі патрабуе стварэння адзінай дзяржаўнай сістэмы. Фактычна гэта
новая галіна эканомікі".
Як
растлумачыў у час нарады міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, гэта прапанова
ўрада была падрыхтавана па выніках работы міжведамаснай групы і грунтавалася на
некалькіх абставінах. "У краіне ў розных сферах дзейнасці выкарыстоўваюцца
крыніцы іанізуючага выпрамянення, у працэсе эксплуатацыі якіх утвараюцца
радыеактыўныя адходы. Яны пастаўляюцца і захоўваюцца на спецпрадпрыемстве
"Экарэс" Мінгарвыканкама. Тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца на гэтым
прадпрыемстве, маральна і фізічна ўстарэлі. Пункты захоўвання радыеактыўных
адходаў, пабудаваныя ў 60-70-я гады мінулага стагоддзя, патрабуюць
мадэрнізацыі, іх нарматыўны тэрмін эксплуатацыі перавышаны", -
праінфармаваў міністр.
Акрамя
таго, паводле яго слоў, патрэбна вырашыць пытанні абыходжання з радыеактыўнымі
адходамі, якія захоўваюцца ў так званых гістарычных пунктах захоўвання, якія
ўтварыліся ў час рэалізацыі ваенных праграм Савецкага Саюза. "З уводам
Беларускай атамнай электрастанцыі ў краіне з'яўляецца самая значная крыніца
радыеактыўных адходаў. Адпаведна, патрэбна будаўніцтва асобнага пункта па
захоўванні радыеактыўных адходаў на перыяд эксплуатацыі самой атамнай электрастанцыі",
- дадаў Віктар Каранкевіч.
"Комплексна
вырашыць гэтыя пытанні прапануецца шляхам стварэння адзінага органа дзяржаўнага
кіравання і адзінай сістэмы па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі", -
падвёў вынік ён.
БелТА
Усе навіны