16 ліпеня 2021
Лукашэнка зацвердзіў папраўкі ў заканадаўства па пытаннях абароны суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр
Лукашэнка падпісаў закон "Аб змяненні законаў па пытаннях абароны суверэнітэту
і канстытуцыйнага ладу". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага
лідара.
У адпаведнасці з дакументам
уносяцца папраўкі ў закон "Аб надзвычайным становішчы". Згодна з Канстытуцыяй
і гэтым законам падставай для ўвядзення надзвычайнага становішча (акрамя стыхійных
бедстваў і катастроф) з'яўляецца наяўнасць беспарадкаў, што суправаджаюцца насіллем
або пагрозай насілля з боку групы асоб і арганізацый, у выніку якіх узнікае небяспека
для жыцця і здароўя людзей, тэрытарыяльнай цэласнасці і існавання дзяржавы. Аднак
раней не было вызначана, што менавіта лічыцца беспарадкамі. Гэта выклікала неадназначнае
разуменне падстаў для ўвядзення надзвычайнага становішча, асабліва калі беспарадкі
не з'яўляюцца відавочна масавымі.
Таму ў законе,
падпісаным кіраўніком дзяржавы, канкрэтызуецца, што да беспарадкаў адносяцца
спробы насільнага змянення канстытуцыйнага ладу, захопу або прысваення ўлады,
узброены мяцеж, масавыя беспарадкі, міжнацыянальныя і міжканфесійныя канфлікты,
якія суправаджаюцца насільнымі дзеяннямі, ствараюць непасрэдную пагрозу жыццю і
бяспецы грамадзян.
Новым законам таксама
ўдакладняецца пералік магчымых надзвычайных мер і часовых абмежаванняў, якія
прымяняюцца пры ўвядзенні надзвычайнага становішча. Гэта норма распрацавана з
улікам вопыту рэагавання на беспарадкі ў 2020 годзе. Так, пералік магчымых
надзвычайных мер і часовых абмежаванняў дапаўняецца прыпыненнем выпуску і
распаўсюджвання прадукцыі СМІ (уключаючы замежныя), устанаўленнем асаблівага
парадку акрэдытацыі журналістаў, абмежаваннем доступу да інтэрнэт-рэсурсаў і
сеткавых выданняў. Адпаведна ўдакладняюцца і дапаўняюцца паўнамоцтвы каменданта
тэрыторыі, на якой уведзена надзвычайнае становішча.
Пашыраецца кола
сілавых органаў, якія прыцягваюцца да забеспячэння рэжыму надзвычайнага
становішча, за кошт уключэння ў іх лік ваенізаваных арганізацый. Гэта дасць магчымасць
максімальна эфектыўна і на поўных законных падставах задзейнічаць сілы і сродкі
МНС, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз і Дэпартамента
фінансавых расследаванняў. Задачы, якія выконваюць прыцягнутыя органы,
дапоўнены папярэджаннем і спыненнем беспарадкаў, забеспячэннем аховы
грамадскага парадку і грамадскай бяспекі.
Акрамя таго,
прыцягненне Узброеных Сіл да вырашэння задач у складзе дзяржаўнай сістэмы
рэагавання замацоўваецца ў законе "Аб Узброеных Сілах Рэспублікі
Беларусь". З улікам атрыманага практычнага вопыту называюцца задачы
Узброеных Сіл у рамках гэтай сістэмы: барацьба з тэрарызмам, ахова грамадскай
бяспекі, спыненне масавых беспарадкаў, ажыццяўленне бяспекі ахоўных асоб і
ахоўных аб'ектаў.
Разам з гэтым у
законы "Аб надзвычайным становішчы" і "Аб ваенным
становішчы" імплементуюцца нормы дэкрэта Прэзідэнта нумар 2 ад 9 мая 2021
года "Аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу".
БелТА
Усе навіны