6 верасня 2021
Лукашэнка пра футбол і спорт: "Які б ні быў Прэзідэнт, я ці іншы, усё роўна будуць патрабаваць вынік"
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр
Лукашэнка арыентуе спартсменаў, футбалістаў і кіраўніцтва галіны ў цэлым на дасягненне
выніку, паколькі дзяржава траціць на гэту сферу немалыя грошы і ўкладанні павінны
прыносіць аддачу. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, наведваючы дзіцяча-юнацкі
футбольны цэнтр клуба "Дынама-Мінск", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пасля цырымоніі ўрачыстага
адкрыцця цэнтра кіраўнік дзяржавы паразмаўляў з асноўнымі ігракамі клуба і юнымі
футбалістамі. Ён адзначыў, што запрашаць пэўную колькасць легіянераў, вядома, можна,
але ў першую чаргу трэба рабіць стаўку на сваіх спартсменаў. "Патрэбны вынік.
Які б ні быў Прэзідэнт - я, іншы, - усё роўна будуць патрабаваць вынік", -
падкрэсліў беларускі лідар, пажадаўшы спартсменам поспехаў.
Працяглай і
грунтоўнай была размова Аляксандра Лукашэнкі з ветэранамі клуба. Абмеркавалі
падыходы да трэнерскай работы, фінансавання футбола, нюансы сучаснай гульні і,
што немалаважна, выхавання спартсменаў у духу патрыятызму.
Не абмінулі на злобу
дня і тэму ўчарашніх няўдачных выступленняў зборных каманд па футболе. "Я
бачу, як учора гуляла моладзь. Я не ведаю, чаго яны наогул выйшлі гуляць. Яны ж
не гулялі", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка
канстатаваў, што шмат было страт, футбалісты не даражаць мячом, а часам і б'юць
практычна наўгад: "Вочы заплюшчыў - "мачкануў". У яго мяч
адабралі, і ён застаўся ззаду. Дык ты бяжы, выпраўляй свае касякі", -
выказаў меркаванне аб яшчэ адным нюансе гульні беларускі лідар.
Ён заўважыў, што
часам можна пачуць разважанні пра стан спраў у беларускім футболе ў параўнанні
з той жа Расіяй: "Разумееце, вось Расія, што нам раўняцца, - 140-150
мільёнаў, а нас 10 мільёнаў..." Наконт гэтага Прэзідэнт заўважыў, што ў
Ісландыі, камандзе якой напярэдадні ўступіла беларуская маладзёжная зборная,
усяго некалькі соцень тысяч жыхароў.
Прэзідэнт акцэнтаваў
увагу на вялікай ролі і адказнасці, якая ляжыць на трэнерах. "Вазьміце
скачкі на батуце. Там Уласава (галоўны трэнер нацыянальнай каманды Вольга
Уласава. - Заўвага БЕЛТА) - гэта ж сапраўды дыктатар. У яе ўсё раскладзена. І
яны скачуць, алімпійскімі чэмпіёнамі становяцца. Таму што ёсць парадак", -
прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што ў
кожнай вобласці краіны створаны цудоўныя палі для футбола, уклалі велізарныя
грошы. "Карацей кажучы, мужыкі, з футболам нешта трэба рабіць. База ёсць.
Не думайце, што мы нешта будзем ствараць яшчэ. У нас ёсць куды грошы траціць.
Нам людзям трэба зарплату паднімаць. Дай настаўніку 4-5 тыс. долараў, як у
некаторых (футбалістаў. - Заўвага БЕЛТА) зарплата..." - адзначыў кіраўнік
дзяржавы.
"Грошай не
шкада. Мы не пашкадуем грошай, але дайце вынік, дайце, каб было хаця б на што
паглядзець", - падкрэсліў беларускі лідар. Ён адзначыў, што маладое
пакаленне футбалістаў часам разбалавана шалёнымі грашыма і "не бачаць
гэтага мяча".
"Прайграў, дык
ты хоць пакажы, што біўся. Сёння спорт - гэта вайна, ты павінен ісці як на
вайну", - сказаў Прэзідэнт, гаворачы пра маральна-валявыя якасці, якімі
павінны валодаць спартсмены. Мала таго, што развучыліся гуляць, дык яшчэ і
спартыўнай злосці няма, заўважыў ён.
Аляксандр Лукашэнка
прапанаваў і ветэранам клуба актыўна ўдзельнічаць у развіцці свайго віду
спорту, у тым ліку парадай, нешта падказаць, падключыцца да трэніровачнага
працэсу.
Заслужаны майстар
спорту і трэнер, чэмпіён СССР Эдуард Малафееў згадзіўся з Прэзідэнтам,
падкрэсліўшы, што ў футбол трэба не проста гуляць, а любіць гэты від спорту:
"Калі пытаешся ў хлопца, трэнера: "Ты любіш футбол?", ён кажа:
"Люблю". А калі глядзіш на вынік: дык як жа ты любіш? Любіць - гэта
значыць магчы! А калі не можаш, не даеш - не любіш футбол!"
Ён звярнуў увагу і на
духоўна-маральнае выхаванне, якое таксама павінна абавязкова прысутнічаць у
падрыхтоўцы спартсмена. "Тады сумленне з'яўляецца, пачынаецца
добрасумленная праца. Калі табе сорамна, што ты не падрыхтаваўся", -
заўважыў Эдуард Малафееў.
БелТА
Усе навіны