Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211587, г. Дуброўна, вул. Камсамольская, 18

Тэлефон прыёмнай:
8 (02137) 5-45-01

Факс:
8 (02137) 5-45-25

E-mail: 
dubrovno_rik@vitobl.by

Галоўная / Навіны / Навіны Рэспублікі
1 кастрычніка 2021

Галоўчанка ўручыў дзяржузнагароды работнікам сістэмы адукацыі

 

30 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ўручыў сёння дзяржаўныя ўзнагароды больш як 50 работнікам сістэмы адукацыі. Урачыстая цырымонія прайшла ў Палацы Рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Раман Галоўчанка павіншаваў гасцей з надыходзячым прафесійным святам - Днём настаўніка. "Гэта свята адзначаюць усе, не толькі настаўнікі, але і школьнікі, іх бацькі, учарашнія выпускнікі. Усе мы некалі былі вучнямі. У кожным з нас ёсць памяць аб любімых настаўніках, аб тых, хто ўкладваў сваю душу, вопыт, талент у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення, хто дзяліўся сваімі ведамі, цеплынёй", - сказаў прэм'ер-міністр.

Паводле яго слоў, беларускія педагогі ва ўсе часы з гонарам выконвалі сваю самую галоўную місію - асвета моладзі. Сваёй мудрасцю, самаадданасцю, цярплівасцю і пастаянным творчым пошукам настаўнікі закладваюць асновы станаўлення новых пакаленняў незалежнай Беларусі.

"Сёння асаблівую важнасць набывае работа настаўніка ў выхаванні сапраўдных патрыётаў краіны, фарміраванні ў моладзі пачуцця прыналежнасці да гераічнага мінулага, паважлівага стаўлення да традыцый беларускага народа. Гэта найважнейшая дзяржаўная задача, і ў яе рэалізацыі дзяржава разлічвае і абапіраецца на вашу дапамогу", - падкрэсліў кіраўнік урада.

Прэм'ер-міністр канстатаваў, што педагогі заўсёды знаходзяцца ў цэнтры грамадскага жыцця краіны і з'яўляюцца надзейнай апорай дзяржавы. "Вы даяце сваім выхаванцам веды, прывіваеце высокія маральныя ідэалы, што вельмі не проста ў эпоху сучаснай мас-культуры. Але ідэалы застаюцца заўсёды, на іх выхоўваюцца пакаленні. Я ўпэўнены, што яны захоўваюцца і будуць захоўвацца нязменнымі. Гэтыя ідэалы - гонар і годнасць, дабрыня і справядлівасць, - звярнуў увагу Раман Галоўчанка. - Вы павінны дапамагаць разбірацца вашым вучням у тых складаных працэсах, якія адбываюцца ў свеце і ў грамадстве, развіваць іх асобасныя якасці, здольнасць да творчага мыслення, крытычнага ўспрымання любой інфармацыі, вучыць знаходзіць выйсце з самых складаных жыццёвых сітуацый. Таксама трэба вучыць нашых хлопцаў, дзяўчат уменню прымаць рашэнні, браць на сябе адказнасць і аналізаваць свае ўчынкі. Бо перад імі адкрываецца велізарны свет, і тое, якімі яны ўвойдуць у яго, безумоўна, залежыць ад двух стаўпоў выхавання - гэта сям'я і настаўнікі. Таму грамадства, вызначыўшы адукацыю адным з прыярытэтаў развіцця нашай дзяржавы, давярае вам, настаўнікам, будучыню дзяцей. А гэта аснова любой дзяржавы".

Са свайго боку дзяржава прадаўжае надаваць вялікую ўвагу падтрымцы і развіццю сістэмы адукацыі, умацаванню яе матэрыяльна-тэхнічнай базы. "Аб'ёмы фінансавання адукацыйнай сферы Беларусі сувымерныя з дзяржаўнымі расходамі на адукацыю ў большасці развітых краін свету і складаюць больш як Br8 млрд у год. Гэта больш за 5 працэнтаў ад ВУП краіны. Асаблівая ўвага надаецца аснашчэнню ўстаноў адукацыі сучасным абсталяваннем. За кошт рэспубліканскага бюджэту ў апошнія гады ў школы, гімназіі, ліцэі пастаўлена абсталяванне для паўтары тысячы кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі. Закуплена каля 8 тыс. персанальных камп'ютараў і мультыбордаў. Праводзіцца пастаянная работа па абнаўленні сеткі ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. Толькі з пачатку 2021 года ўведзена ў эксплуатацыю пяць дзіцячых садоў і сем новых школ. Гэта даволі дарагія інфраструктурныя аб'екты, але дзяржава разумее важнасць стварэння сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай вучэбнай базы школ", - расказаў ён.

Раман Галоўчанка адзначыў, што гэтыя і многія іншыя рэалізуемыя дзяржавай меры забяспечваюць стабільную дзейнасць устаноў адукацыі і сацыяльную абарону як навучэнцаў, так і работнікаў сферы адукацыі. "Сістэма адукацыі ў Беларусі сёння - гэта больш як 7 тыс. устаноў, у якіх навучаюцца больш за 2 млн чалавек і працуюць больш за 400 тыс. педагогаў, вялікіх прафесіяналаў сваёй справы. Таму ў вашай асобе хачу падзякаваць усёй педагагічнай супольнасці і ад усёй душы пажадаць усім моцнага здароўя, натхнення і дабрабыту. Няхай вас заўсёды сагравае і дае новыя сілы чалавечая ўдзячнасць за вашу нялёгкую, але вельмі высакародную працу. Упэўнены, што ўсе вашы выпускнікі, выйшаўшы ў дарослае жыццё, разляцеўшыся па краіне, а сёй-той і па свеце, на працягу ўсяго жыцця пранясуць з сабой імёны і памяць аб сваіх любімых настаўніках, тых, хто даў ім, як казалі раней, пуцёўку ў жыццё. Гэта фраза, на мой погляд, актуальная і сёння. Ад імя ўрада Беларусі прыміце віншаванні з надыходзячым святам. Мне вельмі прыемна выканаць сёння ганаровую місію і па даручэнні кіраўніка дзяржавы ўручыць вам, лепшым прадстаўнікам сваёй прафесіі, дзяржаўныя ўзнагароды", - падагульніў прэм'ер-міністр.

Усе навіны