Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211587, г. Дуброўна, вул. Камсамольская, 18

Тэлефон прыёмнай:
8 (02137) 5-45-01

Факс:
8 (02137) 5-45-25

E-mail: 
dubrovno_rik@vitobl.by

Галоўная / Навіны / Навіны Рэспублікі
18 снежня 2019

Біяметрычныя пашпарты ў Беларусі могуць увесці ў 2021 годзе

Укараненне ў Беларусі біяметрычных дакументаў можа адбыцца ў 2021 годзе. Аб гэтым у інтэрв'ю газеце МУС "На страже" паведаміў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун, паведамляе БЕЛТА.

Дэпартамент у бягучым годзе сумесна з упраўленнямі па грамадзянстве і міграцыі прадаўжаў падрыхтоўку да ўкаранення біяметрычных тэхналогій у нацыянальныя дакументы. "Многае зроблена па ўдасканаленні заканадаўства і падрыхтоўцы праекта ўказа аб ID-картцы і біяметрычным пашпарце. Прадоўжылася супрацоўніцтва з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі, каб агульнымі намаганнямі зрабіць ідэнтыфікацыйную картку паўнацэнным дакументам, які засведчвае асобу", - праінфармаваў Аляксей Бягун.

Для ўкаранення такіх дакументаў спатрэбілася больш часу, чым планавалася. Распрацоўшчыку яшчэ неабходна адладзіць механізмы, звязаныя з лічбавым подпісам, доступам да дырэкторыі адкрытых ключоў Міжнароднай асацыяцыі авіяперавозчыкаў. "Запуск кампаніі, які планаваўся на 1 студзеня 2020-га, пераносіцца на год, - расказаў Аляксей Бягун. - За гэты час завершым падрыхтоўку памяшканняў у тэрытарыяльных падраздзяленнях, установім там найноўшыя апаратна-праграмныя комплексы, пратэсціруем іх і навучым супрацоўнікаў. Адладзім работу па зборы, накіраванні, персаналізацыі і выдачы дакументаў новага ўзору".

Як паведамлялася, ID-картка заменіць некаторыя функцыі сённяшняга пашпарта і будзе адзіным дакументам, які засведчвае асобу. Новы біяметрычны пашпарт будзе дакументам для выезду за мяжу. Таксама новымі біяметрычнымі дакументамі будзе заменена ўся лінейка дакументаў, якія дзейнічаюць у Беларусі. Гэта службовы і дыпламатычны пашпарты, праязны дакумент бежанца і праязны дакумент асобы без грамадзянства. ID-карткі будуць выдавацца, акрамя грамадзян Беларусі, іншаземцам і асобам без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у краіне.

Пашпарт і ID-картка будуць выдавацца ў абавязковым парадку з 14 гадоў. Але картка можа выдавацца і па жаданні законных прадстаўнікоў непаўналетняга дзіцяці з моманту яго нараджэння. Таксама ў ID-карткі будзе прывязка да рэгістрацыі, у пашпарце ж яна будзе адсутнічаць. Гэта значыць, штампаў аб прапісцы ў пашпартах больш не будзе, у электронным выглядзе такія даныя будуць размяшчацца на картцы. І ніякіх адзнак, акрамя віз, у новых пашпартах не прадугледжана.

Кошт ID-карткі складзе адну базавую велічыню. Пашпарт будзе каштаваць тры базавыя. Працэдура атрымання біяметрычнага пашпарта будзе неабавязковай, грамадзяне змогуць выкарыстоўваць стары дакумент разам з ID-карткай. У электронным чыпе новага пашпарта будуць прысутнічаць персанальныя даныя грамадзяніна. У прыватнасці, фатаграфія, электронны подпіс i адпячаткі пальцаў. Гэта робіцца для таго, каб аблегчыць праходжанне адпаведных відаў кантролю на граніцы, спрасціць пэўныя механізмы атрымання віз і павялічыць ступень абароны пашпарта грамадзяніна Беларусі.

Усе навіны