28 ліпеня 2021
Беларусі і Расіі неабходна развіваць супрацоўніцтва ў сферы ІТ - Лук'янаў
Беларусі і Расіі неабходна
развіваць супрацоўніцтва ў сферы ІТ і аб'ядноўваць намаганні. На гэтым акцэнтаваў
увагу Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Яўген
Лук'янаў, адказваючы на пытанні журналістаў пасля сустрэчы са старшынёй Гомельскага
аблвыканкама Генадзем Салаўём, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Бакі адзначылі трывалыя
сувязі і кантакты паміж Расіяй і Беларуссю. "Гэта кантакты як на ўзроўні асобных
прадпрыемстваў, так і паміж рэгіёнамі. На мой погляд, самая эфектыўная работа
будуецца на адной гарызанталі, калі партнёры супрацоўнічаюць у адной галіне, у
адной плоскасці. У іх ёсць агульныя інтарэсы і праблемы. І калі яны сумесна
шукаюць рашэнне гэтых праблем, у іх атрымліваецца лепш", - адзначыў Яўген
Лук'янаў.
Надзвычайны і
Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь назваў тры асноўныя
вектары, па якіх ідзе цеснае ўзаемадзеянне расійскіх і беларускіх партнёраў.
Плённае супрацоўніцтва наладжана ў сферы машынабудавання, малочнай вытворчасці
і сельскагаспадарчай галіны. "Найбольш перспектыўны напрамак у сучасным
свеце - супрацоўніцтва ў сферы высокіх тэхналогій. Гэта тое, што неабходна
развіваць і ў Расіі, і ў Беларусі. І аб'ядноўваць гэтыя намаганні", -
акцэнтаваў увагу ён.
На думку пасла,
паняцце "прыгранічнае супрацоўніцтва" неабходна разглядаць скрозь
прызму палітычнай карты. "Ёсць дзяржава Беларусь і ёсць дзяржава Расія - і
ўсе кантакты любога суб'екта гэтых дзяржаў прыгранічныя. У гэтым і заключаецца
патэнцыял на рэальны поспех у супрацоўніцтве. Паколькі мэты любой дзяржавы
вельмі простыя - сацыяльна-эканамічны дабрабыт сваіх грамадзян", - падкрэсліў
ён.
Старшыня Гомельскага
аблвыканкама Генадзь Салавей на сустрэчы з Яўгенам Лук'янавым расказаў аб
прамысловым, культурным, гістарычным і адукацыйным патэнцыяле
паўднёва-ўсходняга рэгіёна краіны.
Яўген Лук'янаў плануе
наведаць шэраг прамысловых прадпрыемстваў рэгіёна, уключаючы ААТ
"Гомсельмаш", ААТ "Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод", ТАА
"Міртэк-інжынірынг" і інш.
Тавараабарот паміж
Гомельскай вобласцю і Расійскай Федэрацыяй па выніках студзеня - мая 2021 года
склаў $2467,8 млн (тэмп - 217,7 працэнта), экспарт - $675,6 млн (125,0
працэнта), імпарт - $1792,2 млн (302,4 працэнта).
Удзельная вага
знешняга гандлю з Расіяй у паказчыках Гомельскай вобласці склала: у
тавараабароце - 54,9 працэнта, экспарце - 31,4 працэнта, імпарце - 76,5
працэнта. Першыя пазіцыі па аб'ёме экспартных паставак тавараў займаюць
Маскоўская вобласць (24,5 працэнта), Масква (13,5 працэнта), Санкт-Пецярбург
(8,1 працэнта), Бранская (7,7 працэнта) і Смаленская (4,4 працэнта) вобласці.
Найбольш запатрабаваны ў Расіі беларускія пруткі і дрот з жалеза або
нелегіраванай сталі, малочная прадукцыя, сельскагаспадарчая тэхніка і запасныя
часткі да яе, сінтэтычныя валокны, нятканыя матэрыялы, метызы і інш.
За студзень - сакавік
2021 года аб'ём замежных інвестыцый, якія паступілі з Расійскай Федэрацыі, склаў
$154,3 млн. Удзельная вага ў агульным аб'ёме інвестыцый, якія паступілі ад
замежных інвестараў, - 46 працэнтаў. За 2020 год аб'ём укладанняў ад расійскіх
інвестараў склаў $515,2 млн.
У Гомельскай вобласці
зарэгістравана 361 прадпрыемства з расійскім капіталам, у тым ліку сярод
рэзідэнтаў СЭЗ "Гомель-Ратон" 12 кампаній з удзелам расійскага
капіталу.
Гомельскім
аблвыканкамам заключана 22 двухбаковыя дакументы аб міжрэгіянальным
супрацоўніцтве з расійскімі рэгіёнамі. Саветам дэпутатаў падпісана 9 двухбаковых
дакументаў аб міжрэгіянальным супрацоўніцтве з расійскімі рэгіёнамі. Гэта
Амурская, Бранская, Кіраўская, Курская, Мурманская, Ніжагародская,
Арэнбургская, Самарская, Свярдлоўская вобласці. Паміж
адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі Гомельскай вобласці і Расіі падпісана
78 двухбаковых дакументаў аб супрацоўніцтве.
БелТА
Усе навіны