23 студзеня 2024
Захапіўся блогерствам і піша вершы: як жыве малады хлопец Аляксандр Свірко з Міёрскага раёна?
Аляксандр Свірко з Дзісны не падзяляе меркавання, што ў невялікім гарадку жыць сумна, што моладзі няма дзе бавіць вольны час, рэалізоўваць сябе прафесіянальна і як асобу. І ў вялікім горадзе, кажа, кожны жыве ў сваім асяродку, круціцца, як вавёрка ў коле, бо падпарадкаваны тэмпу гарадскога жыцця, і далёка не кожны мае сілу, а часам, і патрэбу далучацца да культурнага і грамадскага жыцця.
Маладому чалавеку з правінцыі для адаптацыі патрэбен час. Гэта перажыў сам, калі прыехаў вучыцца ў каледж хоць і з самага маленькага, але ўсё ж горада.
– Не прэтэндую на абсалютную ісціну, – адзначыў хлопец. – Толькі мне і маім сябрам у Дзісне жыць камфортна. Усе маем працу, свае захапленні. Жыццё віруе, толькі паспявай за ім.
Апошнім часам Аляксандр захапіўся блогерствам. Калядныя і навагоднія святы далі столькі тэм для стварэння відэаролікаў, што не паспявае, кажа, манціраваць, падбіраць і накладваць на стужку музыку. Добра, што мае вопыт фатографа, а да яго творчыя задаткі.
А яшчэ малады чалавек піша вершы, кладзе іх на музыку і выступае на сцэне. Раней нават даваў сольнікі, быў адным з лаўрэатаў конкурсу самадзейных артыстаў. Цяпер бярэ ўдзел у патрыятычных мерапрыемствах, асабліва калі яны звязаны з подзвігам савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Свае пачуцці, перажыванні перадае вершаваным радком і знаходзіць водгук у душах слухачоў.
Тэме вайны прысвечаны яго вершы і відэаролікі, створаныя ў моладзевым лагеры на Кургане Дружбы, які працаваў летам мінулага года ў Верхнядзвінскім раёне. Там пазнаёміўся са многімі юнакамі і дзяўчатамі з іншых рэгіёнаў Беларусі і Расіі, быў уражаны іх баявітасцю ў захаванні гістарычнай праўды, а да гэтага ў больш вопытных з іх павучыўся яшчэ тонкасцям відэаздымкаў.
– Калі шчыра, у мяне лепш атрымліваюцца ролікі пра прыроду, – расказаў Аляксандр. – Дзісна знаходзіцца ў такіх прыгожых мясцінах, што хочацца адлюстраваць і захаваць тыя краявіды, імгненні ўсходу і заходу сонца, неба ў воблаках, імклівасць цячэння вады падчас паводкі. Але такія ролікі гледачоў набіраюць нямнога. Шкада. Больш цікавяць, напрыклад, здымкі, зробленыя падчас рыбалкі, збору ягад.
Так, Аляксандр Свірко са сваім цёзкам, таксама дзісенчуком, – заядлыя рыбаловы і зборшчыкі ягад, лічаць гэтыя заняткі не толькі прыемным захапленнем, але і добрым прыработкам да заработнай платы. Юнак працуе выратавальнікам на пасту ў Язне. Прафесію выбіраў асэнсавана, работу любіць, нягледзячы на яе рызыкоўнасць. Заработак мае неблагі. Але, лічыць, калі хочаш жыць лепш, не ляжы на канапе. Адпраўляйся ў лес, на балота, збірай чарніцы і журавіны, попыт на якія заўсёды вялікі.
– Прыработак гэты не такі лёгкі, як можа каму здавацца. Да балота можна даехаць, а далей яшчэ паўтары гадзіны ідзеш да ягадніку, палову часу – як заяц, каб не паваліцца ў багну, скачаш з купіны на купіну. Пакуль «пусты» – паўсправы, а назад з грузам на плячах вагой больш за 30 кг. Вось і ўявіце «лёгкасць» заробку ягаднікаў, – падзяліўся Аляксандр. – Акрамя журавін з балотаў Мох і Жада (Ельня сёлета было сухое і небагатае на журавіны), вынес і некалькі ролікаў пра «ягадны бізнес». Сабраў да 30 тысяч праглядаў.
Ролікі Аляксандра Свірко заўважылі спецыялісты і прапанавалі маладому чалавеку паўдзельнічаць у рэспубліканскім конкурсе «Прэс-код», адна з мэт якога – дапамагчы прафесіянальнаму станаўленню маладых журналістаў і выяўленню таленавітай моладзі. Хлопец рашыўся на такі крок і на абласным этапе ў сваёй намінацыі «Лепшы відэаблог» быў адзначаны дыпломам першай ступені і атрымаў права ўдзельнічаць у заключным. Вынік не проста парадаваў, а прынёс і ўпэўненасць, што робіць карысную справу – прапагандуе родны край, расказвае пра розныя бакі свайго жыцця і жыцця іншых землякоў, пра падзеі. Адным словам, сваім хобі адкрывае свет іншым, падказвае, дзе можна адпачыць, чым заняцца і як стаць вядомым, жывучы ў глыбінцы.
– Буду здымаць часцей, магчыма, на іншыя тэмы, – падзяліўся планамі Аляксандр. – З сябрам пачалі ствараць кліпы на мае песні. Мяркуючы па лайках і каментарыях, аўдыторыі яны падабаюцца. Магчыма, і ў гэтым накірунку творчасці змагу рэалізаваць сябе. Сваім аднагодкам магу сказаць толькі так: «Смялей спрабуйце сябе, не палохайцеся, калі не ўсё ўдаецца адразу. Усяму свой час».
Усе навіны