Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211587, г. Дуброўна, вул. Камсамольская, 18

Тэлефон прыёмнай:
8 (02137) 5-45-01

Факс:
8 (02137) 5-45-25

E-mail: 
dubrovno_rik@vitobl.by

Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна
21 сакавіка 2024

У Віцебску адкрылася экспазіцыя "Тысячагадовая спадчына" ў дзіцячай школе мастацтваў № 3 "Маладзік"

Адчуць атмасферу старажытнага Віцебска, акунуцца ў свет яго загадак дазваляе экспазіцыя "Тысячагадовая спадчына" ў дзіцячай школе мастацтваў № 3 "Маладзік".

Выстаўка, якую можна ўбачыць да 29 сакавіка, уключае работы віцебскага мастака-педагога Ігара Дурава (на фота справа) з серыі "Віцебскія замкі", фотакопіі партрэтаў вядомых дзеячаў гісторыі (арыгіналы знаходзяцца ў залах "Духаўскага кругліка"), а таксама творы вучняў майстра у розных тэхніках друкаванай графікі і жывапісу. Выявы суправаджаюцца інфармацыйным блокам і фатаграфіямі сучаснага абласнога цэнтра. Адмысловае месца займаюць максімальна дакладныя рэканструкцыі архітэктурных помнікаў і гістарычных падзей з XII па XVIII стагоддзе.

- Мэта праекта - паказаць неверагоднае багацце, разнастайнасць і унікальнасць культурнай прасторы Віцебшчыны, азнаёміць яе жыхароў і гасцей з помнікамі архітэктуры розных эпох і яркімі асобамі, - адзначыў Ігар Дураў. – Калекцыя ўвесь час папаўняецца новымі творчымі працамі, таму што гісторыя горада выклікае жывую цікавасць у рабят.

Па словах дэкана мастацка-графічнага факультэта ВДУ ім. П. Машэрава Алены Сакаловай, за кожным экспанатам стаіць сапраўднае навуковае даследаванне. Захоплены гісторыяй настаўнік запаліў сэрцы юных мастакоў сваёй ідэяй і кожнаму дапамог узнавіць свой кавалачак старажытнага Віцебска.

На адкрыцці выставы былі вучні Ігара Дурава, работы якіх увайшлі ў экспазіцыю. Нехта з гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак ужо скончыў школу мастацтваў, аднак вяртаецца сюды па натхненне і падтрымку.

– У сярэдзіне XIV стагоддзя пры князі Альгердзе ў Віцебску была пабудавана царква Святога Духа. Мяне зацікавіў гэты гістарычны аб'ект, і я адлюстравала яго ў тэхніцы "друкаваная графіка", - распавяла выпускніца школы мастацтваў Арына Ільіна. - Гэты дыпломны праект я выконвала пад кіраўніцтвам Ігара Валер'евіча. Дзякуючы гэтаму педагогу гісторыя роднага горада займае асаблівае месца ў маім сэрцы і непарыўна звязана з мастацтвам.

Усе навіны