Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211587, г. Дуброўна, вул. Камсамольская, 18

Тэлефон прыёмнай:
8 (02137) 5-45-01

Факс:
8 (02137) 5-45-25

E-mail: 
dubrovno_rik@vitobl.by

Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна
31 ліпеня 2024

Старшакласніца Гаранскай школы Карына Галай працуе з бацькам на камбайне

Летнія кані­кулы старшакласніца Гаранскай СШ Карына Галай запомніць на ўсё жыццё: бацька дазволіў ёй працаваць разам з ім на камбайне, займацца ўборкай зерневых культур.


Дачка з дзяцінства цікавіцца тэхнікай, нібы хлапчук, — расказаў Аляксандр Уладзіміравіч. — Змалку яна была маім «хвосцікам». Зараз пасталела, адчула, што мае сілу і жаданне працаваць нібы дарослая…

Карына старанна рыхтавала камбайн да выезду ў поле. Наводзіла парадак у кабіне, мыла шыбы.

— Люблю катацца на камбайне, назіраць, як ідзе жніво. Зараз зерневыя саспелі, палі сапраўды залатыя! — падзялілася думкамі дзяўчына.

Хоць да працы яна і здатная, але прыродная дзявочая сціпласць прысутнічае. Нашай размовы яна крыху саромелася.

Школьніцу не пужае, што ёй трэба ўстаць на досвітку, каб ехаць на працу. Яна адчувае сябе дарослай і адказнай. Задаволена, што вабіць час з карысцю. Яе аднакласнікі — 6 юнакоў і 5 дзяўчат — нават і не здагадваюцца, што Карына — удзельніца ўборачнай кампаніі, зарабляе свае ўласныя грошы. На пытанне, які школьны прадмет у яе самы любімы, маладая памочніца камбайнера адказала: «Беларуская мова». А наконт выбару будучай прафесіі распавяла, што плануе стаць поварам ці афіцыянтам.

Бацька ганарыцца працавітай дачкой. Сам ён — хлебароб з вялікім стажам, з 2011 года ўдзельнічае ва ўборачных кампаніях. Прозвішча Галай у іх гаспадарцы распаўсюджанае. Акрамя Аляксандра Галая ў ААТ «Новыя Гараны» працуюць: механізатарам — яго брат Ігар, а жонка Наталля і дачка Вікторыя — жывёлаводамі. «Мая маці Клеапатра Ануфрыеўна Галай даглядала ў калгасе цялят. Мы з братам прыхо­дзілі на ферму ёй дапамагаць. З дзяцінства вырашылі, што будзем працаваць у сельскай гаспадарцы, на роднай зямлі», — расказаў хлебароб.

На працу Карына прыяз­джае на новенькім электрасамакаце. Дзяўчына разумее, што гэта не танная цацка, таму вырашыла зара­біць грошай, каб часткова кампенса­ваць бацьку кошт першага ў яе жыцці ўласнага транспарту.

Усе навіны