Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211587, г. Дуброўна, вул. Камсамольская, 18

Тэлефон прыёмнай:
8 (02137) 5-45-01

Факс:
8 (02137) 5-45-25

E-mail: 
dubrovno_rik@vitobl.by

Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна
21 чэрвеня 2024

Піша іконы і малюе на сценах дамоў: гісторыя сацработніка з Верхнядзвінска Лады Марозавай

Сацработнік з Верхнядзвінска піша іконы і малюе на сценах дамоў. Так, на вуліцы Савецкай на адным з будынкаў Лада Марозава намалявала старую карту краю і герб горада. Адметна тое, што жанчына не з’яўляецца ўраджэнкай гэтых месцаў. Калісьці карэнная ленінградка прыехала за мужам у самую паўночную кропку Беларусі і не проста прыжылася на новым месцы, а палюбіла яго ўсёй душой.

– Па мацярынскай лініі маю карані ў Беларусі. У вайну дзядуля ваяваў тут, быў камандзірам партызанскага атрада імя Хмяльніцкага, – казала Лада Марозава. – Я чалавек прыроды, і на Верхнядзвіншчыне мне спадабалася ўсё: рака, азёры і лясы, невялікі ўтульны гарадок. Тут, дарэчы, праявіліся і творчыя здольнасці, якія змагла рэалізаваць.

Настаўніца пачатковых класаў пакрыху, як сама лічыць, умела шыць і вышываць, ляпіць і маляваць. Пераканана, што без такіх навыкаў цяжка развіваць дзятву, выклікаць у яе творчыя памкненні. Акрамя ўрокаў у Бароўскай школе вяла гурткі. Калі ўзнікла патрэба абнавіць фае,  ёй прапанавалі распісаць сцены. Атрымалася. Яны і сёння ўпрыгожваюць інтэр’ер навучальнай установы.


А настаўніца стала развіваць свае сілы ў мастацтве: пісала пейзажы, мініяцюры і самастойна спасцігала сакрэты мастацтва. Па Верхнядзвіншчыне паляцеў пагалосак пра яе роспісы. Разам з ім з’явіліся і заказы. Першымі завіталі дарожнікі з просьбай распісаць аўтобусныя прыпынкі. Сур’ёзным праектам стаў роспіс адной са сцен на цэнтральнай вуліцы. Каб малюнак упісаўся ў агульную канцэпцыю выгляду горада, вырашыла, што ён павінен адлюстроўваць яго пэўны гістарычны этап. За аснову ўзяла старажытную карту і герб горада. Зрабіць дакладную копію іх Ладзе Марозавай дапамагала старэйшая дачка Алена.

Дарэчы, Лада – шматдзетная маці, ужо выгадавала траіх дзяцей. Дочкам перадаліся яе творчыя здольнасці. Старэйшая скончыла мастацка-графічны факультэт ВДУ імя П. Машэрава, жыве і працуе ў Полацку, пастаянная ўдзельніца мастацкіх пленэраў.

Праз некоторы час жанчына змяніла сферу дзейнасці. Апошнія дзевяць гадоў дапамагае адаптавацца ў грамадстве наведвальнікам ТЦСАНа. Жывапісу не кідае. Праўда, цяпер ён больш глыбокі. Лада піша абразы. Вера прыйшла да яе нечакана. У Дзісне падчас вялікага фэсту ўзнікшыя пачуцці, падкрэслівае жанчына, выклікалі натхненне напісаць некалькі абразоў святых. Іх ўбачыў верхнядзвінскі святар і папрасіў напісаць іконы для мясцовай царквы.

Фота аўтара і з асабістага архіва Лады МАРОЗАВАЙ.

Усе навіны