Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211587, г. Дуброўна, вул. Камсамольская, 18

Тэлефон прыёмнай:
8 (02137) 5-45-01

Факс:
8 (02137) 5-45-25

E-mail: 
dubrovno_rik@vitobl.by

Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна
9 кастрычніка 2024

Музей Дзісненскай сярэдняй школы папоўніўся дакументамі, якія тычацца вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Музей Дзісненскай сярэдняй школы Міёрскага раёна папоўніўся новымі каштоўнымі экспанатамі — дакументамі, якія тычацца вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


Рэчы прывёз і падарыў навучальнай установе ўнук пахаванага ў брацкай магіле палітработніка і стралка Аміра Салімавіча Вільданава. На сустрэчы з педагогамі і вучнямі Каміл Вільданаў з Казані расказаў пра баявы шлях дзядулі, пра тое, як на яго малой радзіме шануюць тых, хто набліжаў Вялікую Перамогу.

– Ведаць і памятаць гісторыю краіны – наш абавязак, – падкрэсліла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Красоўская. – Сустрэчы з нашчадкамі абаронцаў Айчыны дазваляюць маладым людзям усвядоміць важнасць выхавання грамадзянскай сталасці і патрыятызму, на якіх трымаюцца дзяржаўнасць і суверэнітэт. Пацвярджэнне таму – баявы шлях Аміра Вільданава.

Ён нарадзіўся ў 1911 годзе ў вёсцы Стары Каразерык Ютазінскага раёна Татарскай АССР. Працаваў сельскім настаўнікам. У Чырвоную армію прызваны ў 1941 годзе. Быў тэлефаністам, потым слухачом курсаў малодшых палітрукоў і перападрыхтоўкі старшага палітсаставу, намеснікам камандзіра роты аўтаматчыкаў і намеснікам камандзіра батальёна па палітычнай частцы 1-га стралковага батальёна 510-й стралковай часці 154-й стралковай дывізіі. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і ордэнам Айчыннай вайны І ступені.

Ва ўзнагародным лісце 1943 года ўказана: «Старшы лейтэнант Вільданаў, працуючы намеснікам камандзіра 1-га стралковага батальёна па палітчастцы, паказаў сябе мужным афіцэрам і ўмелым выхавацелем. У жнівеньска-лістападаўскіх баях праводзіў вялікую выхаваўчую работу сярод асабовага саставу батальёна, чым забяспечыў высокі наступальны парыў. У начным баі за вёску Ісачкава асабістым прыкладам натхніў байцоў, чым забяспечыў заняцце вёскі без страт».

Пра апошнія дні афіцэра становіцца вядома з іншага ўзнагароднага ліста, дзе гаворыцца, што Амір Вільданаў 4 ліпеня 1944 года правёў вялікую выхаваўчую  і мабілізуючую работу сярод асабовага саставу батальёна. У баях за Дзісну чырвонаармейцы праявілі прыклады мужнасці і гераізму, пры невялікіх стратах авалодалі горадам. Амір Вільданаў загінуў у гэтых баях. Імя афіцэра ўвекавечана на пліце брацкай магілы ў Дзісне.

 Фота дадзена Дзісненскай СШ.

Усе навіны