25 сакавіка 2024
Як наладжана гідраметэаралагічная служба Віцебскай вобласці распавялі ў «Віцебскаблгідрамет»
Гідраметэаралагічная служба Беларусі адзначае 100-годдзе. Свой уклад у яе развіццё ўносяць і супрацоўнікі філіяла "Віцебскаблгідрамет".
Падвышаючы якасць
Няма такой галіны эканомікі, якая не адчувае ўплыву гідраметэаралагічных фактараў. Таму попыт на інфармацыю метэаролагаў вельмі вялікі. У ёй маюць патрэбу дзяржорганы, сельгаспрадпрыемствы, прадпрыемствы сфер ЖКГ, транспарту, паліўна-энергетычнага комплексу, будаўнічай, сувязі.
За апошнія гады на метэастанцыях вобласці ўстаноўлены аўтаматызаваныя метэаралагічныя сістэмы, дзякуючы якім можна бесперапынна вымяраць асноўныя метэахарактарыстыкі і кожныя 10 хвілін перадаваць даныя сіноптыкам Белгідрамета.
- Гэта дазваляе ў анлайн-рэжыме адсочваць змены надвор'я і аператыўна папярэджваць прадпрыемствы і арганізацыі, насельніцтва вобласці аб небяспечных і неспрыяльных з'явах надвор'я. Дадаткова ўстаноўлены аўтаматычныя метэаралагічныя сістэмы па-за пастаяннымі пунктамі назіранняў (напрыклад, у г. п. Расоны), іх звесткі даюць магчымасць пры неабходнасці прыняць прэвентыўныя меры і зменшыць урон ад уздзеяння прыроднай стыхіі, - растлумачыла начальнік аддзела забеспячэння спажыўцоў гідраметэаралагічнай інфармацыяй Наталля Байдук.
Шквалы, ліўні і іншыя падобныя з'явы працягваюцца ад адной да дзясяткаў хвілін, але шкоду могуць нанесці немалы, таму запатрабаваны кароткатэрміновыя і звышкароткатэрміновыя прагнозы. Беларускія метэаролагі прарабілі вялікую работу для паляпшэння іх якасці. Сёння сярэдняя апраўдвальнасць прагнозаў надвор'я на наступныя 1 - 3 сутак па абласцях складае 96 - 98%, папярэджанняў аб неспрыяльных гідраметэаралагічных з'явах - 96%, аб небяспечных гідраметэаралагічных з'явах - каля 100%.
Віцебская метэастанцыя ўваходзіць у гідраметэаралагічную сетку Беларусі. Белгідрамет, у сваю чаргу, з'яўляецца часткай сусветнай наглядальнай сеткі. Беларускія метэаролагі актыўна супрацоўнічаюць з Расгідраметам - Гідраметцэнтрам Расіі, НВА "Тайфун", НПЦ "Планета" і іншымі арганізацыямі. Як вынік - сумесна распрацаваныя методыкі, кліматычныя даведнікі, рэкамендацыі, якія паспяхова ўкараняюцца ў аператыўную працу службаў.
Дапамагаюць рэкі
Рэкі Віцебшчыны заўсёды выкарыстоўваліся ў гандлёвых і ваенна-абарончых мэтах, яшчэ ў летапісах адзначаліся даныя аб ледаставе, выкрыцці водных аб'ектаў, іх стане ў перыяды разліваў і паводак, засух і межені. Першыя назіранні праводзіліся з канца XVIII у.
У ХІХ ст. на рэках усталёўвалі адмысловыя слупы, на якія наносілі пазнакі вясновых паводак і летніх меженяў, на прыстанях суднаходных рэк размяшчалі вадамерныя пасты - палі з рэйкамі, абароненымі ледарэзамі. Калі ў 1870-х у сувязі з ростам параходнага суднаходства пачалося планамернае даследаванне рэк, адбылося станаўленне гідралогіі як навукі. На Заходняй Дзвіне ў Віцебску, Суражы, Уле, Оршы адкрыліся гідралагічныя пасты. Назіранні на тэрыторыі Віцебшчыны спыняліся толькі на перыяд войн.
На гідралагічных пастах "Віцебскаблгідрамета" вядзецца назіранне за рэжымам водных аб'ектаў - узроўнем вады, яе расходам, тэмпературай, лядовымі з'явамі - для таго, каб спрагназаваць верагоднасць узнікнення небяспечных гідралагічных з'яў.
Пацяплее глабальна
Па дадзеных гідраметэаралагічных назіранняў, у Беларусі за апошнія больш за 30 гадоў (1991 – 2023 гг.) сярэднегадавая тэмпература паветра павялічылася на 1,5 oС. Змяненне клімату прыводзіць не толькі да павелічэння колькасці засушлівых з'яў, але і да росту экстрэмальнасці такіх неспрыяльных з'яў, як замаразкі, моцны вецер, шквалы і віхраслупы, ліўні, моцныя снегапады, надзвычайная пажарная небяспека, якія наносяць шкоду эканоміцы краіны і здароўю насельніцтва. Акрамя таго, гэта прыводзіць да змены працягласці сезонаў года.
- За 1989 - 2021 гг. працягласць кліматычнай зімы скарацілася ў сярэднім па краіне на 5 - 8 дзён, летні сезон стаў даўжэйшы на 3 - 7 дзён, - адзначыла Наталля Байдук. - У будучыні працягнецца рост сярэднегадовай тэмпературы паветра, павялічыцца колькасць дзён з максімальнай тэмпературай паветра 25 oС і вышэй, летні сезон будзе яшчэ даўжэць, зімовы - скарачацца.
Інтэграцыя эпідэміялагічнай і кліматычнай інфармацыі дапамагае зразумець адчувальныя да змены клімату захворванні і змагацца з імі. Своечасовыя папярэджанні даюць людзям магчымасць падрыхтавацца да экстрэмальных з'яў надвор'я і абмежаваць іх негатыўнае ўздзеянне. На думку метэаролагаў, наступствы змянення клімату могуць быць непрадказальнымі, калі не пачаць дзейнічаць зараз.
Фота Таццяна САЛАЎЁВА
Усе навіны