Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211587, г. Дуброўна, вул. Камсамольская, 18

Тэлефон прыёмнай:
8 (02137) 5-45-01

Факс:
8 (02137) 5-45-25

E-mail: 
dubrovno_rik@vitobl.by

Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна
10 мая 2024

Гарпасёлак Варапаева Пастаўскага раёна ўключаны ў дзяржпраграму добраўпарадкавання малых гарадоў.

Жыхары Варапаева Пастаўскага раёна атрымалі ад дзяржавы доўгачаканы падарунак - населены пункт уключаны ў праграму добраўпарадкавання малых гарадоў.

- Работы ўжо пачаты, - падкрэсліў намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкама Павел Станюш . - Ёсць план, каштарысы па кожным аб'екце, многія вызначыліся з падрадчыкамі. У ліку першых, хто прыйшоў у Варапаева, - дарожнікі. Ужо ідзе кладка вадасцёкавай трубы на ўездзе ў гарпасёлак з боку Гуты, дзе дарожнае палатно стала правальвацца. Работнікі ДРБУ-132 на цэнтральных вуліцах пачалі рамонт і ўкладку асфальту, услед пойдзе ўкладка тратуараў. Толькі да школы іх запланавана пракласці каля 400 метраў, уладкаваць веласіпедную дарожку. З раённага і абласнога бюджэтаў на мерапрыемствы па добраўпарадкаванні выдзелена 2400000 рублёў.

- Агульная сума ўкладанняў будзе значна больш, - удакладніла старшыня Варапаеўскага сельвыканкама Іна Касарэўская. - Рамонт, абнаўленне фасадаў, добраўпарадкаванне прылеглых тэрыторый прадугледжваюць ведамствы, чые арганізацыі і ўстановы працуюць у гарпасёлку. Гэта датычыцца прадпрыемстваў паштовай і электрычнай сувязі, райбальніцы, гандлёвых сетак, чыгункі. Аб добраўпарадкаванні сваіх тэрыторый клапоцяцца індывідуальныя прадпрымальнікі. Таццяна Ляшковіч, напрыклад, за свае сродкі збіраецца зрабіць асфальтавыя дарожкі да сваёй кавярні. Ёсць і іншыя заяўкі.

У агульную працу ўключаюцца і мясцовыя жыхары, а іх у Варапаева больш за 2,5 тысячы. Многія гаспадары домаўладанняў добраўпарадкоўваюць свае ўчасткі - высаджваюць дэкаратыўныя кусты, разбіваюць клумбы. Дзе і што трэба паправіць, падказвае працоўная камісія сельвыканкама. Яе члены прайшлі па ўсіх вуліцах, вызначылі, якія платы і гаспадарчыя пабудовы патрабуюць рамонту, а што трэба знесці. Большасць вяскоўцаў з разуменнем паставілася да рэкамендацый.

Дзіцячыя ўстановы ў праграме добраўпарадкавання сярод прыярытэтных аб'ектаў. У школе ўжо замянілі вокны, у дзіцячым садзе - вокны, уваходны блок, пафарбаваны фасад. Прадугледжаны рамонт музычнай школы.

Змены чакаюцца ў гарадскім парку - месцы правядзення масавых мерапрыемстваў. Перамесціцца ў іншае месца танцавальная пляцоўка, з'явяцца новыя лаўкі, альтанкі.

Планаў і чаканняў шмат. Трэба спяшацца з іх рэалізацыяй. Пра гэта і клапоцяцца раённы і сельскі выканкамы, многія працоўныя калектывы.

Усе навіны