Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211587, г. Дуброўна, вул. Камсамольская, 18

Тэлефон прыёмнай:
8 (02137) 5-45-01

Факс:
8 (02137) 5-45-25

E-mail: 
dubrovno_rik@vitobl.by

Галоўная / Навіны / Навіны раёна
1 сакавіка 2023

У песнях — душа народа

У кожнага чалавека ёсць свой родны куточак, дзе ён нарадзiўся i вырас. Ёсць земля, якая яго ўскармiла, ёсць калодзеж, вада з якога найсмачнейшая ў свеце. А яшчэ ёсць родная мова.

21 лютага адзначаўся Мiжнародны дзень роднай мовы. Гэта свята — яшчэ адна магчымасць праявіць сваю любоў да роднай беларускай мовы, якая адлюстроўвае нацыянальную культуру і традыцыі нацыі, якiя варта ахоўваць.

Беларускi народ мае багатую спадчыну: казкi, легенды, песнi, танцы. Нездарма кажуць, што без песнi няма народа. Яна ўяўляе сабой люстэрка жыцця, унiверсальную мову мастацтва, якая звязвае мiнулае, сучаснае i будучае, увасабляе свет чалавечай душы, спадзяваннi і пачуццi людзей. Менавіта таму ў гэты дзень у Ерамееўшчыне прайшоў фестываль беларускай песнi «З крынiц спрадвечных».

Гасцей фестывалю сустракала кніжная выстава «Сэрцам роднага слова краніся», якую падрыхтавалі работнікі Ерамееўскай сельскай бібліятэкі. На ёй былi прадстаўлены кнігі па гісторыі беларускай мовы, выданні з сучаснымі правіламі па арфагра­фіі і пунктуацыі, разнастайныя слоўнікі, кнігі мастацкай літаратуры. На выставе таксама знаходзiлася інфармацыя аб Законе «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», які быў прыняты ў 1990 го­дзе: пасля яго апублiкавання актыўна распачалося выдавецтва тэрмiналагiчных слоў­нiкаў па розных галiнах навукi, вытворчасцi, сельскай гаспадаркi i г.д. Акрамя таго, бiблiятэкары дапоўнілі выставу эмацыянальнымі выказваннямі пра родную мову беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

Вялікую колькасць людзей можна было заўважыць i каля выставы, прадстаўленай раённым Домам рамёстваў. Дубровенскія майстры беражліва вывучаюць і захоўваюць традыцыі, якія дайшлі да нас з далёкага мінулага ад нашых мудрых і таленавітых продкаў. У сваiх работах яны ўмела спалучылі веды традыцыйных тэхнічных прыёмаў стварэння вырабаў з мастацкай фантазіяй, самастойным выбарам тэмы, тэхнікі, матэрыялу. Так, на выставе былi прадстаўлены творы, выкананыя ў розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: ткацтва, саломапляцення, керамікi, вышыўкi, аберагавыя лялькі.

Але ўсё ж галоўнае месца на фальклорным фестывалі занялі песня і танец. Усе песнi, якiя прагучалi на фестывалi, былi на беларускай мове. Свае канцэрт­ныя нумары гледачам дарылі вакальныя группы «Забавушка», «Сударушка» «Сяляначка», «Асарцi», ансамбль народнай песнi «Калiнаўскiя маладзiцы», тэатр песнi «Грамнiцы». Шмат эмоцый у гледачоў выклікалі песнi  Людмiлы Шчарбаковай, Таццяны Сепавай, Аллы Емяльянавай, Iвана Сiнякова, Святланы Ворык, Таццяны Вiнкевiч, Алены Трэбнiкавай. Дзякуючы кожнаму з выканаўцаў, гледачы змаглі адчуць маленькую частку таго багацця, што пакінулі нам нашы продкі, яны акунуліся ў гэты цудоўны свет і адчулі ўсю яго глыбіню.

Падводзячы вынікі фестывалю, загадчыца аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Анастасія Хмарская адзначыла:

— Самай вялікай каштоўнасцю любога народа з'яўляецца тое, што перадаецца з пакалення ў пакаленне. I cёння тут сабраліся ўсе тыя, хто неабыякавы да народнай песні. Любіце і вывучайце сваю традыцыйную культуру, далучайцеся да каштоўнасцяў свайго народа, мудрага і таленавітага.  Няхай у сэрцы кожнага з нас заўсёды захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне народныя традыцыі!

Акрамя таго, Анастасія  Хмарская адзначыла кожнага з удзельнікаў і ўручыла ганаровыя граматы.

Усе ўдзельнікі  фестывалю сышліся ў меркаванні, што такія святы проста неабходны: душэўная цеплыня і радасць ад зносін з народнай песняй цяжка пераацаніць. Таму такія фестывалі павінны жыць і развівацца. 

Усе навіны