Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211587, г. Дуброўна, вул. Камсамольская, 18

Тэлефон прыёмнай:
8 (02137) 5-45-01

Факс:
8 (02137) 5-45-25

E-mail: 
dubrovno_rik@vitobl.by

Галоўная / Навіны / Навіны раёна
15 сакавіка 2024

У КУСГП ім. Чарняхоўскага падвялі вынікі працы за 2023 год

Першая калектыўная гаспадарка на месцы сучаснай Калінаўкі была ўтворана у 1930 годзе. Калгас «Прамень»  аб’яднаў жыхароў вёскі Кабылея (тагачасная назва Калінаўкі)  і бліжэйшых хутароў. Потым было некалькі пераўтварэнняў.  Калгас мяняў межы і назвы. У 1947 годзе вёска Кабылея была пераімянавана ў вёску Калінаўка. У 1950 годзе калгасы «Прамень», «Чырвоны сцяг», «13 кастрычніка», «Перамога» аб’ядналісь у калгас «Чырвоны сцяг» з цэнтрам у вёсцы Калінаўка.

У 1956 годзе  да калгаса  «Чырвоны сцяг» далучыўся калгас «Ударнік». У 1960 годзе калгасы «Чырвоны сцяг» і імя Фрунзе былі аб’яднаны ў саўгас «Зарубскі». Урэшце, 12 студзеня 1964 года з’явіўся першы загад першага дырэктара саўгаса імя Чарняхоўскага Міхаіла Фёдаравіча Рабцава: «З гэтага дня ўступаю на пасаду дырэктара саўгаса імя Чарняхоўскага…»

Саўгас імя Чарняхоўскага быў створаны на аснове разбуйнення двух саўгасаў — «Зарубы» і «Арловічы». Кожны перадаў новай гаспадарцы па адным вытворчым аддзяленні. Цэнтрам зрабілі вёску Калінаўка, але спачатку кантора калгаса размяшчалася ў вёсцы Міхалінава.

З успамінаў першага брыгадзіра саўгаса Станіслава Аксёнавіча Чаканава: «Пачыналі мы ў вельмі складаных умовах. Натуральна, што перадалі нам далёка не новую тэхніку, горшыя кармы, прымітыўныя жывёлагадоўчыя памяшканні. Таму і вынікі ў першы год не радавалі. З гектара сабралі ўсяго па 8,2 цэнтнера збожжа, 2,2 — льновалакна, надой ад каровы склаў 1898 кілаграмаў. Працавалі ад зоркі да зоркі. Не маглі людзі ў тыя гады кінуць незавершаным стог сена, калі бачылі, што можа пайсці дождж. А лён сартавалі як? Кожны снапок адбівалі дошчачкай, каб быў роўны…

У тыя часіны ў саўгасных вёсках было мнагалюдна. На працу ў кожным аддзяленні выходзіла па 100-150 чалавек. А ўсяго ў саўгасе у першыя гады працавала каля 500 чалавек».

І напружаная праца прынесла свае вынікі. Ужо ў 1966 годзе Прэзідыум Вярхоўнага савета СССР за поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці,  узнагародзіў  ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга даярку Анну Якаўлеўну Уласаву і трактарыста Міхаіла Іванавіча Капцерава, а Міхаіла Дзянісавіча Сідарава, брыгадзіра раслінаводаў, — ордэнам Леніна.

 З гэтай пары амаль кожны год  прыносіў працаўнікам саўгаса ўрадавыя ўзнагароды за плённую працу. А яна была сапраўды выніковай і самаадданай. У 1968 годзе на 100 гектараў сельгаспрадуктаў было атрымана 399,6 цэнтнера малака, 41,1 цэнтнер мяса. Надой на фуражную карову склаў 2760 кілаграмаў. У 1969 годзе на 100 гектараў сельгаспрадуктаў было атрымана 401,4 цэнтнера малака, 46,8 цэнтнер мяса. Надой на фуражную карову склаў 2806 кілаграмаў.

Сярод лепшых даярак раёна працаўніцы саўгаса імя Чарняхоўскага. Кураленка Т.С. надаіла 3955 кг. на карову, Мартынава Н.М. — 3753 кг., Кальянава Н.П. — 3647 кг., Власава А.Я. — 3614 кг., Капылова О.П. — 3594 кг., Елісеева Н.Н. — 3589 кг., Шалатоніна Л.С. — 3599 кг.,  Чаканава С.Я. — 3494 кг., Лазарава А. І. — 3478 кг., Бірукова Е.І. — 3360 кг., Сярогіна І.Е. — 3358 кг., Макаёва Н.Н. — 3293 кг, Пісарэнка А.Д. — 3284 кг. Саўгас стаў сапраўднай фабрыкай малака і мяса. На фермах утрымлівалася больш 2 тысяч жывёл. Малако дало чысты прыбытак у 36000 рублёў.

1970. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР за поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці і выканання пяцігадовага плану продажу дзяржаве прадуктаў земляробства і жывёлагадоўлі, ўзнагародзіў ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга дырэктара Міхаіла Фёдаравіча Рабцава і даярку На­дзею Міхайлаўну Мартынаву; ордэнам «Знак Пашаны» трактарыста Васіля Ільіча Паўлава, медалём «За працоўную адзнаку» цялятніцу Вольгу Андрэеўну Грыгор’еву.

1973 год. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР за поспехі дасягнутыя ва ўсесаюзным спаборніцтве і праяўленую працоўную доблесць у выкананні прыватных абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак прадуктаў жывёлагадоўлі ў зімовы перыяд 1972-1973 гадоў ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга ўзнагародзіў даярку Надзею Нікіфараўну Макаёву;  ордэнам «Знак Пашаны» звеннявую Валянціну Васільеўну Міхееву; медалём «За працоўную доблесць»  цялятніцу Ганну Вікенцьеўну і дырэктара Дзмітрыя Пятровіча Белавусава.

За дасягнутыя ў 1976 годзе значныя паказчыкі ў павышэнні ураджаяў, павелічэнні валавых збораў збожжа і паспяховае выкананне планаў продажу зерня дзяржаве Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР прысвоіў званне Героя Сацыялістычнай Справы Міхаілу Іванавічу Капцераву.

Стабільныя вынікі працы атрымліваюць працаўнікі і ў 80-я гады. Сярод лепшых на старонках раённай газеты ўзгадваюцца Вера Міхайлаўна Рашчыкава, брыгадзір, механізатар М.Я.Міхееў, камбайнёр Мікалай Калумбін.

У няпростыя 90-я калектыў узначаліў Мікалай Салдаценка, які адразу вызначыў жывёлагадоўлю рухавіком эканомікі вытворчасці. З таго часу ёй надаецца шмат увагі: корманарыхтоўка, будаўніцтва новых памяшканняў для жывёлы, стварэнне працаздольнага калектыву жывёлаводаў.  Адной з лепшых ферм па вырошчванні буйной рагатай жывёлы ў раёне становяцца фермы Міхалінава і Каз’яны. На адкорме добрыя паказчыкі ў Балабанава А.С. (725 г.), Кураленкі А.У. (719 г.), Калумбіна А.А. (620 г.), Кураленкі Я.М. (619 г.).

 У 2009 годзе на цэнтральнай сядзібе ў в.Калінаўка праведзена мадэрнізацыя памяшканняў цэнтральнай фермы, што дазволілі механізаваць пераважную большасць працэсаў па абслугоўванні жывёлы і аблегчыць працу жывёлаводаў.

На ферме быў устаноўлены малакаправод з электроннымі лічыльнікамі надоенага малака, сістэмы водапаення і гноевыдалення. Замест звычайных кармушак абсталяваны кармавыя сталы, а праёмы ўваходных варот падняты вышэй. Такая перабудова памяшканняў дазволіла механізаваць раздачу сенажу з дапамогай мабільнага кормараздатчыка «Гаспадар».

Шмат зроблена па прывядзенні ў парадак малочнага блока і, у прыватнасці, памяшкання, дзе ўстаноўлены малочны халадзільнік закрытага тыпу і захоўваюцца даільныя апараты. Тут жа зманціравана аўтаматызаваная сістэма для мыцця даільных апаратаў.

З уводам у эксплуатацыю новага кароўніка на цэнтральнай ферме ўдалося адкрыць кантрольны кароўнік па раздоі першацёлак.

Па выніках  работы жывёлаводаў за 2011 год КУСГП імя Чарняхоўскага выйшла на прагнозныя паказчыкі ў развіцці малочнай галіны: гадавы прырост вытворчасці і рэалізацыі малака перавысіў 10%. На карову было надоена 4500 кілаграмаў малака. Лепшым аператарам машыннага даення ў раёне стала Чалпанава І.В., якая надаіла 6422 кілаграмы малака на карову. Добрых паказчыкаў дасягнулі Лушч Т.М. (5350 кг.), Васільева Н.Е. (4593 кг.), Лаўрова І.В. (4536 кг.), Кузьмянкова М.А. (4404 кг.), Маталыгі­на Д.Л. (4306 кг.). Адной з лепшых малочнатаварных ферм стала ферма Калінаўка.

Лепшай фермай па вырошчванні буйной рагатай жывёлы ў раёне стала ферма Міхалінава, дзе сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы склалі 793 грамы. На адкорме добрыя паказчыкі ў Кураленкі А.У. (885 г.), Давідовіч, Т.В. (806 г.), Давідовіч С.М. (780 г.), Шаргаёва Т.А. і Навумава В.Р. (па 753 г.). Сярод лепшых даглядчыкаў па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывелы  Калумбіна Ж.М. (617 г.).

 Новы час паставіў перад працаўнікамі новыя задачы і патрабаванні. Але працаўнікі КУСГП імя Чарняхоўскага працягваюць высока трымаць гонар ардэнаносцаў мінулага стагоддзя. Па выніках 2023 года сельгаспрадрыемства было прызнана пераможцам сярод прадпрыемстваў раёна па комплексу паказчыкаў. Сярод лепшых працаўнікоў прызнаны галоўны інжынер прадпрыемства А.В.Мазгоў, брыгадзір Н.У.Муратава, трактарысты-машыністы С.С. Маталыгін (які апрацаваў 2219 га пасеваў і намалаціў 1758 тон збожжа), А.Б.Сівіцкі (1730 тон), В.В.Мядзведзь (1679 тон), кіроўца В.В.Губскі (перавёз 22391 тону), аператары машыннага даення Г.Л.Аўдзеенка (атрымала 5181 кг. малака на карову), С.А.Галех (5070 кг), Т.М.Світко (4990 кг).

Але, нягледзячы на высокае прызнанне працоўнага ўкладу ў агульны дубровенскі каравай, на справаздачным сходзе, які адбыўся ў канцы лютага, прайшла сур’ёзная размова пра стан вытворчасці на прадпрыемстве.

Галоўны эканаміст прадпрыемства Наталля Сіняўская падрабязна прааналізавала вытворчыя і фінансавыя вынікі 2023 года і вызначыла галоўныя параметры развіцця на 2024 год. Яе слухалі вельмі ўважліва, разумеючы, што кожная лічба — гэта не толькі адзнака працы, а і рэальная колькасць грошай ў асабістай кішэні.

Калі людзі так дасканала ставяцца да сваёй працы,  імкнуцца выконваць яе добрасумленна, то і гісторыя калектыву будзе працягвацца. Мы віншуем чарняхоўцаў з юбілеем, жадаем, каб ўсе вызначаныя планы былі дасягнуты, каб на небасхіле працоўнай доблесці працягвалі зіхацець ужо знаёмыя зоркі і з’яўляліся новыя. Каб у працоўных калектывах і асабістым жыцці былі згода і ўзаемаразуменне, мір і задавальненне кожным пражытым днём.

Усе навіны