Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211587, г. Дуброўна, вул. Камсамольская, 18

Тэлефон прыёмнай:
8 (02137) 5-45-01

Факс:
8 (02137) 5-45-25

E-mail: 
dubrovno_rik@vitobl.by

Галоўная / Навіны / Навіны раёна
2 верасня 2020

У Дуброўна прайшло свята вуліцы Вакзальнай

У апошнюю пятніцу адыходзячага лета ў г.Дуброўна прайшло свята вуліцы Вакзальнай. Месцам правядзення мерапрыемства «А ў нас у двары» стала дзіцячая пляцоўка ў мікрараёне «Будаўнік». Нягледзячы на халаднаватае ветранае надвор'е, у гэты дзень тут сабраліся ўсе жыхары вуліцы Вакзальнай, каб успомніць мінулае, парадавацца поспехам адзін аднаго і яшчэ раз пераканацца, што няма на свеце цудоўней таго месца, дзе ім пашчасціла жыць.


Вядома, як і кожная вуліца, завулак і куток горада Дуброўна, вуліца Вакзальная мае сваю гісторыю, прыгожыя месцы і шчырых жыхароў. Вуліцы, як і людзі, маюць сваю біяграфію. Яны нараджаюцца, растуць, сталеюць і нават старэюць разам са сваімі жыхарамі. Вядучыя мерапрыемства, супрацоўнікі раённага Дома культуры Ірына Мацюшэўская і Таццяна Гарзуева разам з прысутнымі пралісталі старонкі біяграфіі вуліцы Вакзальнай.


Цікава, што першая згадка вуліцы адносіцца да 19 стагоддзя. У той час тут былі пабудаваны першыя драўляныя хаты, а вуліца вяла да чыгуначнай станцыі Асінаўка. Адтуль і пайшла сённяшняя назва вуліцы. У 1958 годзе ў канцы вуліцы размясцілася галоўная база міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі - МСО. Былі пабудаваны першыя шматкватэрныя дамы для яе работнікаў. Так і быў утвораны жылы мікрараён «Будаўнік», дзе сёння знаходзяцца дамы №30,32,34,36,38,40,42,50.


Сярод першых жыхароў новага мікрараёна - муж і жонка Вольга Міронаўна і Юры Уладзіміравіч Максак, Ларыса Міхайлаўна Вiдус, Галіна Васільеўна Шатраўка. На свята прыйшла адна з доўгажыхарак вуліцы - Лідзія Іванаўна Капылова.

-Наш мікрараён самы прыгожы, выключна чысты і спакойны, - не хавае захаплення Лідзія Іванаўна. - Раней тут была пустэча, сеялі агароды. Дамы тут пачалі будаваць у канцы 60-х гадоў, кватэры якіх сталі прадастаўляць работнікам МСО. У першы дом пад нумарам 42, пабудаваны ў 1967 годзе, засялілася і мая сям'я.


Дзякуючы работнікам Дома культуры, на свяце ніхто з жыхароў не застаўся па-за ўвагай. Цёпла віталі суседзі тых, хто праз дзесяцігоддзі пранеслі вернасць і каханне ў сям'і, выхавалі дастойных дзяцей, застаючыся адданымі сваёй прафесіі. Сярод іх - сям'я Валерыя і Наталлі Мышляевых, якія ў мінулым годзе адзначылі 25-гадовы юбілей сумеснага жыцця, Леанід і Ніна Драздовы, якія ў хуткім часе адзначаць залатое вяселле - 50 гадоў сумеснага жыцця. На вуліцы Вакзальнай знайшла сваё шчасце сям'я Максіма і Алесі Бендзіковых, шлюбнаму жыццю якіх ў 2021 годзе споўніцца 20 гадоў. А ў верасні гэтага года маладая сям'я Паўла і Аліны Набойшчыкавых адзначыць першы сямейны юбілей - паркалёвае вяселле.


У душэўнай і цёплай атмасферы найлепшыя пажаданні прагучалі ў адрас старэйшын вуліцы Вакзальнай Валянціны Каўровай, Алы Кiрпiчэнка, Надзеі Клімавай, Надзеі Апет, Надзеі Латышавай, Таісіі Ведалевай, Антаніны Ермаковай. Павіншавалі і самых маленькіх жыхароў вуліцы - адзінаццацімесячную Лізу Конаплеву і Таісію Хонякову, якая нарадзілася крыху менш за месяц таму.


Не забыліся арганізатары свята і пра руплівых гаспадынь, якія падрыхтавалі смачныя стравы і прынеслі іх на выставу кулінарных вырабаў. А яшчэ жыхаркі гэтых дамоў вышываюць, вяжуць, вырошчваюць кветкі. Самымі актыўнымі ўдзельнікамі свята сталі жыхары дома №42. На мерапрыемстве працавала выстава дэкаратыўна-прыкладнай творчасці раённага Дома рамёстваў. Дарэчы, усе актыўныя ўдзельнікі свята атрымалі ад іх падарункі.


У гэты святочны вечар для жыхароў вуліцы выступілі салісты народнай студыі «Ліра» раённага Дома культуры. Свята для жыхароў вуліцы Вакзальнай атрымалася вельмі сардэчным і цікавым, таму што вельмі мала такіх добрых падстаў, якія далі б магчымасць сабрацца ўсім разам проста так. У кожнага свае сем'і і свае клопаты, таму радасць сумеснага свята, шчаслівыя ўсмешкі, прыемныя ўспаміны застануцца надоўга ў сэрцах суседзяў.

Юлія СТАРАВОЙТАВА

Усе навіны