14 кастрычніка 2020
У Дуброўна прайшла акцыя «Дзень азелянення»
Ніхто за нас саміх не зробіць жыццё лепшым. Такое меркаванне выказваюць многія неабыякавыя дубровенцы, якія імкнуцца добраўпарадкоўваць не толькі тэрыторыі сваіх домаўладанняў, але і вуліцы, зялёныя зоны як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці. У межах экалагічнай кампаніі «Уладкуем малую радзіму» дарослыя і дзеці праводзяць суботнікі, высаджваюць дрэвы і хмызнякі, афармляюць клумбы, займаюцца афарбоўкай агароджаў і лавак, падтрымліваюць у належным стане месцы баявой і вайсковай славы.
![](/uploads/images/14-10-2020-16.jpg)
![](/uploads/images/14-10-2020-17.jpg)
Адным з такіх мерапрыемстваў стала акцыя «Дзень азелянення», якая прайшла пад дэвізам «Пасадзі дрэва». Арганізатарамі акцыі ў г.Дуброўна выступілі раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, РК ГА «БРСМ» і аддзел загс Дубровенскага райвыканкама.
Удзельнікі дадзенай акцыі - сямейныя пары Ірыны і Аляксандра Сакаловых, Наталлі і Васіля Кураедавых, Ганны і Андрэя Сычовых, Святланы і Сяргея Крыжэвіч, Ганны і Андрэя Дудаўцавых, Алены і Мікалая Велейшыковых - сталі прадаўжальнікамі добрай традыцыі. Яны пасадзілі сваё дрэва на алеі сямейных дрэў імя Героя Савецкага Саюза Івана Габрусева на вуліцы Чырвонаармейскай.
![](/uploads/images/14-10-2020-18.jpg)
![](/uploads/images/14-10-2020-19.jpg)
Са словамі прывітання да ўдзельнікаў акцыі звярнулася Святлана Рыжанская, намеснік старшыні Дубровенскага райвыканкама. Яна падзякавала прысутным за ўдзел у экалагічнай кампаніі, актыўную грамадзянскую пазіцыю, любоў да сваёй малой радзімы і пажадала сямейнага дабрабыту, узаемаразумення і радасці ў дзецях.
А таксама прадставіла Андрэя Леанідавіча Завадскага, каардынатара праекта па добраўпарадкаванні тэрыторыі ў аг.Асiнторф, які таксама ўзяў удзел у акцыі і пасадзіў сваё фамільнае дрэва ў Дуброўне. Таццяна Шкiндэрава, першы сакратар Дубровенскага РК ГА «БРСМ» пазнаёміла з шлюбнымі парамі, распавяла пра стаж іх сумеснага жыцця і сямейныя традыцыi.
Затым усе разам пачалі пасадку дрэў. Сімвалічна, што ўдзельнікі акцыі высадзілі рабінкі, бо менавіта гэта дрэва са старажытных часоў лічыцца абярэгам ад бед і пошасцяў, з'яўляецца захавальнікам сямейнага дабрабыту. Здаўна славянам забаранялася секчы рабіну на дровы і ламаць яе галіны, каб не наклікаць няшчасце. Маладыя высаджвалі рабіну каля дома, а пасварыўшымся рэкамендавалі разам пасядзець пад рабінай.
![](/uploads/images/14-10-2020-20.jpg)
![](/uploads/images/14-10-2020-21.jpg)
Таццяна Шкiндэрава пажадала ўдзельнікам акцыі, каб рабінкі захоўвалі мір і дабрабыт у іх сем'ях. А на памяць аб удзеле ў экалагічнай акцыі ўручыла сертыфікаты. Прыемна адзначыць, што сярод удзельнікаў акцыі былі дзеці: гэта Данііл Крыжэвіч і Лізавета Дудаўцава. Яны разам з бацькамі пакінулі свой маленькі, але добры след на роднай дубровенскай зямлі.
Згадзіцеся, мала проста казаць пра любоў да роднай зямлі і таго месца, дзе мы жывем. Сваю любоў трэба пацвярджаць справамі і ўчынкамі. І такая магчымасць заўсёды знойдзецца. Напрыклад, толькі ў Віцебскай вобласці ў дзень азелянення было высаджана больш за 2,5 тысячы дрэў і кустоў. Па ўсёй Беларусі да 2 лістапада праходзіць месячнік па восеньскай пасадцы дрэў і хмызнякоў. Далучыцца да добрай справы па азеляненні малой радзімы можа кожны жадаючы ў любым населеным пункце.
Святлана ШУРПАКОВА
Усе навіны