14 снежня 2020
Таццяна Цімафеева ў ліку лепшых аператараў машыннага даення Дубровеншчыны
Аператар машыннага даення Таццяна Цімафеева працуе ў жывёлагадоўлі
трыццаць чатыры гады. Увесь гэты час яна верная сваёй справе і роднаму
сельгаспрадпрыемству ААТ «Баброва-Агра».
За тры дзесяцігоддзі Таццяна Уладзіміраўна не аднойчы пацвярджала свой
прафесіяналізм. І бягучы год не стаў выключэннем - яна ў ліку
прызёраў спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення
сельскагаспадарчых прадпрыемстваў АПК Дубровенскага раёна.
Сёння на МТФ Россасна ўтрымліваецца 1248 галоў. Па словах брыгадзіра
фермы Надзеі Асяпцовай, тут падрыхтаваліся да халадоў: падфарбавалі і
адрамантавалі памяшканні, каб палепшыць жыллёвыя ўмовы для рагатых
пастаяльцаў.
На думку Надзеі Дзмітрыеўны, аператар машыннага даення Таццяна
Цімафеева граматна падыходзіць да выканання сваіх абавязкаў,
добрасумленна і старанна працуе, задаючы тон усяму калектыву.
Безумоўна, у дасягненні мэты дапамагае і вопыт.
-Дзе нарадзілася, там і спатрэбілася, - кажа Таццяна Уладзіміраўна. - А
нарадзілася і вырасла я тут, у аг. Россасна ў дружнай шматдзетнай сям'і.
Нас пяцёра - у мяне ёсць два браты і дзве сястры. На жаль, мы рана
засталіся без бацькоў, таму ўжо ў 17 гадоў давялося выйсці на працу.
Так, у 1986 годзе Таццяна прыйшла працаваць аператарам машыннага даення
на ферму ў Россасна. З першых дзён работы дзяўчына старалася не саступаць
больш дасведчаным калегам, вучылася, ніколі не баялася цяжкасцяў і не
здавалася.
Сёння на апецы Таццяны Цімафеевай група з 73 кароў. За 11
месяцаў бягучага года аператар надаiла 5623 кг малака на карову. Гэты
паказчык да ўзроўню мінулага года вырас на 671 кг, або 114%.
-Свой працу люблю. Умовы для працы ў нас добрыя, заработная
плата задавальняе. Толькі вось выходных у нас практычна няма. А калі і
дадуць - то і святам гэта не назавеш: усё роўна думкамі там, на
ферме, сядзіш і думаеш, ці ўсё зрабіла і як там дойка праходзіць, -
дзеліцца Таццяна Уладзіміраўна. - А наогул да любой працы абвыкаеш.
Бывае, іду на працу і не заўважаю, як прайшла паўтара кіламетра - ногі
самі нясуць. Каровы, як людзі, усе разумеюць, толькі сказаць не могуць. Яны таксама слова добрае любяць, на пяшчоту адгукаюцца. Я навучылася добра
разумець іх. Адна крыўдзіцца, як дзіця, другая нахабная, не ў сваю
чаргу даіцца лезе або ежу ў суседкі з-пад носа выцягне, трэцяя
толькі тады падыдзе, калі мянушку сваю пачуе...
Таццяна Цімафеева шматдзетная мама - разам з мужам яны выгадавалі
траіх дзяцей - дзвюх дачок і сына. А крыху больш за год таму Тацяна Уладзіміраўна ўпершыню стала бабуляй. Зараз яе галоўная радасць - калі ўнучка Лерачка прыязджае ў госці.
Па словах кіраўніка ААТ «Баброва-Агра» Аляксандра Мурашкiна,
Таццяна Цімафеева паказвае прыклад у працы сваім калегам. Бо
вопытны аператар машыннага даення ставіцца да сваёй працы адказна і
з душой. Працу сваю Таццяна Уладзіміраўна вельмі любіць, для кожнай
жывёлы знойдзе добрае слова, таму і паказчыкі добрыя. А
адказнасць, самаадданасць і чуласць - галоўныя складнікі
поспеху Таццяны Цімафеевай.
Юлія СТАРАВОЙТАВА
Усе навіны