Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211587, г. Дуброўна, вул. Камсамольская, 18

Тэлефон прыёмнай:
8 (02137) 5-45-01

Факс:
8 (02137) 5-45-25

E-mail: 
dubrovno_rik@vitobl.by

Галоўная / Навіны / Навіны раёна
24 лістапада 2020

Таццяна Кавалевіч ведае, як выхаваць шчаслівага чалавека

Навучыць чалавека быць шчаслівым нельга, але выхаваць яго так, каб ён быў шчаслівым, можна. У гэтым пераканана педагог-псіхолаг сектара прафілактыкі сямейнага недабрабыту, сацыяльнага сіроцтва Дубровенскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Таццяна Кавалевіч. Яе, як і ўсіх людзей яе прафесіі, можна смела назваць выхавальнікам і лекарам чалавечых душ. Ураджэнка аг.Добрынь з дзяцінства марыла сваё жыццё звязаць з педагогікай і выхаваннем дзяцей.

-Па прыкладу роднай цёткі, якая працавала выхавацелькай у адным з дзіцячых садкоў Магілёўскай вобласці, - распавядае Таццяна Аляксандраўна. - Таму пасля заканчэння базавай школы пайшла вучыцца ў Горацкае педвучылішча на настаўніка пачатковых класаў. Там мяне цалкам захапіў такі прадмет, як псіхалогія. І я ўжо тады не сумнявалася, што працягну адукацыю менавіта ў гэтым кірунку.

Так і здарылася. Атрымаўшы дыплом і першае працоўнае месца ў школе в.Сялец Магілёўскай вобласці, Таццяна паступіла на завочнае аддзяленне факультэта псіхалогіі БДПУ iм.М.Танка. Адпрацаваўшы пакладзеныя маладому спецыяліста першыя два гады, перайшла працаваць педагогам-псіхолагам у карэкцыйна-развіваючы цэнтр г.Мсціслаў. А пазней пераехала на радзіму і працягнула ўдасканальвацца ў абранай прафесіі. Спачатку ў дзіцячых садках №3 і №4 райцэнтра, пазней - у Дубровенскім СПЦ. І па сумяшчальніцтве - у дзіцячым садзе №3.

-Моя задача, як псіхолага, - зрабіць жыццё дзіцяці больш камфортным, перш за ўсё з пункту гледжання дзіцячай псіхікі, індывідуальных асаблівасцяў яе развіцця, дапамагчы справіцца з цяжкасцямі, - кажа Таццяна. - Калі казаць больш канкрэтна, то дзейнасць накіравана на кампенсацыю псіхічнага развіцця дзіцяці пасля атрыманых эмацыйных траўмаў, яго адаптацыю да арганізацыі, дасягненне камфортнага эмацыйнага стану, стварэнне ўмоў для гарманічнага фарміравання асобы, карэкцыйная праца, аказанне дапамогі і падтрымкі дзіцяці і яго біялагічнай альбо прыёмнай сям'і. Я праводжу працу з маладымі бацькамі, выяўляць і суправаджаю дзяцей, якія знаходзяцца ў неспрыяльнай абстаноўцы, аказваю дапамогу педагогам у працы з такімі дзецьмі.

Акрамя таго, Таццяна Аляксандраўна - кіраўнік метадычнага аб'яднання педагогаў сацыяльных і педагогаў-псіхолагаў Дубровеншчыны. Узначальвае раённы клуб педагогаў-псіхолагаў «Дыялог», на пасяджэннях якога разглядаюцца праблемныя пытанні, праводзяцца практычныя і тэарэтычныя заняткі. Раз у квартал яна праводзіць трэнінгі з бацькамі ў рамках клуба «У коле сям'і», на пасяджэнні якога запрашаюцца урач-нарколаг, юрысты, прадстаўнікі ТЦСАН, духавенства.

- Наш свет змяніўся, змяніліся норавы, але дзяцей з цяжкім лёсам менш не становіцца, - адзначае Таццяна. - Кожны дзень, прыйшоўшы на працу, я адкрыта сустракаю дзяцей. Адны бягуць насустрач і адорваюць цябе любоўю, у вочы кідаецца неспатольная патрэба любові і ўвагі. Іншым зазірнуць у вочы балюча, у іх туга, сум або крыўда і спустошанасць. Хто, як не я можа дапамагчы дзіцяці здабыць пачуццё псіхалагічнай абароненасці, зразумець, хто ён ёсць у гэтым свеце, навучыць яго супрацоўнічаць з аднагодкамі і дарослымі, дапаможа дзіцяці паверыць у сябе, паверыць у поспех! І гэта галоўнае ў маёй працы.

  Вольга Лебедзева

Усе навіны