Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211587, г. Дуброўна, вул. Камсамольская, 18

Тэлефон прыёмнай:
8 (02137) 5-45-01

Факс:
8 (02137) 5-45-25

E-mail: 
dubrovno_rik@vitobl.by

Галоўная / Навіны / Навіны раёна
27 мая 2020

На Дубровеншчыне вядзецца падрыхтоўка да адкрыцця аздараўленчых лагераў

Імкліва набліжаецца доўгачаканая летняя пара. Акрамя цяпла, зеляніны і мары аб адпачынку яна нясе з сабой клопат аб бяспецы дзяцей, у якіх наступаюць канікулы. Аздараўленне і занятасць дзяцей - гэта галоўныя задачы дарослых ў дадзены перыяд. Мы пацікавіліся, як гэта праца будзе арганізавана на Дубровеншчыне.

Як паведаміла Ала Ходзiкава, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Дубровенскага райвыканкама, у раёне спланаваны цэлы шэраг мерапрыемстваў па аздараўленні і ўключэнню дзяцей і падлеткаў у розныя віды грамадска-карыснай дзейнасці. Згодна з рашэннем Дубровенскага райвыканкама ў летні перыяд 2020 г. у раёне запланавана аздаравіць каля 500 дзяцей. З іх 130 - у прышкольных лагерах з дзённым знаходжаннем. Такія лагеры будуць працаваць на працягу лета ў сямі ўстановах адукацыі. Кожная змена разлічана на 18 дзён. А расчыняць свае дзверы прышкольныя лагеры ўжо з 1 чэрвеня. У першую змену аздараўленне будзе арганізавана для навучэнцаў гарадскіх школ і Асінтарфскай сярэдняй школы.

У перыяд з 27 ліпеня па 19 жніўня будзе працаваць аздараўленчы лагер у Зарубскай і Каліноўскай дзіцячых садках-сярэдніх школах.

Акрамя таго, на базе сярэдняй школы №1 г.Дуброўна пройдуць аздараўленне 25 навучэнцаў спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву. У лагерах з дзённым знаходжаннем будзе арганізавана 3-х разавае харчаванне, а для дзяцей 1-2 класаў і дзяцей з аслабленым здароўем - дзённы сон.

Па словах Алы Ходзiкавай, у гэтыя дні поўным ходам вядуцца работы па падрыхтоўцы да адкрыцця аздараўленчага лагера «Лугаўцы». Тут на працягу лета плануецца аздаравіць 300 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў. У першую змену з 18 чэрвеня па 5 ліпеня лагер прыме каля 60 чалавек. І па 120 чалавек плануецца аздаравіць у другую і трэцюю змену, якія будуць працаваць з 9 і 30 ліпеня адпаведна.

Ала Ходзiкава паведаміла, што ў раённым бюджэце прадугледжаны сродкі для даплаты за пуцёўкі ў аздараўленчы лагер «Лугаўцы» асобным катэгорыям дзяцей. Сярод іх дзеці-інваліды, дзеці са шматдзетных сем'яў, дзеці з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця; дзеці, у якіх абодва бацькі - непрацуючыя пенсіянеры або інваліды 1 або 2 групы, а таксама дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў.

Летні перыяд - гэта не толькі адпачынак, але і магчымасць набыцця першых працоўных навыкаў і невялікага, але свайго заробку. На Дубровеншчыне запланавана арганізаваць 4 рамонтныя брыгады. Навучэнцы Зарубскай, Добрынскай, Асінтарфскай і Каліноўскай школ будуць выконваць рамонтныя работы па афарбоўцы сцен і падлог у сваіх установах адукацыі. На гэтыя мэты ўпраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне вылучыла 16,3 тыс. рублёў.

У раёне назапашаны вопыт работы студэнцкіх атрадаў, куды ўцягваюцца падлеткі з 14-гадовага ўзросту. У гэтым годзе студатрады плануюць ажыццяўляць сваю дзейнасць у ААТ «Дубровенскі льнозавод», аздараўленчым лагеры «Лугаўцы», на мемарыяльным комплексе «Рыленкі», у некаторых сельгаспрадпрыемствах раёна.

Акрамя таго, плануецца ў раёне і індывідуальнае працаўладкаванне навучэнцаў. А яшчэ ўвесь летні перыяд будуць працаваць гурткі і аб'яднанні па інтарэсах ва ўстановах адукацыі і Цэнтры дзяцей і моладзі.

-Летнi адпачынак - гэта не толькі сацыяльная абарона. Гэта свайго роду пляцоўка для творчага развіцця, узбагачэння духоўнага свету і інтэлекту дзіцяці. У рамках Года малой радзімы і 75-годдзя Вялікай Перамогі для выхаванцаў аздараўленчых лагераў запланаваны завочныя экспедыцыі і экскурсіі, конкурсы і фестывалі, гульні, святы, спартыўныя эстафеты і спаборніцтвы. Атрымліваючы ў лагеры новыя ўражанні, дзеці набудуць сацыяльны вопыт, паспрабуюць свае сілы, лепш асэнсуюць навакольны свет, пасталеюць, памацнеюць, навучацца адказнасці і самастойнасці, - падкрэсліла Ала Ходзiкава.

Святлана ШУРПАКОВА.

Усе навіны