26 жніўня 2024
На Дубровеншчыне адбыліся “Зажынкі”: афіцыяльна пачалося жніво
Надышла напружаная пара жніва. Цяпер на некалькі тыдняў жыццё ў раёне, як і ў краіне ўцелым, будзе падпарадкавана найгалоўнай спрадвеку працы — збору зерня. Яно аснова жыцця, эканомікі, бяспекі. Таму пачатак адказнай кампаніі заўжды робяць святочным. Так адбывалася здаўна ў нашых продкаў, такую традыцыю працягваюць у Беларусі і зараз. За вякі наш народ выпрацаваў строгі і ўрачысты абрад “Зажынкі”, або свята першага снапа, які ўвабраў ў сябе і павагу да зямлі-карміліцы, і ўшаноўванне лепшых гаспадароў, дбайных працаўнікоў, і сувязь між сённяшнім і будучым ўраджаем.
Учора адбылося абласное свята “Зажынкі”, якое правялі на палях Аршанскага раёна. Старт жніва на Віцебшчыне даў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін. А праз некалькі гадзін афіцыяльны старт жніва быў дадзены і ў Дубровенскім раёне.
На гэты раз раённыя зажынкі адбыліся ў ААТ “Праўда-С”. На 53-гектарным полі азімага ячменю каля вёскі Гудава-Зямянскае сабраліся ўдзельнікі жніва, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна, ідэалагічны актыў і прадстаўнікі прафсаюза работнікаў АПК, кіраўніцтва раёна.
Удзельніцы гурта “Кудзеліца”, пакланіўшыся ніве з ўдзячнымі словамі, з абрадавымі песнямі зжалі першыя снапы, якія ўручылі старшыні райвыканкама Анатолю Лукашову, начальніку ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандру Карнееву і дырэктару ААТ “Праўда-С” Аляксею Хахлову.
Затым прагучалі прывітальныя словы ў адрас камбайнёраў і вадзіцелей з пажаданнямі добрага надвор’я і важкага коласа.
—У гэтым годзе жніво пачынаецца надзвычай рана. Зараз наша галоўная задача — працаваць, каб максімальна добра і якасна сабраць тое, што вырасцілі, — засяродзіў увагу Анатоль Лукашоў.
На добрую працу благаславіў удзельнікаў жніва і асвяціў уборачную тэхніку настаяцель храма Святога Духа аг.ляды іерэй Васілій.
У ААТ “Праўда-С” працуе невялікі, але зладжаны калектыў трактарыстаў-машыністаў, камбайнераў і вадзіцелей. Так, для Аляксандра Пучкова — гэта 39 жніво.
—Вось пачалі жаць, а думкі пра тое, як скончыць, пакуль надвор’е дазваляе. Ранняе жніво — гэта добра: зараз і дзень пакуль даўжэйшы, і няма рос і туманаў, якія бываюць у жніўні: тады трэба чакаць, пакуль поле прасохне, а гэта таксама страты часу, — разважае Аляксандр Мікалаевіч. Ен дадаў, што на сваім камбайне працуе ўжо 13 сезон. На жаль, без памочніка камбайнера: на адны рукі і падрыхтоўка да жніва, і штодзенная чыстка агрэгатаў, і кантроль за працай вузлоў падчас жатвы.
А вось Юрыю Куляшову пашанцавала: памочнікам у яго — выпускнік Дубровенскага каледжа Уладзіслаў Кірылаў.
—Я скончыў каледж, атрымаў спецыяльнасць трактарыста і зваршчыка. Размеркаванне атрымаў у Дубровенскі райаграсервіс. Але пакуль час выходзіць на першае працоўнае месца, вырашыў парацаваць памочнікам камбайнера. Гэта магчымасць набыць новыя працоўныя навыкі і веды. Чаму у гэту гаспадарку? Тут я быў на вытворчай практыцы, мне спадабалася, — расказаў самы малады ўдзельнік жніва ў ААТ “Праўда-С”.
Юрый Куляшоў адзначыў, што абавязкаў ў памочніка шмат, але хлопец стараецца выконваць іх, прыслухоўваецца да заўваг і парад.
—Спадзяюся, што спрацуем добра, — адзначыў вопытны камбайнер.
На адвозцы зерня ад камбайнаў будуць працаваць браты Пабойкіны Уладзімір і Андрэй. Яны не першы раз працуюць дуэтам, дапамагаючы адзін аднаму.
ААТ “Праўда-С” заўжды атрымлівае высокую ураджайнасць зерневых. Нядрэнны ураджай чакаецца і сёлета. Азімы ячмень ужо дае 30 центнераў з гектара, нядрэнныя чаканні і ад яравога кліна. Увогуле працаўнікам прадпрыемства трэба зжаць тысячу гектараў. Таму, не марнаваўшы часу пасля свята, яны пачалі сваю пачэсную працу. У добры час, жніво! Усім хлебаробам Дубровеншчыны здароўя, сонечнага жніва і багатага ўраджая!
Усе навіны