Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211587, г. Дуброўна, вул. Камсамольская, 18

Тэлефон прыёмнай:
8 (02137) 5-45-01

Факс:
8 (02137) 5-45-25

E-mail: 
dubrovno_rik@vitobl.by

Галоўная / Навіны / Навіны раёна
18 кастрычніка 2022

МАЛЕНЬКАЯ ЖАНЧЫНА З ВЯЛІКІМ СЭРЦАМ

Хай доўга жывуць нашы маці. Аб гэтым марыць кожны, але не кожнаму шанцуе. Гэтымі днямі вялікая сям’я Крыжэвічаў, карані якой зыходзяць з дабрынскай зямлі, а дакладней з вёскі Ланенка, святкуюць 90-гадовы юбілей сваёй маці і бабулі

Ганны Ільінічны Крыжэвіч (на здымку). У рэдакцыю спяшаліся з добрымі словамі пажаданняў і падзякі сыны, нявесткі, унукі. Менавіта ад іх мы даведаліся пра жыццёвы шлях гэтай жанчыны. Вось аб чым распавяла нявестка юбіляра Людміла Крыжэвіч.

—Ганну Ільінічну мы лічым самым дарагім чалавекам у сваім жыцці. Яна атуляла нас цеплынёй свайго клопату, зараз падтрымлівае мудрай парадай, трапнай падказкай. Яе імя выклікае толькі добрыя пачуцці ў сэрцах знаёмых, аднавяскоўцаў, родных і сяброў, — упэўнена Людміла Крыжэвіч.

Ганна Ільінічна нарадзілася 13 кастрычніка 1932 года ў вялікай сям’і, дзе ўжо было 9 дзяцей. Бацька рана памёр, і маці шмат працавала, каб падняць трох сыноў і сем дачок.

Старэйшыя дзеці таксама рана пачалі працаваць у калгасе, а маленькая Ганна заставалася на хатняй гаспадарцы: парадак навесці, куранят дагледзіць, парсюку травы назбіраць. А ўжо з 12 гадоў пачаўся працоўны шлях дзяўчынкі ў калгасе. Гэта быў час, калі Дубровеншчыну толькі вызвалілі ад фашыстаў. Але вайна літаральна высочвалася з кожнага кавалачка дубровенскай зямлі: міны, снарады, разбурэнні. Ганна Ільінічна ўзгадвала, як у 14 год хадзіла ў Оршу за зернем, а гэта 25 кіламетраў. Як аралі глебу: восем жанчын цягнуць плуг, а дзявятая — за плугам. А ў 16 год дзяўчына ўжо лёгка спраўлялася з касой: па некалькі гектараў скошвала.

—Наша Ганна Ільінічна заўсёды з хваляваннем ўзгадвае тыя часы, але ніколі не расказвае пра іх, не любіць глядзець кінастужкі пра вайну, — адзначае Людміла Крыжэвіч.

Жыццё праз ўсе цяжкасці брала сваё, і дзяўчынка ператварылася ў прыгожую дзяўчыну, сустрэла сваё каханне.

Аляксандр Крыжэвіч таксама быў з вялікай сям’і. Сур’ёзны, стрыманы, працавіты, ён адразу паказаўся дзяўчыне надзейным і добрым спадарожнікам па жыцці. Вяселле адбылося ў 1958 годзе менавіта 14 кастрычніка.

Час бег далей у працы і павазе адзін да аднаго. Аляксандр Уласавіч працаваў старшынёй сельсавета, Ганна Ільінічна — звеннявой ільнаводаў у калгасе. Аднойчы яна адна за сезон выбрала, навязала, пагрузіла і звязла 30 тон ільну! Вялікая працаўніца за самаадданую працу ў родным калгасе мае шмат падзяк і адзнак, з’яўляецца заслужанай калгасніцай калгаса «Беларусь».

Усю сваю любоў і пяшчоту Ганна і Аляксандр аддавалі сваім дзецям: яны выхавалі пятёра сыноў. Ганна Іліьнічна ўзнагароджана «Медалём мацярынства». Але галоўная гордасць і галоўная ўзнагарода маці — дзеці.

—Бог не даў Ганне Ільінічне і Аляксандру Уласавічу дачок, затое сыны пажаніліся і прывялі ў бацькоўскую хату нявестак. Кожную з нас яна прымала як дачку. Мы ў сваю чаргу таксама палюбілі яе як родную, бо за цеплыню, уважлівасць, пяшчоту і разуменне таксама хочацца адказваць дабром, — сцвярджае Людміла Крыжэвіч.

Жыццё гэтай маленькай жанчыны не было лёгкім і бязхмарным. Але яна змагла зрабіць яго поўным і багатым сваёй любоўю да родных, сваёй нястомнай працай, сваёй сардэчнай цеплынёй.

Мы былі сведкамі, з якімі чулымі словамі да яе звярталіся аднавяскоўцы на свяце, прысвечаным юбілею Дабрыні. Рэдакцыя газеты таксама жадае Вам, паважаная Ганна Ільінічна, здароўя, душэўнага спакою і сонечнай і чалавечай цеплыні.

Алена КАРСАКОВА.

Фота Алены ЗАЙЦАВАЙ.

Усе навіны