Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211587, г. Дуброўна, вул. Камсамольская, 18

Тэлефон прыёмнай:
8 (02137) 5-45-01

Факс:
8 (02137) 5-45-25

E-mail: 
dubrovno_rik@vitobl.by

Галоўная / Навіны / Навіны раёна
20 жніўня 2020

Ляднянскі кірмаш у лепшых традыцыях

15 жніўня жыхары і госці аграгарадка Ляды чарговы раз сустрэліся на кірмашы. Брэндавае мерапрыемства ў духу славянскіх традыцый з кожным годам набывае ўсё большую папулярнасць не толькі сярод мясцовага насельніцтва, а і суседзяў з бліжэйшых вёсак. Гэта значна пашырае гарызонты свята, а прымежнае размяшчэнне аграгарадка і зусім дазволіць вывесці кірмаш на міжнародны ўзровень, што ўмацуе добрасуседскія адносіны і паслужыць захаванню багатай гісторыка-культурнай спадчыны.


Сёлета на ляднянскім кірмашы было асабліва шматлюдна, усе месцы для сядзення былі заняты яшчэ да пачатку канцэртнай праграмы, затое астатнія гледачы скарысталіся магчымасцю танцаваць пад знаёмыя і любімыя песні, якія выконвалі калектывы мастацкай самадзейнасці Ляднянскага СДК, а таксама калектывы з аг.Арловічы.


На свята прыехала намеснік старшыні Дубровенскага райвыканкама Святлана Рыжанская. Яна падзялiлася ўражаннямі пра падзею з карэспандэнтам «Дняпроўскай праўды»:

-Выдатная традыцыя, якая сыходзіць каранямі ў гісторыю чатырохсотгадовай даўнасці і захоўваецца, і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Ляды - гасцінны аграгарадок, які да таго ж мяжуе з Краснiнскiм раёнам Расійскай Федэрацыі, таму ў будучыні кірмаш мае ўсе падставы стаць міжнародным. У Лядах таленавітыя людзі, якія ўмеюць стварыць утульную святочную атмасферу і вясёлы настрой. Мне вельмі прыемна быць часткай гэтай маляўнічай падзеі, - падзялілася Святлана Валер'еўна.


У рамках шоу-праграмы адбылося ўшанаванне Кацярыны Цімафееўны Пузыровай, якая прымала ўдзел у абласным конкурсе народнай музыкі і частушак на «Славянскім базары» у Віцебску. Яна стала адной з лепшых сярод 19 канкурсантаў. Дырэктар раённага Дома культуры Вікторыя Храмцова ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыла Кацярыне Цімафееўне дыплом абласнога значэння «За захаванне музычнай спадчыны» ў намінацыі «лепшая прыпевачніца». Сюрпрыз чакаў і супрацоўнікаў Ляднянскага СДК: Вікторыя Храмцова ўручыла ім неабходны для працы ноўтбук.


Кірмаш парадаваў і маленькіх жыхароў разнастайнасцю забаў і прысмакаў. Для дзяцей быў устаноўлены батут і арганізавана катанне на маленькіх электрамабілях, а таксама ажыццяўляўся продаж поп-корна і салодкай ваты. Дзякуючы майстру па аквагрыму кірмаш для дзяцей прайшоў у фармаце карнавалу. Папулярнасцю сярод дзяўчынак карыстаўся стол продажу заколок, гумак і банцікаў для валасоў ручной работы ад майстроў Дома рамёстваў. Зрэшты, гэта далёка не ўсё, чым здзіўлялі дубровенскія ўмельцы - тут можна было набыць гліняныя вырабы, сувеніры з саломкі, а таксама працы ў лапікавай тэхніцы, вязаныя і вышытыя рэчы.

Госці ляднянскага фэсту маглі паспрабаваць удачу ў латарэі, ў якой кожны быў пераможцам і атрымліваў прыз у памяць пра свята. Не забыліся арганізатары кірмашу і пра яркую фотозону для аматараў незвычайных здымкаў. І вядома, у Лядах не прынята адпускаць гасцей без пачастункаў, складана было выстаяць перад духмянай выпечкай умелых ляднянскiх гаспадынь.

Ганна Хадкевіч.

Усе навіны