1 сакавіка 2023
Лен і эканоміка для раёна — сінонімы
У апошнія дні лютага на
Дубровенскім льнозаводзе адбылася нарада па пытаннях вырошчвання лёну.
На нарадзе прысутнічалі кіраўнікі, інжынеры і аграномы льносеючых гаспадарак і
ААТ «Дубровенскі льнозавод», спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і
харчаванні Дубровенскага райвыканкама.
ААТ «Дубровенскі льнозавод» займае
трывалую пазіцыю лідара па льнаводстве ў Віцебскай вобласці і за яе межамі. Па
словах дырэктара Анатоля Басянкова,
Дубровенскі льнозавод займае першае месца на Віцебшчыне і трэцяе ва ўсёй
Беларусі па выпрацоўцы валакна.
—Лен — гэта эканоміка, — з такіх слоў
пачаў нараду старшыня Дубровенскага райвыканкама Анатоль Лукашоў. — Гэта
культура, якая добра расце на нашых землях. Яна забяспечвае сыравінай не толькі
галоўнае перапрацоўчае прадпрыемства Дубровеншчыны. Гэта грошы і прыбытак
кожнага дубровенца. Я запрашаю вас да сурьёзнай размовы, каб напярэданні
веснавога сева вырашыць магчымыя праблемы, яшчэ раз агучыць задачы па
вырошчванні гэтай культуры і шляхі іх выканання, — сказаў кіраўнік раёна.
Нарада пачалася з
дэталёвага аналіза вынікаў мінулага года. У 2022 годзе на 160 га лён вырошчвалі ў ААТ «Якубава-Агра», па 125 га — КУСГП
«Зарубы» і ААТ «Каманіна», 130 га — ААТ «Баброва-Агра», 50 га — Дубровенскі ліцэй
і 2410 га льнозавод.
Анатоль Басянкоў, дырэктар Дубровенскага
льнозавода, адзначыў, што мінулы год быў вельмі складаным для вырошчвання льну.
— Спачатку не хапала вільгацці, лен
ляжаў на палетках рыжы, а гэта паказчык нізкай якасці трасты і нізкага
ўтрымання валакна.
Затым пайшлі бесперапынныя дажджы, якія
таксама не лепшым вобразам адбіліся на якасці сыравіны для льноперапрацоўкі.
Аднак сумеснымі намаганнямі ўдалося нарыхтаваць 12 тысяч тон трасты і
забяспечыць поўную загрузку льнозавода. Так, льнозавод нарыхтаваў 9,3 тонн трасты (у 2021 годзе 6,2), —
адзначыў Анатоль Басянкоў.
Але не толькі надвор’е скасавала ўкладзеныя
пад лён сілы і фінансы, а і негаспадарчы падыход да вырошчвання гэтай культуры
ў некаторых сельгаспрадпрыемствах.
Напрыклад, з роўных па плошчы палёў ААТ
«Каманіна» сабрала 552 тоны трасты, а КУСГП «Зарубы» толькі 364 тоны. ААТ
«Баброва-Агра» хоць і мела большыя льняныя палеткі, а ў параўнанні з ААТ
«Каманіна» атрымала толькі 448 тон.
Адзначана, што палі пад ураджай 2022
года былі адведзены восенню. Кожны гектар быў належным чынам апрацаваны,
унесены мінеральныя ўгнаенні і гліфасаты. Але спецыялісты адных гаспадарак
дакладна выконвалі тэхналагічныя патрабаванні, а іншыя палічылі гэта
неабавязковым.
Так, КУСГП «Зарубы» няўдала падабралі
палі, а ААТ «Баброва-Агра» спачатку паспяшаліся пакласці семя ў пераўвільготненую
глебу, затым зацягнулі тэрміны цераблення.
Анатоль Лукашоў вызначыў тры часткі,
якія адказваюць за вынік вырошчвання льну: насенне, тэхніка і якасць. Менавіта
гэтыя пытанні падрабязна растлумачылі
спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дубровенскага
райвыканкама і ААТ «Дубровенскі льнозавод».
На строгім і галоўнае своечасовым
выконванні кожнага тэхналагічнага працэса ў вырошчванні льну засяродзілі ўвагу
прысутных намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні
Валерый Мельнік і галоўны аграном
льнозавода Раман Яхімовіч.
Вядучы аграном-насеннявод Сяргей
Багусевіч расказаў пра забяспечанасць сельгаспрадпрыемстваў насеннем. Ен
адзначыў, што з 65 тон, якія патрэбны льносеючым гаспадаркам для правядзення
веснавога сева, у наяўнасці ёсць 42 тоны. Каму патрэбна, льнозавод прадаставіць
насенне сорта Рубін і Грант другой рэпрадукцыі.
Інжынер-механік Андрэй Марачоў
праінфармаваў, што на бягучы момант тэхніка льнозавода для пасяўных работ
падрыхтавана, і засяродзіў увагу на неабходнасці правесці агляд іншых машын у
сельгаспрадпрыемствах для апрацоўкі і ўбокі лёну, не адкладваючы рамонт.
На пытаннях вырошчвання якаснай
сыравіны падрабязна спыніўся Анатоль Басянкоў. Ён дэталёва яшчэ раз
прааналізаваў памылкі, якія былі ў
сельгаспрадпрыемствах у мінулым годзе і адзначыў:
— Палі, на якіх вырошчвае лен завод, і
палі сельгаспрадпрыемстваў знаходзяцца побач, але выхад льновалакна з палёў
льнозавода заўжды вышэйшы. Чаму так? Каб зняць гэта пытанне, у 2023 годзе мы
вырашылі закупаць і прадастаўляць кожнаму сельгаспрадпрыемству, якое вырошчвае
лен, у поўнай меры ўсе неабходныя рэчывы для апрацоўкі і падкормкі льну. Да
таго ж мы прынялі рашэнне аб зніжэнні для сваіх партнёраў на 15% расцэнак на
работы, якія выконвае льнозавод.
Па выніках нарады
начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дубровенскага
райвыканкама Аляксандр Карнееў прапанаваў распрацаваць агульны алгарытм
вырошчвання даўгунцу з улікам памылак 2022 года, а таксама распрацаваць і
выконваць графік усяго тэхналагічнага ланцуга з вызначанымі адказнымі. Да таго ж
ён прапанаваў у бліжэйшы час вызначыць плошчы, якія будуць адведзены пад лён у
2024-2026 гадах, каб весці мэтанакіраваную падрыхтоўку глебы.
У гэтым годзе
вырашана не павялічваць плошчы, на якіх
будзе расці лен. Падлічана, што сіламі
льнозавадчан і льносеючых гаспадарак аптымальна апрацоўваць, вырошчваць
і своечасова збіраць лен з плошчы трох тысяч гектараў.
Анатоль Лукашоў,
завяршаючы размову, яшчэ раз звярнуў увагу на тое, што лён — культура патрабавальная,
але эканамічна выгадная.
— Згадзіцеся, нам не трэба проста заняць гэтыя тры тысячы гектараў. Нам
патрэбна, каб яны прынеслі выгаду. Таму
па любых пытаннях звяртацца да спецыялістаў льнозавода. І ўвогуле працаваць разам з
ільнозавадчанамі, узгадняць тэрміны севу, апрацовак, падкормак. Памятайце, што
ёсць аптымальныя тэрміны з 25 красавіка да 5 мая. Трэба іх вытрымаць, канешне, з
улікам надвор’я. У нас праведзена добрая падрыхтоўчая работа, нядрэнна ў гэтым
годзе забяспечаны ўгнаеннямі і мікраэлементамі. Ад нас патрабуецца поўная
захаванасць тэхналогіі. Бо, калі сапсавана хоць адно самае маленькае з яго
звёнаў, намаганні кожнага прападуць дарма, — падкрэсліў Анатоль Лукашоў.
Усе навіны