Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211587, г. Дуброўна, вул. Камсамольская, 18

Тэлефон прыёмнай:
8 (02137) 5-45-01

Факс:
8 (02137) 5-45-25

E-mail: 
dubrovno_rik@vitobl.by

Галоўная / Навіны / Навіны раёна
17 чэрвеня 2024

Галоўнае ў жыцці кожнага — праца і дзеці

news-1

Так лічыць наша зямлячка Надзея Ткачова, якая вясной гэтага года размяняла, як кажуць, дзясяты дзясятак гадоў жыцця. Як і ў многіх людзей ваеннага пакалення яна адзначае два дня нараджэння: адзін па пашпарце, другі, як яе маці наказала, нарадзіўшы дзяўчынку на Міколу веснавога.

 У дзень афіцыйнага свята да яе завіталі прадстаўнікі савета ветэранаў, ТЦСАН, прафсаюзаў, а мы наведалі яе потым, каб даведацца, якімі сцяжынкамі ішоў лёс гэтай маленькай, вельмі жвавай жанчынкі.

— Ці раскажыце нам пра жыццё-быццё? — запыталі ў Надзеі Ягораўны вельмі асцярожна: не кожны жадае бярэдзіць успаміны пра вайну, пра страты, якіх шмат у кожнага, каму лёсам наканавана доўгае жыццё. Але ж наша субяседніца адразу ж згадзілася.

— Што помню — раскажу. Пра гэта трэба ведаць. Мы шмат чаго перажылі, але ж вытрымалі, ні ў кога нічога не прасілі, ўсё сваім гарбом, сваім розумам…

— Як так адбылося, што два дні нараджэння? — пачала рассказ Надзея Ягораўна.— У бежанцы выгналі — у чым былі, а з бежанцаў вярнуліся — кругом попел ды варонкі. Калі сталі аднаўляць дакументы, рахункавод неяк запісаў з памылкай, так і пайшло…

Нарадзілася дзяўчынка ў вёсцы Казары­нава. У сям’і калгаснікаў Ягора і Марыі Войтавых. У сям’і было трое дзяцей — сястра, малодшая за Надзейку, і брат.

— Памятаю, што гаспадарка была дома добрая, звычайную жывёлу трымалі: карову, курэй, парасят. Вёска да вайны была вялікая — 70 дамоў, а з бежанцаў вярнуліся — дзве невялічкія хаткі сярод абпаленай глебы, — паглы­блялася ва ўспаміны жанчына.

Яна расказала, што немцы выгналі жыхароў Казарынава спачатку ў слатаўшчынскі роў, там людзі начавалі, потым пагналі далей.

— Не памятаю, хто гнаў, але ж і за­раз адчуваю гэты страх маці, каб нічога дрэннага не адбылося з намі. Недзе тыдзень жылі ў нейкай бані ў Стража­ве, потым пагналі да чыгункі, загрузілі ў скатныя вагоны і некуды павезлі. У на­шым вагоне не было дзвярэй, — а во­сень, а вецер, а дождж — здаецца, што я і зараз адчуваю холад гэтага ваго­на. Некалькі разоў былі вельмі доўгія прыпынкі, на якіх ні за вадой, ні за ежай, ні за якой іншай патрэбай не выпускалі. Колькі людзей памерла за адну толькі дарогу, успамінаць страшна! Першыя гінулі дзеці, у кожнай сям’і з нашых суседзей не толькі па адным, а і па трое малых памерла, — са слязамі ў вачах гаварыла Надзея Ягораўна, і зноў, і зноў дзякавала маці за тое, што заха­вала тады кожнага з іх.

Але пакуты маленькай дзяўчынкі не скончыліся дарогай на чужбіну. Апошнім прыпынкам для іх стала бы­лая польская старана Гродзенскай вобласці: Радуньскі раён.

— Прывязлі ў мястэчка, і сталі га­спадары разбіраць нас ў работнікі. Адзін паляк маму, брата і сястру ўзяў, а мяне —не. Вось і засталася я адна. Стараста вёскі вадзіў мяне па хатах на штодзённыя работы. Некалькі дзён у адных гаспадароў нешта раблю, там і жыву, потым — у новых. У асноўным ле­там пасвіла жывёлу, зімой скубла пер’е. Усе пальцы сабе парэзала ім. А як есці хацелася, вам не расказаць, давалі толькі раз у дзень місачку чаго-небудзь.

Толькі пад самае вызвален­не я трапіла да добрых гаспадароў. Там мяне і адмылі, і адкармілі. Жыла нароўні з іхнімі пяцёра дзяцьмі. Старэй­шая дачка гаспадароў з пуху кралоў звя­зала мне шапачку, беленькую, я ў ёй ужо пасля бежанцаў, дома, у школу на­ват хадзіла…

А тады да мамы мяне не пускалі і яе да мяне. Ім таксама цяжка было, го­ладна, тыфам ў той сям’і хварэлі…Пра­цуй, як конь, а яды не пытай…Ужо по­тым маці расказвала, што аднойчы для маленькай Веры выцягнула з катла для свіней некалькі бульбінак, але гаспады­ня гэта пабачыла і накінулася з лаянкай і пугай на маці, і чым бы скончылася, не ведаю, але ж пасынак гаспадыні маці абараніў. Во як, а гэта ж не фашысты былі, а сяляне звычайныя, такія ж, як і мы, хай і больш заможныя… — гавары­ла, горка ківаючы галавой, жанчына.

Шмат чаго прыйшлося перажыць у бежанцах, таму, як толькі стала маг­чыма, людзі направіліся да родных мясцін.

— Прыехалі ў Казарынава, а з вёскі толькі дзве хаткі засталося. Адна з іх — маёй бабулі, татавай маці. Яна ў бе­жанцы не пайшла, бо старая была, квё­лая. А каня ў нас не было: як раз перад тым, як нас выгналі, нехта каня звёў са двара — украў…Вось так бабуля ўсю акупацыю пражыла ў сваёй весцы. Ка­зала потым: «Ужо здзекваліся немцы, так здзекваліся, а забіць не забілі». Да нашага вяртання бабуля канчаткова страціла зрок, але была вельмі рада, што мы вярнуліся да дому жывыя. У дру­гой нявесткі двое дзяцей загінулі за час акупацыі. Памятаю, недзе сядзелі мы ў акопах, хаваліся ад абстрэлу, яшчэ у па­чатку вайны, да бежанцаў. Побач і цётка Надзя сядзела, хлопчыка Мішу на руках трымала, дачка яе побач. І гэтага хлоп­чыка на руках маці асколкам забіла, ад­наго з усіх, хто там быў, і я ж зусім побач сядзела… А дачка ўжо потым памёр­ла… — зноў вярнулася да пачатку сваіх успамінаў Надзея Ягораўна.

За час нашай размовы так адбы­валася не раз: ланцужок успамінаў выхватываў з далёкіх падзей усё новыя падрабязнасці, бег наперад, вяртаўся на некалькі гадоў назад…

Яна расказала, што бацька вярнуўся з палону, пабудаваў кры­тую саломай паграбню, дзе стала жыць сям’я, але ж ў 52-м годзе памёр: здароўе і сілы засталіся ў нямеччыне, дзе палонныя хадзілі па сметніках, каб знайці ежу, выцягвалі жылы на нялёгкіх работах.

Сама Надзейка скончыла пачатко­вую школу, пачала працаваць спачатку ў Парфенкава, затым у Міхалінава.

— Затым трэба было хадзіць у шко­лу ў Зарубы, а гэта пяць кіламетраў. А ні адзёжы, ні абутку не было. Таму за­мест урокаў я пайшла працаваць. Дый было мне ўжо гадоў 16. Усё ўмею: і жаць, і касіць, і лес валіць, і каня запра­гаць, і лён даглядаць. Не было ж ма­шын, коней і тых пералічыць па паль­цах можна было. Асноўная сіла — жан­чыны, — неяк нават весела гаварыла Надзея Ягораўна.

Яна расказала, як надоенае мала­ко ў вёдрах на каромысле насілі зда­ваць на зборны пункт у Пагодзіна — а гэта 7 кіламетраў.

— Туды малако знясём, назад мех з поштай, ці яшчэ з нечым неаб­ходным для калгаса. Так і працавалі, зараблялі на жыццё. Але ж пасля вай­ны мы неяк не адчувалі цяжкасці жыц­ця і працы. Жыць хацелася, рады былі, што вайна скончылася. Людзі ўсе на­вокал завіхаліся, каб асабістае жыц­цё пабудаваць, дамы, сем’і, якія шмат родных страцілі. Таму і працавалі не шкадуючы сябе, для будучыні, для дзяцей. Каб яны ніколі не чакалі той бульбіны-паронкі, каб прыціснуць го­лад. Эх, зараз бы пажыць, ды, на жаль, жыццё кароткае, — падводзіла вынік ўспамінам жанчына. На развітанне яна пажадала: — Працуйце, каб вашы дзеці раслі шчаслівымі. Для іх жыцця трэба працаваць, калі рукі чалавека заняты стваральнай працай, няхай і цяжкай, то кепскія думкі яму няма калі думаць. Думайце пра галоўнае: пра будучыню дзяцей.

Усе навіны