Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211587, г. Дуброўна, вул. Камсамольская, 18

Тэлефон прыёмнай:
8 (02137) 5-45-01

Факс:
8 (02137) 5-45-25

E-mail: 
dubrovno_rik@vitobl.by

Галоўная / Навіны / Навіны раёна
16 лістапада 2020

Дубровенскі райаграсэрвіс - памочнік аграрыяў у Віцебскай вобласці

Наяўнасць у раёне прадпрыемства, здольнага забяспечыць своечасовае і якаснае абслугоўванне аграрнага сектара, заклад эфектыўнай працы ўсёй галіны. Адным з флагманаў сярод такіх прадпрыемстваў-памагатых аграрыяў у Віцебскай вобласці застаецца ААТ «Дубровенскі райаграсэрвіс». Адказнасць, якасць, увага - вось тры кіты, на якіх будуецца яго дзейнасць.

Сёння Дубровенскі райаграсэрвіс прадастаўляе шырокі спектр паслуг: забяспечвае сельгаспрадпрыемствы і іншыя арганізацыі раёна таварамі вытворча-тэхнічнага прызначэння, мінеральнымі ўгнаеннямі, займаецца рамонтам рухавікоў сельгастэхнікі, абсталявання жывёлагадоўчых ферм, перавозкай грузаў, механізаванымі працамі.

На балансе прадпрыемства знаходзіцца транспартна-механізаваны атрад, у складзе якога 34 адзінкі трактарнай тэхнікі, 8 аўтамашын, 7 бензавозаў. У гэтым годзе парк папоўніўся новым КВК-800-16. Камбайн прызначаны для скошвання кукурузы ў любой фазе спеласці збожжа і іншых высокасцябліністых культур. Дарэчы, тэхніка ўжо зарэкамендавала сябе на палях дубровенскіх сельгаспрадпрыемстваў.

-Мы аказваем садзейнічанне сельгаспрадпрыемствам на ўсіх этапах: ад падрыхтоўкі глебы да ўборкі збожжа і яго адвозцы. Зімой нашы спецыялісты задзейнічаны на вапнаванні глеб, вывазцы арганікі, нарыхтоўцы лесу, - распавёў начальнік участка аўтаперавозак Ігар Цімошчанка.

У гэтым годзе на палі раёна тэхнікай прадпрыемства вывезена 24 тысячы тон арганічных угнаенняў. Правапнаваны кіслыя глебы на плошчы больш за 6 тысяч гектараў. Дарэчы, такая паслуга аказваецца не толькі сельгаспрадпрыемствам Дубровенскага раёна, але і раёнаў: Аршанскага, Шумілінскага, Лёзненскага, Ушацкага, Бешанковіцкага. Візітнай карткай прадпрыемствы застаюцца рамонтныя майстэрні, пункт ТО, аддзяленне лінейна-мантажных работ.

У райаграсэрвісе працуе сем выязных брыгад, у склад якіх уваходзяць слесар-кіроўца і газаэлектразваршчык. Яны займаюцца рамонтам артэзіянскіх свідравін, заменай глыбінных помпаў, рамонтам сельскагаспадарчых памяшканняў. Да лістапада сіламі мабільных брыгад праведзены рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў, адрамантавана дзевяць сістэм аўтопаення, дзесяць - выдалення гною.

Сярод перспектыўных напрамкаў, якім сёння надаецца ўвага, у ААТ «Дубровенскі райаграсэрвіс» назвалі дрэваапрацоўку. Прадпрыемства заключыла дамовы на пастаўку паллетной дошкі ў краіны Еўрапейскага Саюза. Акрамя таго, піламатэрыялы рэалізуюцца насельніцтву, дранку пастаўляюць на Беларускую ГРЭС.

Але, як вядома, поспехі прадпрыемства - гэта дасягнення яго супрацоўнікаў, а падобны ахоп работ патрабуе наяўнасці кваліфікаваных спецыялістаў. У райаграсэрвісе працуе 128 чалавек. Калектыў сфармаваўся з прафесійных, адказных і дысцыплінаваных майстроў. Але ў любой арганізацыі ёсць людзі, якія сваёй стараннасцю і працавітасцю паказваюць прыклад астатнім. Нядаўна іх партрэты былі занесены на Дошку гонару прадпрыемства: механізатары Мікалай Бугаёў, Віталь Грачышка, Уладзімір Калбасаў, кіроўца аўтамабіля Аляксандр Матакоў, грузчык Аляксандр Ракуцiс, электрагазазваршчык Сяргей Яленскі, токар Мікалай Кiршанкоў, рамшчык Аркадзь Гурскі, слесар-рамонтнік дрэваапрацоўчага абсталявання Юрый Лабачоў.

Дзякуючы сукупнасці ўсіх фактараў ААТ «Дубровенскі райаграсэрвіс» застаецца надзейным памочнікам сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Яна Гурская

Усе навіны