Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211587, г. Дуброўна, вул. Камсамольская, 18

Тэлефон прыёмнай:
8 (02137) 5-45-01

Факс:
8 (02137) 5-45-25

E-mail: 
dubrovno_rik@vitobl.by

Галоўная / Навіны / Навіны раёна
29 ліпеня 2020

Дубровенскаму раёну - 96 гадоў

Урачыстасці з нагоды 96-годдзя Дубровенскага раёна прайшлі 24 ліпеня на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы горада. Удзельнікамі свята былі працаўнікі устаноў і прадпрыемстваў, ветэраны працы, моладзь. Ганаровымі гасцямі свята сталі прадстаўнікі раённай улады, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрый Дзяркач, генеральны дырэктар ТАА «Марка», ганаровы грамадзянін г.Дуброўна Мікалай Мартынаў.

-Сёння Дубровеншчына працягвае ўпэўнена рухацца па шляху павышэння якасці жыцця, росту дабрабыту людзей, - падкрэсліў старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта Анатоль Лукашоў, звяртаючыся да землякоў на святочным мерапрыемстве. Ён таксама адзначыў, што дзесяцігоддзі найноўшай гісторыі Дубровеншчыны напоўнены плённай працай, рэгіён эфектыўна развівае свой эканамічны патэнцыял, а любоў жыхароў раёна да малой радзімы, беражлівае захаванне традыцый і імкненне да лепшага выніку з'яўляюцца трывалым фундаментам для далейшага яго росквіту.

Жыхароў Дубровеншчыны павіншаваў Юрый Дзяркач. Ён падкрэсліў, што на Дубровеншчыне жывуць працавітыя і таленавітыя людзі, і поспех рэгіёну - менавіта іх заслуга.

-Трэба, каб сюды вярталася моладзь і працягвала рабіць гэты край прыгажэйшым і лепшым. Жадаю вашаму раёну дабрабыту і працвітання, здароўя вам і вашым сем'ям, каб у хаце быў дабрабыт, мірнае неба над галавой, - павіншаваў дубровенцаў сенатар. Па даручэнні старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцьева Юрый Дзяркач ўзнагародзіў Ганаровай граматай Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў за шматгадовую добрасумленную працу і значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Дубровенскага раёна ветэрана працы Аляксандра Кандрашова і аператара струменевай лініі па вытворчасці валакна ААТ «Дубровенскі льнозавод» Галіну Ягораву.

Павіншавала жыхароў Дубровеншчыны старшыня Дубровенскага раённага Савета дэпутатаў Алена Ціханава. Яна ўзнагародзіла аператара машыннага даення ААТ «Якубова-Агра» Таццяну Шусеву і трактарыста-машыніста КУСГП «Зарубы» Генадзя Шапавалава Ганаровай граматай Дубровенскага раённага Савета дэпутатаў.

2018-2020 гады ў Беларусі праходзяць пад знакам Года малой радзімы. Сярод нашых землякоў ёсць людзі, якія неабыякавыя да лёсу сваёй малой радзімы. Словы падзякі галоўным мецэнатам нашага раёна гучалі у адрас генеральнага дырэктара кампаніі «Марка» Мікалая Мартынава і дырэктара ААТ «Дубровенскі льнозавод» Анатоля Басянкова.









Знамянальнай падзеяй у год 75-годдзя Перамогі ў Вялiкай Айчыннай вайне для Дубровенскага раёна стала завяршэнне рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Рыленкі». Дзякуючы Віцебскаму абласному Савету дэпутатаў і Віцебскаму абласному выканаўчаму камітэту былі выдзелены фінансавыя сродкі. УП ЖКГ «Дуброўна-Камунальнік» рэгулявала, кантралявала і выконвала рамонтныя работы. Шмат чаго было выканана сіламі гэтага прадпрыемства, што дазволіла рацыянальна выкарыстоўваць вылучаныя сродкі.

На святочную сцэну былі запрошаныя людзі, якія ўнеслі значны ўклад у рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу: былы дырэктар УП ЖКГ «Дуброўна-Камунальнік» Раман Самажонаў і сённяшні кіраўнік прадпрыемства Алег Кір'янаў. Падзякай Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта адзначылі калектыў ААТ «Дубровенскі райаграсэрвіс», які атрымаў перамогу ў абласным аглядзеконкурсе на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах Віцебскай вобласці за 2019 год у намінацыі «Сельскагаспадарчая вытворчасць». Успомнілі на свяце і працоўныя поспехі льнозавадчан. З асаблівай цеплынёй гаварылі і аб медыцынскіх работніках. Ганаровай граматай Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта былі ўзнагароджаны работнікі УАЗ «Дубровенская ЦРБ»: Віктар Атрошкiн, фельчар; Аляксандр Рамановіч, загадчык Добрынскiм ФАПам; Алеся Чарняўская, памочнік ўрача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце.

Год ад года Дубровеншчына змяняецца і прыгажэе: прыводзяцца ў парадак дарогі і двары, гучыць дзіцячы смех, нараджаюцца новыя выдатныя традыцыі. Раён ганарыцца тымі, хто славіў яго ў мінулым, тымі, хто творыць сучаснасць і закладвае падмурак будучыні. У гэтым годзе Дубровеншчына адзначыла мноства юбілеяў з дня нараджэння сваіх знакамітых землякоў. У іх ліку Казімір Семяновіч, Васіль Корань, Ганна-Эстэр Тумаркiн, Дзімітрый Уласенка, Іван Кандрацьеў, Мікалай Пашынскі, Аляксей Дудараў. Іх лёсу і дасягненням прысвечана экспазіцыя ў новым зале гісторыка-краязнаўчага музея «Гонар Дубровеншчыны».

Асобная старонка на свяце была прысвечана вёсках-юбілярам і людзям, якіх па праву называюць захавальнікамі родных мясцін. Так, вялікую і плённую працу па месцы жыхарства з насельніцтвам вядуць старэйшыны вёсак. За актыўную працу з насельніцтвам дыпломам адзначана Галіна Марчанка, старэйшына аг.Калінаўка. На цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года-2019» гучала імя і нашай дубровенкі. Пераможцам конкурсу ў намінацыі «Мацярынская слава» стала шматдзетная мама з в.Дзяцель Таццяна Шабусава, якая выгадавала і годна выхавала 10 дзяцей.

Выпускнікі школ Дубровенскага раёна становяцца спецыялістамі высокага ўзроўню, якія ўслаўляюць наш родны край, многія з іх вяртаюцца на сваю малую радзіму і працуюць на яе карысць. У 2020 годзе 5 выпускнікоў школ раёна скончылі школу з залатым медалём, мноства спартсменаў дасягнулі высокіх вынікаў на спартыўнай арэне. Дзякуючы сацыяльнаму праекту «Банфэста - дзецям» Тураўскага малочнага камбіната, «Асацыяцыі Беларуская федэрацыя футбола» і раённаму кіраўніцтву ў нашым горадзе з'явілася сучаснае футбольнае поле са штучным пакрыццём.

На ўрачыстым мерапрыемстве з 96-гадовым юбілеем віншавалі Раісу Барысаўну Сямёнаву, аднагодку Дубровеншчыны, якая 25 ліпеня адзначыла свой дзень нараджэння. Жыццё Раісы Барысаўны моцна звязана з жыццём раёна. З раённай сцэны гасцей свята віншавалі самадзейныя артысты раённага Дома культуры, народны хор ветэранаў працы «Надзея», ансамбль барабаншчыц «Рытм», вакальны гурт «Се ля ві», Аксана Анікеева, Марыя Змітровіч, узорны тэатр моды «Меланж».

Сёння гасцінная, душэўная, таленавітая, шчодрая, старажытная і маладая Дубровеншчына жыве паўнавартасным жыццём, і мы проста абавязаны ўласным розумам, працай і энтузіязмам упісаць новую старонку ў гісторыю роднага краю, не забываючы пры гэтым сваіх каранёў і традыцый.

Юлія СТАРАВОЙТАВА

Усе навіны