Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211587, г. Дуброўна, вул. Камсамольская, 18

Тэлефон прыёмнай:
8 (02137) 5-45-01

Факс:
8 (02137) 5-45-25

E-mail: 
dubrovno_rik@vitobl.by

Галоўная / Навіны / Навіны раёна
17 чэрвеня 2024

Дуброўна рыхтуецца да фестывалю

news-6

У чэрвені 1993 года ў падарунак да 600-годдзя горада для дубровенцаў і гасцей раёна ўпершыню было праведзена свята песні і музыкі «Дняпроўскія галасы». Ішлі гады, фестываль сталеў, павысіў свой статус да Міжнароднага, пашырылася і геаграфія творчых калектываў свята «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне». Кожны фестываль быў асаблівым і непаўторным, а сёлета ён юбілейны. Чым здзівяць арганізатары ўдзельнікаў і гасцей Дубровеншчыны, расказвае загадчык сектара культуры райвыканкама Алена Якавенка.

— Алена Юр’еўна, мы, вядома, разумеем, што ўсе сакрэты раскрываць вы не будзеце. І ўсё ж такі, якія акцэнты і прыярытэты вы расставілі пры складанні праграмы?

— Мы з вялікім энтузіязмам і натхненнем кожны год рыхтуем гэтае свята. Вялікая адказнасць перад землякамі і гасцямі і любоў да роднага горада, яго культуры, традыцый дапамагае арганізатарам рэалізоўваць усё новыя і новыя ідэі, выпрацоўваць канцэпцыю фестывалю. Сёлета свята юбілейнае, а гэта значыць, у 30-ы раз збяруцца сябры і госці на хлебасольнай дубровенскай зямлі, каб у духу адзінства, узаемаразумення захоўваць і перадаваць традыцыі продкаў, адкрываць новыя таленты, разам славіць радзіму, працу людзей. Частка мерапрыемстваў будзе прысвечана 80-годдзю з дня вызвалення раёна і Рэспублікі Беларусь. Так гістарычна склалася, што месяцам правядзення фестывалю абраны чэрвень, у якім пераплятаюцца знакавыя для Беларусі даты. У дні правядзення фестывалю мы заўсёды аддаем даніну памяці воінам-вызваліцелям, з глыбокім смуткам успамінаем дні пачатку вайны. Гэтай тэме будуць прысвечаны і краязнаўчая канферэнцыя, і мітынгі ля помнікаў загінуўшым воінам, аўта-і лёгкаатлетычны прабегі,  конкурс патрыятычнай песні з удзелам маладых выканаўцаў з розных рэгіёнаў Віцебшчыны і тэатральная пастаноўка народнага тэатра з Шуміліна.

— Наш фестываль з самага пачатку стаў рэалізоўваць уласныя непаўторныя праекты. Раскажыце, чым будзе здзіўляць Дубровеншчына ў гэтым годзе?

— Сапраўды, сёння фестываль мае сваю гісторыю, якая склалася з цікавых традыцый і рэалізаваных праектаў. У канцэпцыі фестывалю заўсёды пераважаў матыў сяброўства паміж народамі. Ужо сталі брэндамі свята Дняпроўскі Салавей, Лялька Дубравушка, Дыван, Ручнік і Дрэва Сяброўства, Абярэг з паясоў. Сёлета мы запусцім новы — Вянок Сяброўства. У яго рэалізацыі прымуць удзел усе калектывы-госці фестывалю. Неад’емнай часткай вянка будуць дубовыя галіны-сімвалы нашага цудоўнага горада з багатым гістарычным мінулым. З даўніх часоў лічылася, што пры вырабе вянка чалавек ўплятае свой лёс у малюнак вянка, і таму думкі яго павінны быць добрымі, чыстымі, прыгожымі. У канцы фестывалю адбудзецца ўрачысты пуск вянка па рацэ Днепр, якая звязвае нашы славянскія народы. Я ўпэўнена, што наш Вянок Сяброўства атрымаецца не толькі прыгожым, але і стане ўвасабленнем моцнай, дружнай, міралюбівай і згуртаванай сям’і.

— За час правядзення фестывалю тысячы гасцей, сотні калектываў з многіх краін свету прыязджалі да нас на Дубровеншчыну. Прадстаўнікі якіх краін і культур прыедуць на фестываль сёлета?

— У юбілейны год на святкаванне XXX фестывалю да нас прыедуць больш за 20 калектываў з Беларусі, Расіі, Татарстана, Казахстана, Латвіі, Арменіі, Карэі і ўпершыню — з Ізраіля. Будуць і эстрадныя артысты Алена Грышанава, Шыр, Кацярына Мядзведзева, Яўген Ермалковіч, групы «ByCiti», «Fortissimo band», ансамблі «Верасы» і «Песняры». Традыцыйна «фестывальная палітра» ахопіць усе сцэнічныя пляцоўкі раёна.

— Алена Юр’еўна, зараз для работнікаў культуры самая гарачая пара. Дзе бераце сілы і ў чым, лічыце,  крыніца натхнення?

— Народная творчасць і ёсць жыватворная крыніца мудрасці, маральнага і фізічнага здароўя. А дзе мудрасць, там мір і спакой. Жадаю ўсім жыхарам і гасцям нашай дубровенскай зямлі, каб песні, музыка, танцы, якія мы ўбачым і пачуем на фестывалі, напоўнілі нашу душу цяплом, любоўю і сіламі да стварэння, а яшчэ нагадалі, як дорага каштуе мір, радасць і шчасце нашых дзяцей. Я ўпэўнена, што вялікая сіла народнай творчасці, якая набірае сваю моц ужо многія стагоддзі, стане непарыўнай сувяззю паміж нашымі народамі, і ніякія стыхіі часу не змогуць яе разарваць, — падагульніла Алена Якавенка.

У наступным нумары газеты будзе апублікавана праграма фестывалю. Мы запрашаем усіх на свята. Прыходзьце, каб адпачыць душой, зарадзіцца пазітывам і працягнуць нітку гісторыі дубровенскай зямлі, захоўваючы сувязь паміж пакаленнямі.

Усе навіны