Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211587, г. Дуброўна, вул. Камсамольская, 18

Тэлефон прыёмнай:
8 (02137) 5-45-01

Факс:
8 (02137) 5-45-25

E-mail: 
dubrovno_rik@vitobl.by

Галоўная / Навіны / Навіны раёна
1 лютага 2023

Дуброўна — гэта мая прыстань

 

17 студзеня магло б споўніцца 80 гадоў нашаму знакамітаму земляку мастаку Юрыю Гаўрыну. Выхаванец Мінскага мастацкага вучылішча 

і Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, вучань Леаніда Шчамялёва і Гаўрыіла Вашчанкі, Юрый Гаўрын увайшоў у вялікае мастацтва перш за ўсё як таленавіты мастак-манументаліст, аўтар вітражоў у Беларускім тэатры Я.Коласа ў Віцебску і ў Мінскім кінатэатры «Цэнтральны», роспісу (рэльеф у гіпсе) у сталічным медінстытуце, а так сама карцін «Стары батлейшык», «У палёце», «Песня пра Нёман. Я. Колас».

3 задавальненнем ствараў ён і палотны, звязаныя з яго роздумамі пра блізкіх людзей,  прыроду, таямніцы сусвету. Пейзажы часцей за ўсё спакойна-сузіральныя, у іх прысутнічае замілаванасць аўтара. На многіх ўзгадваюцца знаёмыя і такія прыгожыя куточкі  Дубровеншчыны.

Будучы творца нарадзіўся 17 студзеня 1943 года.

—Дуброўна я лічу сваей малой радзімай. І ўсе аб гэтым ведаюць, маю на ўвазе сваіх калег-мастакоў, — успамінаў Юрый Васільевіч. — Бо, пагадзіцеся, смешна лічыць «радзімай» чыгуначны вагон, у якім ты нарадзіўся і які імчаў у свет, далей ад вайны. 

Месцам рэгістрацыі майго нараджэння з'яўляецца станцыя Зіядзін Самаркандскай вобласці Узбекскай СССР. Недзе ў пясках Сярэдняй Азіі пахаваны мой бацька Васіль Васільевіч...

Калі Юрыю споўнілася пяць гадоў, ён з маці пераехаў у Беларусь, у Дуброўна. Тут жылі яго дзве стрыечныя сястры Марыя і Кацярына. Хлопчыка прынялі ў дзіцячы садок, які размяшчаўся па вуліцы Паштовая (зараз імя Лапанькова), на тым месцы цяпер знаходзіцца аддзяленне ТЦСАН.

У 50-м годзе Юра Гаўрын пайшоў у школу, якая знаходзілася на правым беразе Дняпра, паблізу дзіцячага дома ў доўгай драўлянай пабудове з прахаднымі класамі. Юрый Гаўрын у школе захапляўся мастацкай самадзейнасцю і фотасправай, выяўленчым мастацтвам. Усё сваё дорослае жыццё мастак з асаблівай цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаў дырэктара школы Анатоля Лапанькова і Рыму Лапанькову, якая была класным кіраўніком будучага творцы. Была  яшчэ адна значная асоба ў жыцці таленавітага хлопчыка.

—Я не ўяўляў дня, каб нешта не намаляваць, але вучыцца выяўленчай грамаце не было дзе, — прыгадваў Ю.В.Гаўрын. — У Дуброўна жыў і працаваў мастак Дзмітрый Ігнатавіч Палітаў, які займаўся вырабам нагляднай агітацыі — пісаў плакаты, лозунгі і транспаранты. Ён і стаў маім першым настаўнікам жывапісу. Першы пэндзаль для акварэлі я зрабіў з кончыка мамінай касы.

Аднойчы  ў школе юнак аформіў маляўнічы стэнд, які адлюстроўваў дасягненні працаўнікоў сельскай гаспадаркі, прамысловасці і будаўніцтва раёна. За гэту работу дырэктар школы А.Ф.Лапанькоў выдаткаваў пэўную суму грошай, на якія Юрый Гаўрын з Масквы заказаў масляныя фарбы і некалькі пэндзаляў. 

 Адразу пасля школы юнак пачаў працаваць у Доме піянераў і ўвесь час упарта рыхтаваўся да паступлення ў Мінскае мастацкае вучылішча. Неўзабаве ён становіцца студэнтам факультэта «Малюнак і жывапіс». Пасля заканчэння вучылішча Юрый вырашае паступаць у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, на аддяленне манументальнага жывапісу. Пакуль вучыўся, працаваў паралельна настаўнікам малявання ў школе, дзіцячай газеце «Зорька».

У 1972 годзе мара мастака аб вышэйшай адукацыі ажыццявілася. А ўжо ў 1978 годзе Ю.В.Гаўрына прынялі ў Беларускі саюз мастакоў.

30 гадоў упрыгожваў мастак самыя значныя пабудовы Беларусі. Сярод яго самых знакамітых работ вітраж у санаторыі МУС РБ на возеры Нарач, у Палацы культуры «Белавежскі» г.Брэста, літыя вітражы для тэатра Я.Коласа ў Віцебску, кінатэатра «Цэнтральны» г.Мінск, класічны вітраж для вестыбюля Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі ў Маскве, медуніверсітэта нашай сталіцы, шмат іншых работ.

Акрамя творчасці Юрый Гаўрын выконваў шмат грамадскіх абавязкаў. Ён працаваў у Рэспубліканскім манументальным мастацкім савеце і ўзначальваў яго. Неаднаразова выбіраўся членам Рады Беларускага саюза мастакоў. Быў дацэнтам кафедры дызайна Інстытута сучасных ведаў.

Персанальныя выставы ён праводзіў у 1991 і 2003 гадах у Палацы мастацтваў у Мінску, у 2008 годзе — у Музеі сучаснага мастацтва, у 2001 годзе — у галерэі «Ла-Сандр Арт». 

Работы Ю.У.Гаўрына ў 2003 годзе ўдзельнічалі у экспазіцыі Аўстрыйскай галерэі ў краінах Еўропы, у 2004 годзе — у мастацкіх выставах Аўкцыённага дома «Крысці», у выставе беларускіх мастакоў Італіі. Работы Юрыя Васільевіча Гаўрына знаходзяцца ў фондах Беларускага саюза мастакоў, музея сучаснага выяўленчага мастацтва, літаратурнага музея М.Багдановіча, Нацыянальнай бібліятэкі, галерэях і прыватных калекцыях. Як бачым, спраўдзілася дзіцячая мара — ён стаў мастаком, але ні на хвіліну ён не адрываўся ад дубровенскай зямлі.

Воляй лёсу ў 2013 годзе, у год свайго юбілею і 620-годдзя горада Дуброўна, персанальная выстава Ю.У.Гаўрына з сімвалічнай назвай                                                                                                              «І краю ў свеце няма даражэй» адкрыта была ў г.Дуброўна. Погляду дубровенцаў было прадстаўлена 25 работ. У цэнтры экспазіцыі была карціна «Мая школа», дзе намаляваны замак бернардынцаў. Пасля завяршэння работы выставы яна была падорана роднаму гораду.

«Гэта выстава — мая даўняя-даўняя мара. Я сімвалічна для сябе даў ёй назву «Вяртанне ў Дуброўна». Бо тут мае карані, тут мае вытокі, тут родныя мне людзі, тут я вырас, тут сфармаваўся мой характар. У Дуброўне цудоўная прырода, дзіўна добрыя і шчодрыя людзі, тут захаваўся домік на вуліцы Нікандравай, дзе я жыў з мамай. Усё гэта надае мне моцы і натхняе на творчасць. Дуброўна — гэта мая прыстань», — сказаў на адкрыцці выставы Юрый Васільевіч Гаўрын…

У 2016 годзе 12 жніўня сэрца вялікага мастака, выдатнага вучонага, які ўнёс неацэнны ўклад у культурную спадчыну нашай любімай Радзімы, раптоўна спынілася.

Па нататках Леаніда ДУДАРАВА.

На здымку 2013 года Ю. В. Гаўрын.


Усе навіны