5 кастрычніка 2020
Асiнторфская школа ў ліку лепшых школ Дубровенскага раёна
Асiнторфская сярэдняя школа ўпершыню адчыніла свае дзверы ў верасні 1931 года. За мінулыя дзесяцігоддзі
у яе гісторыі было нямала радасных і сумных старонак, але менавіта яны
сталі асновай той еднасці вучняў, педагогаў, бацькоў і
выпускнікоў, на якіх школа грунтуецца і сёння. Невялікі калектыў
на чале з дырэктарам Галінай Чэрнік запэўнівае - школа крочыць у нагу з
часам, забяспечваючы сваім вучням высокі ўзровень адукацыі і
ўсебаковае развіццё. Пацвярджаецца гэта не толькі высокімі
вынікамі школьнікаў, але таксама годнай ацэнкай работы настаўнікаў - сёлета педагагічны калектыў Асiнторфскай сярэдняй школы занесены на
раённую Дошку гонару.
Мне неаднаразова даводзілася бываць у гэтай школе, але ніколі яшчэ
экскурсія не была гэтак шырокай: кампутарны клас, лінгафонны
кабінет, спартзала і сталовая. Кожны класны пакой абсталяваны
сучаснымі вучэбна-інфармацыйнымі сродкамі, у бібліятэцы няма
недахопу ў вучэбнай і мастацкай літаратуры. Педагогі звяртаюцца да
сучасных методык, актыўна карыстаюцца электроннымі часопісамі і
дзённікамі і апелююць да розных крыніц інфармацыі, выклікаючы
цікавасць вучняў. Дарэчы, нягледзячы на маё ўварванне падчас урока, яны
працягвалі ўважліва слухаць настаўніка, пры гэтым не забываліся пра школьны
этыкет.
Але гэта дэталі, якія з боку бачны любому жадаючаму. Каб
даведацца, чым школа жыве па-сапраўднаму, неабходна больш даведацца пра людзей,
якія ў ёй працуюць. Як сказала Галіна Аляксандраўна: «Пранікнуцца
традыцыямі і захаваць дыялог пакаленняў». У дадзенай сітуацыі, гэта не
проста прыгожыя словы, і Галіна Аляксандраўна сама можа стаць іх
ілюстрацыяй: яна вучылася ў Асiнторфскай школе, а затым вярнулася сюды
маладым спецыялістам. Пачынала працаваць старэйшай піянерважатай, вяла
ўрокі хіміі і ўжо чатырнаццаты год узначальвае школу.
—Разумееце, - тлумачыла Галіна Аляксандраўна, - у нашай школе заўсёды на чале навучальнага працэсу стаяла выхаванне дзяцей. Яшчэ маімі настаўнікамі ў гэтых адносінах была праведзена вялікая праца. Напрыклад, многае па ўвекавечанні памяці герояў, якія вызвалялі Асінторф падчас Вялікай Айчыннай вайны, і жыхароў аграгарадка, якія змагаліся на іншых франтах, было зроблена нашымі вучнямі і педагогамі. Гэтая пераемнасць, дачыненне і цяпер жыве ў дзецях.
Грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню ў школе прысвечаны ўрокі мужнасці, урачыстыя лінейкі ў знамянальныя дні. Рэгулярна школьнікі ўдзельнічаюць у раённай «Вахце Памяці», «Тыдні турызму і краязнаўства», у дабрачынных мерапрыемствах. Акрамя таго, вучням цікавы раённыя і абласныя конкурсы, акцыі, розныя семінары і фестывалі. Рэгулярна яны становяцца іх прызёрамі і пераможцамі. Невыпадкова ў мінулым навучальным годзе школе было прысвоена званне «Школа Мiру».
Але гэта зноў той бок, пра якi ўсім вядома, а вось пра тое, што за ўсімі перамогамі і званнямі вучняў стаяць Лідзія Захарава, Ніна Картасава, Любоў Шарахаева, Васіль Саладухін і іншыя настаўнікі школы мы часам забываемся. А бо гэта іх рука накіроўвае вучняў, менавіта яны падказваюць, дапамагаюць і падштурхоўваюць рабят наперад.
-У нас невялікі калектыў, - кажа Галіна Чэрнік, - але мы ўсё працаголікі. Мы не проста працуем, мы гарым гэтай справай, і стараемся ў дзецях запаліць гэты агонь.
Калектыў у школе, што называецца, склаўшыся. У сярэднім тут працуюць педагогі са стажам вышэй за пятнаццаць гадоў. На прафесійнай ніве яны адбыліся, і цяпер выкарыстоўваюць назапашаны вопыт у адукацыйным працэсе. Але гэта не значыць, што самі настаўнікі забыліся, як вучыцца, Галіна Аляксандраўна падкрэсліла гэта асабліва. У штодзённіку кожнага з іх адзначаны семінары, тыднi педагагічнага майстэрства, запланаваны адкрытыя ўрокі і пазакласныя мерапрыемствы. Настаўнікі рэгулярна дзеляцца формамі і метадамі працы са сваімі калегамі, займаюцца даследчай дзейнасцю.
-Ніхто з нас не сядзіць на месцы, - з усмешкай дадае Галіна Аляксандраўна.
У наступным годзе Асiнторфская сярэдняя школа адзначае свой юбілей. У спіс шматлікіх перамог будуць унесены і сённяшнія дасягненні калектыву. І вядома, Галіне Чэрнік прыемна, што іх праца так высока ацэнена, але яна таксама прызналася, што асаблівай перамогай для ўсіх стане той момант, калі іх выпускнік вернецца ў сцены роднай школы маладым настаўнікам.
-Ведаеце, у нас праводзяцца факультатыўныя заняткі па ўвядзенні ў педагагічную дзейнасць, - распавяла Галіна Аляксандраўна, - і нам заўсёды прыемна, калі вучні абіраюць для сябе прафесію педагога. Гэта таксама частка той пераемнасці, пра якую мы гаварылі, - а ў канцы дадала: - Напэўна, настаўнікі маюць такую місію - аб'ядноўваць пакаленнi.
Яна Гурская.
Усе навіны