Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211587, г. Дуброўна, вул. Камсамольская, 18

Тэлефон прыёмнай:
8 (02137) 5-45-01

Факс:
8 (02137) 5-45-25

E-mail: 
dubrovno_rik@vitobl.by

Галоўная / Навіны / Навіны раёна
11 лістапада 2023

Вясельны карагод

У далёкім 2009 годзе на Дубровеншчыше ўпершыню адбылася яскравая з’ява: прайшло абласное свята-конкурс «Вялікая вясельніца», задачай якога было адраджэнне і далейшае развіццё традыцыйных вясельных абрадаў,

а таксама ўкараненне аўтэнтычных абрадаў Віцебшчыны ў сучасную практыку. 

Затым гэты конкурс  пачаў сваё падарожжа па іншых рэгіёнах Віцебшчыны,

рабіў прыпынак раз у два гады ў тым ці іншым раёне. Гэтыя два гады былі патрэбны, каб правесці пэўную навуковую работу з мясцовымі старажыламі па пошуку

і апрацоўцы новых песень, звычаяў, святочных страў.

Ішоў час, конкурс перарос свае межы і стаў абласным фальклорным форумам. І вось ў мінулую суботу дубровенская зямля вітала ІІ Абласны фальклорны форум, у межах якога прайшло абласное свята-конкурс «Вялікая вясельніца».  

У свяце-конкурсе прымалі ўдзел фальклорныя калектывы вобласці, асобныя выканаўцы, творчыя калектывы, клубы нацыянальнай кухні, фальклору і гульні, супрацоўнікі Дамоў рамёстваў Віцебшчыны. Гасцінная Дубровеншчына  прымала 14  калектываў з 12 раёнаў Віцебскай вобласці. Завіталі да нас і  госці са Слоніму і Ваўкавыску з Гродзеншчыны.

З вялікім поспехам у конкурсе прынялі ўдзел калектывы нашага раёна: народны фальклорны калектыў «Кудзеліца», народны калектыў нацыянальнай кухні  і беларускай  гульні «Дубровенскія прысмакі».

 Пачалося свята з  выставы-прэзентацыі вясельных караваяў. Удзельнікі не толькі паказвалі свае вырабы, але вельмі цікава, артыстычна расказвалі пра асаблівасці прыгатавання і ўпрыгожвання каравая, пра тыя  абрады і сімволіку, якія захоўвалі жанчыны, выпякаючы вясельны каравай, каб жыццё маладых было доўгім, багатым, сям’я моцнай, а дзеці здаровымі.

Колькі той Віцебшчыны, а ў кожнай мясцовасці  каравай быў не падобны на іншыя: недзе ў вясельны каравай запякалі нават кумпячок або рыбу. Недзе запрашалі гатаваць яго лепшых гаспадынь з наваколля, недзе — гэта быў абавязак хросных, а недзе — зусім трэба было купляць святочны бохан, а ўпрыгожваць дома.  І усё гэта пад абрадавыя спевы ў суправаджэнні рытуальных рэчаў і дзеянняў.

 Затым пачаўся конкурс вясельных абрадаў, які праводзіўся па двух намінацыях.

 Першая намінацыя «Вясёленькі наш паяздок» пазнаёміла гледачоў з асноўнымі этапамі вяселля ад сватання  і пасада маладой да свята ў хаце жаніха і здымання вянка. Удзельніцы народнага фальклорнага калектыву «Кудзеліца» паказалі  традыцыйныя вясельныя звычаі Дубровенскага раёна «Ганяць сучку», або «Ганяць маладу на ваду», уключаных ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

У другой намінацыі «Жыць не тужыць» спаборнічалі знатакі вясельных прыпевак. Затым удзельнікі  правялі творчую лабараторыю «Адметныя танцы Віцебшчыны» і канферэнцыю «Традыцыйнае народнае вяселле», на якой пайшла сур’ёзная размова пра захоўванне і папулярызацыю народных звычаяў, пра іх выхаваўчы змест для сучаснікаў.

Цёплая і ветлівая атмасфера абласнога свята-конкурсу «Вялікая вясельніца» пакінула шмат добрых уражанняў  у кожнага, каму пашчасціла апынуцца ў раённым Доме культуры ў гэты дзень.

Намеснік старшыні Дубровенскага райвыканкама Святлана Рыжанская, звяртаючыся да ўдзельнікаў форума, падкрэсліла:

—Сёння мы яшчэ раз пабачылі, наколькі значнымі былі для нашых продкаў паняцці сям’я, дзеці, сумесная праца і сумеснае свята. Вялікі дзякуй вам, паважаныя госці, за тое, што вы знаходзіце, вывучаеце і захоўваеце гэтыя традыцыі для нашчадкаў. Падзяку хочацца выказаць арганізатарам і асабіста Кацярыне Лабука, якая у 2009 годзе падтрымала ініцыятыву аб правядзенні «Вялікай вясельніцы». Дзякуй усім за выдатнае свята, за жаданне даносіць да гледача самабытную народную творчасць нашых продкаў, —  адзначыла Святлана Рыжанская.


Усе навіны