Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211587, г. Дуброўна, вул. Камсамольская, 18

Тэлефон прыёмнай:
8 (02137) 5-45-01

Факс:
8 (02137) 5-45-25

E-mail: 
dubrovno_rik@vitobl.by

Галоўная / Навіны / Навіны раёна
30 лістапада 2020

Дом сям'і Чмярковых прызнаны пераможцам раённага конкурсу «Лепшае маладзёжнае падвор'е»

Галоўныя якасці ў рабоце цялятніцы, на думку загадчыка фермы «Чыжоўка» ААТ «Якубова-Агра» Алы Сардэчнай - стараннасць, цярпенне, адказнасць. Малышы ў жывёл, як і ў людзей, і капрызяць, і хварэюць. А яшчэ патрабуюць ласкі і ўвагі. Ад тых, хто іх даглядае, вельмі многае залежыць. Ад таго, які сыход атрымае цяля ў пачатку жыцця, залежыць прадуктыўнасць жывёлы ў будучыні. Таму кожны любячы сваю справу аператар на дагадоўванні БРЖ у сельгаспрадпрыемстве - на вагу золата. Менавіта да ліку такіх адносіцца Ірына Чмяркова. Сярэднясутачныя прыбаўленні яе падапечных прафілакторнага перыяду даходзяць да 800 грамаў за суткі. І гэта - лепшы вынік у раёне. На сённяшні дзень на апецы ў маладой цялятніцы 73 жывёлы.

-А бывала, да 140 цялятаў прымала ў перыяд масавых ацёлаў, - кажа Ірына. - Тады літаральна жыла на ферме - пакуль кожнага напоіш з соскі па 4 разы на дзень, памяняеш подсціл, прасочыш за станам здароўя... Увогуле, праца не з лёгкіх.

Сама Ірына - родам з ляднянскай стараны, з вёскі Кроцiкi. Вырасла ў шматдзетнай сям'і. І муж яе Уладзімір, ураджэнец Стражава, таксама. Адсюль відавочна, што пры знаёмстве маладыя людзі адразу адчулі ўнутранае сваяцтва і ўзаемную сімпатыю. Так, трактарыст-машыніст ААТ «Якубова-Агра» прывёў у родную гаспадарку добрую працаўніцу, а сабе добрую жонку.

Маладой сям'і выдзелілі дом, які за непрацяглы час напоўніўся дзіцячымі галасамі. 28-гадовая шматдзетная маці ў каханні і клопаце выхоўвае з мужам трох дачок. А цяпер чакае чацвёртага дзіцяці.

-Па УГД сказалі, што будзе хлопчык, - распавядае Ірына. - Мы з мужам вельмі шчаслівыя.

У сваю чаргу Ала Сардэчная дадае: «Мы ўсе радуемся за Ірыну. Але я перажываю, што не змагу знайсці ёй годную замену. Гэта чалавек настолькі адказны, неабыякавы, старанны. Сыдзе ў дэкрэтны адпачынак - што будзем рабіць, розуму не прыкладу».

Дарэчы, узнагароды і віншаванні да прафесійных святаў аператар на дагадоўванні прымае не толькі як лепшая па прафесіі. У гэтым годзе дом сям'і Чмярковых прызнаны пераможцам раённага конкурсу «Лепшы маладзёжны падворак» сярод маладых сем'яў, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, які праводзіць РК ГА «БРСМ». Яно і няхітра: прысядзібная тэрыторыя акуратная. Гаспадарчы двор, дзе ўтрымліваюцца парасяты і хатняя птушка уладкаваны. Агарод, які аддаў ўраджай, пераараны і падрыхтаваны да зімы. Усё добра, грунтоўна, без залішняй пампезнасці, але з душой і ўнутранай радасцю. Ірына і Уладзімір упэўнены: на сяле, калі ёсць галава і рукі працавітыя, жыць можна добра і шчасліва. Маладыя бацькі не хавалі, што клопатаў хапае і часу на нейкія забавы практычна няма. Але радасць можна знаходзіць і ў тым, што твой дом утульны, што на вытворчасці праца спорыцца, а лёс падае падарункі.

Нядаўна заслужаную ўзнагароду маладым гаспадарам уручылі Наталля Вароніна, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дубровенскага райвыканкама, і Таццяна Шкiндэрава, першы сакратар райкама БРСМ.

Вольга Лебедзева.

Усе навіны