Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
15.01.2026
У майстэрні Дубровенскага ПМС кіпіць работа
Дубровенскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм — адно з лепшых у вобласці. Тут дакладна ведаюць сакрэт поспеху. Стаўку робяць на мадэрнізацыю і вопытныя кадры. На кожным участку — прафесіяналы, таму двойчы пастаўленую задачу тлумачыць нікому не прыходзіцца. Узімку галоўны клопат — рамонт тэхнікі.
Галоўны механік Канстанцін Скварко адзначае, што ў ПМС яго імкнуцца вырабляць у самыя кароткія тэрміны.
— Неабходныя запчасткі закупляем, і за дзень два тэхніка ўжо зноў у рабоце. Сёння ў майстэрні знаходзіцца два бульдозеры. На адным здымаем рыдлёўку і будзем праводзіць зварачныя работы, на другім — мяняем усе каткі: 16 апорных і чатыры падтрымліваючых, пры гэтым само гусенічнае палатно знаходзіцца ў добрым стане, — растлумачыў галоўны механік.
У цэлым у ПМС на рамонтных работах у дзень нашага прыезду было задзейнічана сем чалавек: вадзіцелі, слесары-рамонтнікі, зваршчыкі. Машыніст бульдозера Аляксей Іўкін і слесар Уладзімір Рыбакоў — працуюць у тандэме.
— Толькі з адпачынку выйшаў, разам з сынам адпачываў у санаторыі па прафсаюзнай пуцёўцы, так што з новымі сіламі зноў у бой. У майстэрні доўга не затрымаемся, ужо заўтра планую зноў сесці за руль, — усміхаючыся, кажа Аляксей Іўкін і дадае, убачыўшы сумнеў на маiм твары: — вы ў нас не сумнявайцеся, тут людзі адказныя працуюць.

Яго напарнік Уладзімір Рыбакоў — прафесіянал сваёй справы, усю тэхніку ад гусенічнага Т-54 да МАЗа і самазвала ведае дасканала, нават на кране працаваў больш за дванаццаць гадоў. Ужо на заслужаным адпачынку, але працягвае працаваць на родным прадпрыемстве.
Мікалай Кучараў таксама ў мінулым кіроўца, пасля выхаду на пенсію стаў працаваць у ПМС слесарам рамонтнікам. Разам з Сяргеем Шутавым, машыністам бульдозера, які прыйшоў пару гадоў таму ў арганізацыю, рамантуюць другую машыну.
— У 2024 годзе я прыйшоў у ПМС простым трактарыстам, практычна адразу перанавучыўся тут на больш цяжкую тэхніку — стаў машыністам бульдозера. Праца няпростая, але цікавая. А галоўны плюс прафесіі ў тым, што мы не сядзім без справы, а значыць, ёсць магчымасць зарабіць, — распавядае Сяргей Шутаў.
Вопытныя зваршчыкі Віталь Гарэлік і Руслан Гудына працуюць у ПМС ужо больш за два дзясяткі гадоў. Іх кваліфікацыя дазваляе выконваць самыя складаныя работы і робяць яны ўсё на сумленне. Вось такія людзі працуюць у ПМС: вопытныя, адданыя сваёй справе, адказныя, якія не падвядуць у даручанай справе.