Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
16.02.2026
У Дуброўне прайшоў раённы кірмаш мэтавай падрыхтоўкі
Больш за 140 навучэнцаў школ Дубровеншчыны аб'яднаў раённы кірмаш мэтавай падрыхтоўкі. На адной пляцоўцы на базе сярэдняй школы №1 імя А.А. Нікандравай у выставачным фармаце размясціліся стэнды ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Віцебскай вобласці, а таксама заказчыкаў кадраў.
- Гэта дзейсная форма ўзаемадзеяння ўстаноў сістэмы адукацыі і арганізацый - заказчыкаў кадраў. Патэнцыйныя абітурыенты разумеюць, на якіх прадпрыемствах ёсць зацікаўленасць у заключэнні дамовы мэтавай падрыхтоўкі і ў якой установе адукацыі яны могуць атрымаць адпаведную адукацыю, - распавяла метадыст РУМК Алена Дзямідава. - Канкрэтна на дадзеным кірмашы мэтавай падрыхтоўкі дзевяцікласнікі ўсіх школ рэгіёну атрымалі магчымасць з першых вуснаў даведацца аб навучальных установах і спецыяльнасцях, перспектывах працаўладкавання, варыянтах навучання, пазнаёміцца з патэнцыяльнымі працадаўцамі. На кірмашы таксама і ў бацькоў была магчымасць пазнаёміцца з установамі сярэдняй спецыяльнай адукацыі не толькі Дубровенскага раёна, але і Оршы, Віцебска. Перш, чым запрашаць прадстаўнікоў навучальных устаноў, мы вывучылі пажаданні школьнікаў і іх бацькоў.

Кожны каледж падрыхтаваў цікавую прэзентацыю сваіх магчымасцяў: распавядалі пра свае навучальныя ўстановы, прадстаўлялі новыя, найбольш актуальныя на сесію спецыяльнасці і праграмы навучання.
- Вызначыцца з будучай прафесіяй для мяне асабіста - крок няпросты і вельмі адказны. Схіляюся да прафесіі юрыста, - падзяліўся планамі навучэнец Зарубской сярэдняй школы Ілля Юрчанка. - Але больш думаю пра вайсковую юрыспрудэнцыю, бо мае любімыя прадметы гісторыя і фізкультура. Паколькі цвёрда маю намер атрымліваць спецыяльнасць пасля 9 класаў, гляджу, у якую ўстанову лепш падаваць дакументы, дзе якія ўмовы. Думаю, сённяшняе мерапрыемства дапаможа мне ў гэтым. Тым больш ёсць магчымасць мэтавай падрыхтоўкі. А гэта - стоадсоткавая ўпэўненасць у тым, што ў цябе будзе гарантаванае працоўнае месца пасля атрымання дыплома.

Рада магчымасці пагутарыць ужывую з прадстаўнікамі ССНУ мама дзевяцікласніка сярэдняй школы №1 г. Дуброўна імя А.А. Нікандравай Вольга Паўлава.
- Гэта зусім іншая справа, калі ты не ў Інтэрнэце, а па сродкам жывога дыялогу можаш задаць усе пытанні прадстаўнікам навучальных устаноў, распытаць аб нюансах паступлення, навучання, пражывання і г.д. Выдатна, што iснуюць такія формы ўзаемадзеяння, якія рэальна дапамагаюць вызначыцца з прафесіяй. Бо мала хто ў 14-15 гадоў ведае, чаго хоча насамрэч, - адзначыла жанчына. - Вось сын футбаліст, аднак з прафесійным спортам жыццё звязваць не плануе. Думаю, пасля кірмашу з выбарам вызначымся. Тое, што ёсць магчымасць замацавацца на першым працоўным месцы на сваёй малой радзіме, дзякуючы мэтавай падрыхтоўцы, - гэта выдатна.