Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
04.02.2026
У Дуброўне адкрылі мемарыяльную дошку памяці нашага знакамітага земляка
Дуброўна славіцца сваёй багатай гісторыяй, якую на працягу стагоддзяў пісалі людзі-воіны і працаўнікі — ад таленавітых рамеснікаў да дзеячаў навукі, літаратуры, мастацтва. Памяць пра іх увекавечана не толькі ў абелісках, экспанатах раённага гісторыка-краязнаўчага музея, але і ў назве вуліц. Адзін з ураджэнцаў Дубровешчыны, якія праславілі наш раён, — Мікалай Аляксандравіч Гарулёў, беларускі паэт і празаік, перакладчык, заслужаны работнік культуры БССР.
23 студзеня ў Дуброўне адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі памяці нашага знакамітага земляка Мікалая Гарулёва на адным з дамоў вуліцы, якая носіць яго імя. На цырымонію сабраліся прадстаўнікі ўлады, грамадскасць, жыхары горада, моладзь. Да прысутных звярнулася намеснік старшыні Дубровенскага райвыканкама Святлана Рыжанская. Яна акцэнтавала ўвагу на важнасці захавання і перадачы культурнай спадчыны.
— Ініцыятыва па ўсталяванні памятнай дошкі нашаму земляку належыць Леаніду Дудараву, а ААТ "Дубровенскі льнозавод" аказаў фінансавую падтрымку. Цяпер усе, хто праходзіць па гэтай невялікай вуліцы, будуць памятаць, у гонар каго яна названая. Бо жыць — гэта значыць, у тым ліку памятаць пра тых, хто з'яўляецца часткай агульнага культурнага здабытку народа, — сказала Святлана Валер'еўна, звяртаючыся да моладзі і ўсіх прысутных.

Характэрна, што адкрыццё мемарыяльнай дошкі праходзіць у год 85-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Выступаўшыя на мерапрыемстве супрацоўнікі раённай бібліятэкі ім. А. Дударава распавялі, што Мікалай Гарулёў таксама ваяваў. Свой раман "Бывайце, любімыя" ён прысвяціў падзеям той страшнай вайны.
Усё жыццё яго хвалявала тэма гераізму і маральнага выбару. Так, у 1954 годзе пабачыў свет зборнік аповесцяў і апавяданняў "Сябры-таварышы", прысвечаны барацьбе беларускай моладзі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яго героі — учарашнія школьнікі, партызаны, падпольшчыкі — праходзілі праз суровыя выпрабаванні, і іх лёсы чапалі сэрцы тысяч людзей. Таленавіты перакладчык Н. А. Гарулёў пазнаёміў рускамоўнага чытача з творамі Якуба Коласа, Івана Мележа і іншых класікаў беларускай літаратуры.

Творчасць пісьменніка была рознабаковай. Побач з пранізлівай ваеннай прозай — вершаваныя зборнікі "Аднагодкі", "У шляху", "Прызнанне", лірычныя паэмы. Яго п'есы "Калі любіш", "Мая дачка", "Крывёю змацаваныя" з поспехам ішлі на сцэнах Магілёва, Віцебска, Гомеля. Ён быў летапісцам эпохі, тонкім лірыкам і сапраўдным патрыётам. Яго творчасць — гэта размова з намі, сённяшнімі, аб вечных каштоўнасцях: дружбе, любові, абавязку, вернасці.