Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
17.11.2025
У Дубровенскім сельгаспрадпрыемстве ў эксплуатацыю ўведзены новы цялятнік
Вырасціць здаровых і паўнавартасных жывёл — асноўная задача, якая стаіць перад работнікамі жывёлагадоўчай галіны раёна. Ад таго, у якіх умовах утрымліваецца і з якім клопатам вырошчваецца маладняк, залежыць тое, наколькі здаровым будзе буйная рагатая жывёла. І далёка не апошнюю ролю тут адыгрываюць цялятнікі.
У КУСГП "Прыдняпроўскі" ў эксплуатацыю ўведзена новае светлае прасторнае памяшканне на 50 галоў. Тут утрымліваюць цялят да двухмесячнага ўзросту. Міхаіл Сідарэнка, дырэктар КУСГП "Прыдняпроўскі", адзначыў, што ўсе работы па ўзвядзенню цялятніка выкананы гаспадарчымі сіламі, а індывідуальныя клеткі выраблены рукамі работнікаў гэтага сельгаспрадпрыемства, што выйшла ў тры разы танней, чым купіць гатовыя.
— Для таго каб у памяшканні было больш дзённага святла, мы зрабілі празрысты дах. Бакавыя сценкі дадаткова ўцяплілі, каб малыя не мерзлі зімой, — распавядае Міхаіл Віктаравіч. — Паводле нарматыву належыць, каб індывідуальных домікаў было 30% ад дойнага статка, а ён у нас складае 850 галоў. Таму для камфортнага размяшчэння цялят нам патрабуецца мінімум 255 домiкаў. Такім чынам, узвядзенне гэтага памяшкання было проста неабходна.

Зайшоўшы ў цялятнік, мы не маглі не адзначыць чысціню і парадак, якія панавалі ў ім. Здаровыя і прыгожыя цяляты з задавальненнем елі камбікорм з кармушак. З цікавасцю і насцярожана разглядалі новых наведвальнікаў. Але варта было падысці да іх цялятніцам, яны адразу высоўвалі галовы з клетак, вітаючы іх. Даглядаюць за гэтымі малымі і падтрымліваюць чысціню вакол Святлана Кляновая і Алена Кавун.
— Цяпер у нас каля 120 цялят, глядзець за імі трэба як за маленькімі дзецьмі. Выпайваць суцэльным малаком, абавязкова даваць спецыялізаваны камбікорм і не забываць напаўняць паілкі чыстай вадой, — распавядаюць цялятніцы.
Кіраўніцтва прадпрыемства плануе і далейшае развіццё комплексу, у тым ліку будаўніцтва другога аналагічнага цялятніка, але ўжо на 100 галоў. Гэта дазволіць у перспектыве павялічыць пагалоўе жывёлы і, адпаведна, аб'ёмы вырабленага малака.