Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
06.04.2026
У Дубровенскім раёне пасяўная набірае абароты
На мінулым тыдні першыя сеялкі выйшлі на палі Дубровеншчыны, а сёння ўжо ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна вядуць сяўбу ранніх яравых культур. А гэта значыць, што пасяўная набірае абароты. У гэтыя адказныя вясновыя дні закладваецца аснова будучага ўраджаю.
Задача — у аптымальныя агратэхнічныя тэрміны пасеяць яравыя збожжавыя і зернебабовыя.
Паводле аператыўнай інфармацыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дубровенскага райвыканкама, на раніцу 3 красавіка 2026 года ўсе гаспадаркі раёна прыступілі да сяўбы ранніх яравых. З 6053 га засеяна 892, або 14,7%, ад плана.
За мінулы дзень пасеяна 228 га. Добрымі тэмпамі ідзе падкормка азімых збожжавых (54%) і крыжакветных (73%), а таксама шматгадовых траў, сенажацяў і пашы.
Таксама сельгаспрадпрыемствы працягваюць вясноўспашку і падрыхтоўку глебы. Так, узарана амаль палова плошчаў — 1506 га, лепшыя паказчыкі ў КУСГП ім. Чарняхоўскага — 203,8% да плана.
Работнікі КУСГП ім. Чарняхоўскага прыступілі да вясновых палявых работ аднымі з першых — 30 сакавіка. Аграрыі гэтай гаспадаркі ўзялі высокі тэмп работ і маюць намер выканаць пастаўленыя задачы якасна і ў тэрмін.
— Яравы клін у нас складае 850 гектараў. Большая частка яго будзе засеяна ячменем — 250 гектараў, па 50 гектараў — авёс і зернебабовыя, 100 — кукуруза, — распавёў дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Янковіч і працягнуў: — А яшчэ рапс, кукуруза на сілас і аднагадовыя травы зоймуць 450 гектараў.
Ён адзначыў, што ў цяперашнюю пасяўную сяўбу яравых збожжавых будзе выраблена насеннем эліты. Палі былі падрыхтаваны грунтоўна, з поўным захаваннем усіх агратэхнічных патрабаванняў, а значыць — будзем разлічваць на добры ўраджай.
У дзень нашага наведвання на палях блізу вёскі Міхалінава працавалі чатыры машыны.

За рулём трактара "Беларус" з прычапным пасяўным агрэгатам "АПП-6" сее на добра падрыхтаваным полі авёс Сяргей Фёдараў — вопытны механізатар, усю працоўную дзейнасць у гэтай гаспадарцы. Кажа, што глеба тут даволі лёгкая, што дазволіла рана пачаць пасяўныя работы. Родныя палi Сяргей Уладзіміравіч засявае больш за два дзясяткі гадоў, аддадзеных сельскай гаспадарцы. За гэтыя гады не раз абнаўлялася тэхніка і тэхналогіі, але нязменным заставалася адно — любоў да зямлі, жаданне працаваць з максімальнай аддачай. Многія віды работ на працягу года, акрамя сяўбы, праводзіць механізатар. І за кожную з іх бярэцца з уласцівымі яму адказнасцю, працавітасцю і стараннасцю.


На суседнім полі працуюць Алег Сівіцкі і Сяргей Каптэраў. Адзін падрыхтоўвае глебу пад сяўбу, а другі ўносіць угнаенні. Для абодвух работнікаў пасяўная — у радасць. Тэмп і інтэнсіўнасць работ з кожным днём узрастаюць, але ў гаспадарцы ёсць усё неабходнае, каб якасна і ў тэрмін справіцца з пастаўленымі задачамі.
І хоць нагрузка на вяскоўцаў у гэтыя дні сапраўды вялікая і аб'ём работ значны, працаваць прыходзіцца па 12 гадзін, але кіраўніцтвам КУСГП ім. Чарняхоўскага робіцца ўсё для таго, каб стварыць камфортныя ўмовы працы: спецвопратка, гарачае харчаванне, годная аплата працы.
— Работнікі ў нас надзейныя, умеюць і любяць працаваць, тэхніка адрамантаваная, добрага насення ў дастатку, пратручванне ідзе непасрэдна перад сяўбой, па азотных угнаеннях на першую падкормку гаспадарка цалкам забяспечана, паступова закупім угнаенні і на наступныя падкормкі — у цэлым настрой баявы. Калі надвор'е не падвядзе — будзем з хлебам, — кажа дырэктар КУСГП ім. Чарняхоўскага Аляксандр Янковіч.