Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
09.02.2026
Удзельнікі рэспубліканскага патрыятычнага працоўнага праекта "Зімовы маршрут" пабывалі на Дубровеншчыне
У Беларусі працягваецца рэспубліканскі патрыятычны працоўны праект "Зімовы маршрут". Байцы студэнцкага атрада "Час першых" імя А.А. Лявонава на гэтым тыдні пабывалі ў Дубровенскім раёне, каб творчымі і працоўнымі праектамі зарадзіць энергіяй моладзь.
Удзельнікі праекта правялі інтэрактыўныя заняткі грамадзянска-патрыятычнай тэматыкі, спартыўныя мерапрыемствы, прафарыентацыйную работу, квізы, а таксама прэзентавалі дзейнасць БРСМ. Не абышлося без запальных творчых нумароў з песнямі, танцамі і міні-пастаноўкамі.
Пазітывам зарадзіліся навучэнцы сярэдняй школы №1 імя Г.А. Нікандравай і сярэдняй школы №2 імя Ю. Смірнова г. Дуброўна. Вітаючы ўдзельнікаў "Зімовага маршруту", намеснік старшыні Дубровенскага райвыканкама Святлана Рыжанская падкрэсліла, што прайсці кіламетры зімовых шляхоў, каб пакінуць пасля сябе добрыя справы і цёплыя ўспаміны - выбар моцнай моладзі.
- Можна сказаць, наш атрад міжнародны. У яго ўвайшлі самыя творчыя, актыўныя і мэтанакіраваныя студэнты з Беларусі і Расійскай Федэрацыі, - распавяла камісар студэнцкага атрада "Час першых" імя А.А. Лявонава Яна Мароз. - Першапачаткова мы не былі знаёмыя. Але за кароткі час з'ядналіся ў адну каманду і зараз разам рыхтуем і ставім канцэртныя нумары, праводзім майстар-класы, гульні, урокі патрыятызму, удзельнічаем у працоўных дэсантах і знаёмімся з рознымі куткамі Беларусі. За гэтыя некалькі дзён атрымалі мора станоўчых уражанняў, з карысцю правялі час і здабылі новых сяброў. Асаблівым стала знаходжанне на Дубровенскай зямлі будучага педагога, студэнткі Пскоўскага дзяржуніверсітэта Наталлі Коласавай. Дзяўчына - ураджэнка Краснагародскага раёна, як і Герой Савецкага Саюза Ганна Нікандрава, памяць пра якую шануюць на Дубровеншчыне.

- Мне вядома, што ў баях 23 чэрвеня 1944 года ў раёне чыгуначнай станцыі Кіраева старшы лейтэнант Нікандрава першай кінулася па штурмавой лесвіцы праз супрацьтанкавы роў, ведучы за сабой байцоў сваёй роты. У гэты ж дзень яна загінула пры блакаванні кулямётнага дзота праціўніка. Была пахавана ў брацкай магіле ў горадзе Дуброўна. Тут устаноўлены помнік і стэла, названая школа ў яе гонар. Імя Ганны Нікандравай носіць адна з вуліц Дуброўна, а ў Краснагародску - цэнтральная плошча, дзе ўзвышаецца бюст-помнік Ганны Нікандравай. Таму, калі мне прапанавалі паўдзельнічаць у "Зімовым маршруце", я невыпадкова папрасіла ўключыць мяне ў склад студатрада "Час першых" - такая магчымасць пабываць у месцах бітваў і гібелі Героя Савецкага Саюза, маёй зямлячкі, вельмі каштоўная для мяне.
Наталля дадала, што ўдзел у праекце "Зімовы маршрут" дапамог здабыць каласальны вопыт у зносінах з аднагодкамі, вопыт у навучанні дзяцей і ўдзелу ў мерапрыемствах такога маштабу.
- Усё вельмі спадабалася, спадзяюся, набытыя веды дапамогуць мне ў будучыні. Дубровеншчына сустрэла цёпла і гасцінна, тут выдатныя людзі, - рэзюмавала дзяўчына.

Старшыня Дубровенскага раённага аддзялення Беларускай партыі "Белая Русь" Ларыса Крыштопава, вітаючы ўдзельнікаў "Зімовага маршруту", адзначыла:
- Вы гарыце гатоўнасцю шчыра, адказна і з адкрытай душой здзяйсняць добрыя справы. Вельмі значна, што дзяржава, у асобе лідара - Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, падтрымлівае моладзь, надае пільную ўвагу іх працоўнай занятасці. Бо ў студатрадах хлопцы вучацца жыць, працаваць, кіраваць, праяўляць сябе. У будучыні - гэта лідэры. Тварыце. Адважвайцеся! Стаўце самыя амбіцыйныя мэты і дамагайцеся іх рэалізацыі, на карысць нашай Радзімы!
Пасля наведвання раённага краязнаўчага музея байцы "Час першых", узброіўшыся рыдлёўкамі, аказалі дапамогу па расчыстцы снегу ў парку Вайсковай славы. Нагадаем, што ў новым сезоне рэспубліканскага патрыятычнага працоўнага праекта БРСМ "Зімовы маршрут" прымаюць удзел каля 200 байцоў студэнцкіх атрадаў з усіх куткоў краіны. Задачы праекта - патрыятычнае выхаванне дзяцей і моладзі, развіццё сацыяльна значных ініцыятыў, аказанне адраснай шэфскай дапамогі, арганізацыя прафарыентацыйнай работы. Арганізатарам праекта выступае рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў БРСМ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і райвыканкамаў.