Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
04.09.2020
У родных людзей і праца спорыцца
Заспець сельскагаспадарчую тэхніку на мехдвары ў перыяд уборкі - дакладная прыкмета непагадзі. Іншых прычын затрымкі кіраўнік ААТ «Прыдубровенскае» Леанід Зайцаў не знаходзіць.
Да пачатку жніва гаспадарка была гатова цалкам, і пры першай магчымасці камбайны выйшлі ў поле. Праца ішла і дзякуючы высокай ураджайнасці гэтага года - з гектара намалот дасягаў 30,2 цэнтнера. На раніцу 1 верасня зжаты збожжавыя і зернебабовыя на 76% уборачных плошчаў. Пры гэтым завастраць увагу на лічбах Леанід Міхайлавіч не хоча, лічачы, што казаць пра гэта лепш пасля заканчэння ўборачнай, калі збожжа ў свірне, а зараз галоўнае - праца ў полі.
Салідарны з кіраўніком і адзін з самых вопытных камбайнераў Сяргей Варанкоў. У сельскай гаспадарцы ён прапрацаваў усё жыццё, не першы год працуе на палях ААТ «Прыдубровенскае». Яго майстэрства пацвярджаецца і высокімі вынікамі - Сяргей Канстанцінавіч у ліку камбайнераў-тысячнікаў раёна. На пытанне, што яго матывуе, Сяргей Варанкоў адказаў:
-Добры ўраджай. У мінулым годзе я намалаціў тысячу ўжо ў самым канцы уборачнай, а цяпер нам трэба будзе прыбраць яшчэ каля трохсот гектараў, - прывёў прыклад Сяргей Канстанцінавіч. - Вядома, не хочацца, каб хоць адно зярнятка прапала, бо гэта наш хлеб.
Леанід Зайцаў лічыць яго адным з самых годных працаўнікоў, падкрэслівае працавітасць Сяргея Варанкова, яго абавязковасць, уважлівасць да тэхнікі. Называе яго сапраўдным гаспадарнікам. Такой жа высокай хвалы ўдастоены і сын Сяргея Варанкова Аляксандр. Яго шлях у сельскую гаспадарку быў значна даўжэй, чым у бацькі. Аляксандр Варанкоў вучыўся ў Магілёўскім прафесійна-тэхнічным ліцэі на зваршчыка, больш за год працаваў па прафесіі ў абласным цэнтры. Вярнуцца на радзіму яго падштурхнула любоў да тэхнікі, юнацкія ўспаміны пра дні, калі ён дапамагаў рамантаваць бацькоўскі трактар, катаўся на камбайне, жыва цікавіўся жыццём мехдвара. За тры гады працы ў ААТ «Прыдубровенскае» Аляксандр Сяргеевіч зарэкамендаваў сябе кіроўцам, якому ўсё па плячы. Гэтую ўборачную Аляксандр пачынаў на камбайне, а калі калега выйшаў на працу, перасеў за руль свайго МАЗа, на якім у мінулым годзе Аляксандр Сяргеевіч адзін забяспечваў вываз збожжа і перавёз больш за тры тысячы тон. У гэтую ўборачную працаваць ад сілы ён таксама не мае намеру.
Сямейны тандэм Сяргея і Аляксандра Варанковых - прыклад традыцый і пераемнасці пакаленняў, якімі заўсёды ганарыўся Дубровенскі раён. А іх самааддача і любоў да абранай справы з году ў год выступаюць гарантамі поспеху і працвітання малой радзімы.
Яна Гурская