Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
20.10.2025
Сапфіравае вяселле мужа і жонкі Кучаравых
Жнівень 2025 года для мужа і жонкі Марыі Астапаўны і Мікалая Максімавіча Кучаравых адзначыўся важнай сямейнай падзеяй - яны адзначылі 45 гадоў сумеснага жыцця.
Мужу i жонцы пашчасціла не толькі дружна, бок аб бок прайсці амаль паўстагоддзя, але і пранесці праз гады свае пачуцці, клопат адзін пра аднаго, захаваць прыгожыя і глыбокія адносіны, напоўненыя любоўю, якая шмат гадоў азарае сваім святлом іх родных і блізкіх. Гісторыя іх знаёмства падобная на тысячы іншых - яны сустрэліся на працы.
- Я нарадзілася і вырасла ў Дуброўне, скончыла сярэднюю школу №1, рыхтавалася да паступлення, хацела быць настаўнікам пачатковых класаў. Мне падабалася займацца з маленькімі дзецьмі, але не паступіла. Таму адразу пасля школы пайшла працаваць сакратаром у райкам партыі. Папрацавала і зразумела, што гэта не маё. Паступіла ў тэхнікум, адвучылася на бухгалтара, - дзеліцца ўспамінамі Марыя Астапаўна. - Нейкі час працавала па спецыяльнасці ў аддзеле культуры, а затым перайшла ў Белдзяржстрах. Там і пазнаёмілася з Мікалаем Максімавічам. Ён якраз прыйшоў з войска, і здарыўся ў нас, так званы, службовы раман.
А магло і не здарыцца гэтай сустрэчы. Мікалай Максімавіч марыў стаць вайскоўцам, ездзіў паступаць у ваеннае вучылішча ў г. Вільнюс.
- Родам я з в. Новае Гудава. Хацеў быць вайскоўцам, але не прайшоў па конкурсе. Ехаў дадому на цягніку Вільня-Масква, а на стале ляжала газета з аб'явай аб наборы ў Смаленскі чыгуначны тэхнікум. Вырашыў - паеду. Паступіў, адвучыўся, працаваў у г. Вязьма ў лакаматыўным дэпо. Калі прыйшоў час ісці ў войска, вырашыў, што трэба пабыць з сям'ёй, таму перавёўся ў г. Орша. Месяца не прайшло, мяне адправілі служыць у ракетныя войскі. Частка знаходзілася на тэрыторыі Беларусі, у г. Петрыкаў, - успамінае Мікалай Максімавіч. - Прыйшоўшы з войска, на чыгунку ўжо не вярнуўся. Уладкаваўся ў Дуброўна ў Белдзяржстрах, інспектарам па асноўнай дзейнасці... Гэта быў лістапад 1979 года, а 16 жніўня 1980 года мы пажаніліся. У той час атрымаць жыллё ад нашай арганізацыі было складана. Знаёмыя падказалі, што ў ПМК хутка вырашаюць гэтую праблему. Так я стаў кіроўцам у гэтай арганізацыі, а праз год нам далі кватэру.
Праз час адна за адной нарадзіліся дачкі, здавалася б, жыві і радуйся, але здарыўся развал Савецкага Саюза. За ім рушылі ўслед дэфіцыт тавараў, беспрацоўе, адсутнасць зарплаты…
- Мікалай змяніў шмат месцаў працы, сям'ю карміць трэба, а заробак, бывала, і па тры месяцы не плацілі. Балазе я працавала ў падатковай інспекцыі, нам плаціў рэспубліканскі бюджэт, вось так і жылі, - кажа Марыя Кучарава. - Жыццё праляцела як адно імгненне. Не паспелі азірнуцца, як выраслі дочкі, атрымалі медыцынскую адукацыю, выйшлі замуж. Частыя госці ўнукі, а іх у нас чацвёра.
Наогул сям'я - гэта самае галоўнае ў жыцці кожнага чалавека. Сорак пяць гадоў, пражытых разам, - гэта нямала! Колькі ўсяго змясцілі гэтыя гады! Былі сярод іх мімалётныя радасці і смуткi, былі і падзеі, важныя для фарміравання і станаўлення жыццёвага ўкладу сям'і. На маё пытанне, хто ў іх галоўны ў сям'і, Марыя, ні секунды не вагаючыся, кіўнула на мужа: "ён". Аднак Мікалай Максімавіч тут жа, прыжмурыўшыся хітра, кіўнуў у адказ: "шыя - яна!"
Мы часта заўважаем, што муж і жонка, якія пражылі разам доўгія гады, становяцца падобнымі адзін на аднаго. Яны пачынаюць аднолькава думаць і казаць. Размаўляючы з мужам і жонкай Кучаравымі, я не раз лавіла сябе на думцы, што пры ўсёй знешняй непадобнасцi яны вельмі падобныя і ўжо сапраўды - адно цэлае. Здаецца, што і не было гэтых сарака пяці гадоў, а перада мной усё тая ж маладая пара: той жа любячы погляд, пазітыўны настрой, усмешка на вуснах пры зносінах адзін з адным.
- Так не бывае, каб 45 гадоў пражыць і не спрачацца, не пасварыцца ні разу. Усё здаралася, але пражылі добра. Вядома, клапоцімся адзін пра аднаго, муж мяне беражэ, а я - яго, і заўсёды так было. Толькі так і трэба жыць, выяўляючы павагу і паразуменне адзін да аднаго! - на такой аптымістычнай ноце завяршылася мая гутарка з Марыяй Астапаўнай і Мікалаем Максімавічам.