Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
10.12.2025
Прафесія, якую люблю
Штогод у першую нядзелю снежня ў Беларусі адзначаецца Дзень юрыста. Заснаванне дадзенага свята - гэта, перш за ўсё, даніна павагі людзям, якія стаяць на варце правоў і законных інтарэсаў грамадзян краіны, прызнанне заслуг усіх тых, хто прысвяціў сваё жыццё такой важнай дзейнасці.
Юрыдычная прафесія шматгранная і налічвае вялікую колькасць спецыялізацый: адвакат, пракурор, суддзя, следчы, спецыяліст па кадрах. Гераіня нашай сённяшняй публікацыі - юрысконсульт ААТ "Баброва-Агра" Алеся Бендзікава.
- Галоўныя функцыі юрысконсульта - абарона інтарэсаў прадпрыемства ў рамках заканадаўства. А гэта значыць не толькі складаць дамовы, але і весці дзелавую перапіску, удзельнічаць сумесна з іншымі службамі прадпрыемства ў распрацоўцы палажэнняў, іншых лакальных прававых актаў, - распавядае пра сваю працу Алеся Валер'еўна. - Акрамя гэтага я вяду ўсю дакументацыю, якая звязана з жылымі дамамі. Закупкі, дамовы куплі-продажу, работа з судамі, і гэта не поўны спіс маіх абавязкаў.
Паводле яе слоў, сумесна з іншымі службамі, юрыдычная служба правярае паступаючыя гаспадарчыя дагаворы на прадмет іх адпаведнасці патрабаванням заканадаўства, а таксама з мэтай устанаўлення ў іх найбольш выгадных умоў для прадпрыемства.
- У дзяцінстве я марыла стаць настаўніцай. Таму дакументы падавала на філалагічны факультэт, але не паступіла. Без майго ведама бацькi адвезлі дакументы ў механіка-тэхналагічны тэхнікум у г. Орша (цяпер АДМЭК) на факультэт "правазнаўства". Для мяне гэта было нечакана, мяне проста паставілі перад фактам, я не бачыла сябе ў гэтай прафесіі, але, тым не менш, скончыла тэхнікум з чырвоным дыпломам. А потым працягнула навучанне ў ВДУ ім.П.М. Машэрава ў г. Віцебск, - распавядае Алеся Бендзікава. - Працоўны шлях пачынала з працы спецыялістам па кадрах у аўтапарку. Пасаду юрысконсульта я пачала займаць менавіта ў ААТ "Баброва Агра" ў 2015 годзе. Мне вельмі падабаецца мая прафесія, а працуючы ў сельскагаспадарчай арганізацыі, я атрымала каласальны вопыт, праца тут рознабаковая, і ў той жа час адказная.
Нягледзячы на такі празаічны, здавалася б, характар працы, Алеся Бендзікава ў вольны час захапляецца спевам. Яе часта можна бачыць на сцэне раённага Дома культуры.
- Спяваць я пачала яшчэ ў школе, толькі тады гэта быў вакальны гурт, а цяпер гэта народная студыя эстраднай песні "Ліра". Быў час, калі я кідала сваё захапленне, але ўсё ж, вярнулася назад, - распавядае Алеся Валер'еўна.
Магчыма, праца юрысконсульта здаецца не прыкметнай звычайнаму чалавеку або члену калектыву прадпрыемства, як, напрыклад, праца бухгалтара, які налічае зарплату. Але менавіта ад юрыста залежыць многае на прадпрыемстве. Ды і сферу дзейнасці гэтую лёгкай не назавеш. Заканадаўства, як жыццё, пастаянна змяняецца і ўдасканальваецца. А значыць, і юрыдычнай службе неабходна пастаянна адсочваць усе змены, як той казаў, "трымаць руку на пульсе".