Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
04.09.2025
Праект "Ушаноўваем ветэрана-юбіляра" крочыць па Дубровеншчыне
Залаты ўзрост... Цікавае і такое ёмістае спалучэнне слоў. У ім заключана паняцце сталага ўзросту і набытага жыццёвага вопыту, прыкладу жыццястойкасці і заслужанай павагі навакольных.
У гэтым усё больш пераконваешся пры сустрэчах з ветэранамі працы, доўгажыхарамі нашага раёна. У рамках праекта "Ушаноўваем ветэрана-юбіляра" прадстаўнікі райсавета ветэранаў, Валеўкаўскага сельсавета, ТЦСАН, сельскага клуба, старэйшына аг. Арловічы прыйшлі павіншаваць з 95-годдзем найстарэйшую жыхарку Гарчанка Васілісу Сілівестраўну. Насустрач гасцям выйшла прыгожая жанчына з ветлай усмешкай на вуснах і яркім бляскам у вачах. Шырока расчыніўшы абдымкі, ступіла да гасцей са словамі "Гасцям заўсёды рады!". Адчувалася, што гэтыя словы - з глыбіні душы, яны шчырыя. А ў віншаваннях гучала ўдзячнасць за гады працы, шчырага захаплення і павагі. І па-сапраўднаму ёсць чым ганарыцца і самой юбілярцы, і яе родным. Шмат добрых слоў было адрасавана Васілісе Сілівестраўне. А потым, як водзіцца, пайшлі роспыты і ўспамінаў. Вось што распавяла пра сябе наша імянінніца.
"Нарадзілася я ў в. Кабылiя (цяпер Калінаўка), скончыла сямігодку ў в. Ляды. Вайна парушыла ўсе планы. Тры доўгія гады акупацыі - пад страхам смерці, у 43-м немцы выгналі ўсіх з вёскі. Уся сям'я апынулася ў бежанцах. Цудам пазбегла адпраўкі ў Германію. Вяртанне ў родную вёску было бязрадасным: разбураныя або згарэўшыя хаты, холад, голад. Зямлю аралі на каровах або ўскопвалі ўручную. Бацькі адправілі ў Маскву да далёкіх сваякоў. Паступіла ў дыванова-ткацкае вучылішча. Але безграшоўе, голад пагналі дадому. Так і не давучылася. Працавала ткачыхай у Оршы на льнокамбінаце. А потым у вёсцы пазнаёмілася з добрым хлопцам, выйшла за яго замуж. Сталі жыць у в. Арловічы. Удваіх працавалі ў калгасе: муж механізатарам, я - на палявых. Лён бралі рукамі, жыта ціснулі сярпом, сена касілі таксама ўручную. Але жылі дружна і весела. З песнямі - на працу, з песняй - дадому. Каля дома заўсёды па святах і вечарамі збіраліся аднасяльчане: муж быў добрым гарманістам. Паступова жыццё ва ўсіх наладжвалася. Нарадзілася трое дзяцей. Папрасілі працаваць конюхам у бальніцы, а потым свінаркай у калгасе. Ні ад якой працы не адмаўлялася. Патрэбен чалавек у буфет - пайшла і туды. Нават пасля выхаду на пенсію працавала, праўда, ужо ў мясцовай краме. Я багатая бабуля: у мяне ўжо 5 унукаў. А жыццё такое добрае стала: усё ёсць, усё для жыцця. Радасна глядзець на ўсё. І самае галоўнае ёсць: мiр у нас у краіне. Дзякуй нашаму Прэзідэнту. Я малюся Госпаду пра яго здароўе".
Васіліса Сілівестраўна памаўчала, а потым заспявала звонкім, на наша здзіўленне, голасам "Кацюшу". Ды так заспявала, што ўсе госці сталі падпяваць! Развітваліся ўсе з нашай гераіняй цёпла, а яна з добрай усмешкай забіяцка запрашала: "Вы на 100 гадоў да мяне прыходзьце!"
Вось яна - сіла духу людзей залатога ўзросту.