Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
16.07.2025
Павышэнне надояў — задача нумар адзін
У Дубровенскім раёне падведзены вынікі работы жывёлагадоўчай галіны за першае паўгоддзе 2025 года. Па дадзеных упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама ў цяперашні час на пашавым утрыманні знаходзіцца 42 гурты кароў (8500 галоў) і 22 гурты цёлак прыслучнага і случнага ўзросту (5600 галоў).
— Пашавае ўтрыманне дазваляе аднавіць парушаны абмен рэчываў і ўзнавіць нацельныя функцыі жывёл, дае магчымасць атрымаць больш высокія надоі малака, прырост жывой масы, павысіць устойлівасць жывёл да хвароб, — упэўнены намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дубровенскага райвыканкама Аляксей Чарняўскі. — Як паказвае практыка, у пашавы перыяд выдаткі на вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі ніжэй, чым у стойлавы перыяд.
За шэсць месяцаў гэтага года палепшылі паказчыкі ў вытворчасці малака ААТ "Якубава-Агра" і ААТ "Баброва-Агра". Вытворчасць малака ў гэтых сельгаспрадпрыемствах склала, адпаведна 3005,3 т (101,7%) і 1466,1 т (103,6) да ўзроўню мінулага года. Павялічана гэтымі гаспадаркамі і рэалізацыя: больш за 2500 т (103,9%) і 1281,7 т (109,9%).
За чэрвень істотнай прыбаўкі дасягнулі жывёлаводы ААТ "Праўда-С". Вытворчасць малака ў гэтай гаспадарцы на пашы склала 108,8%, рэалізацыя — 111,1%. Тут жа дасягнуты і лепшыя паказчыкі па надою малака ў разліку на адну карову — 2831 кг.
Жывёлаводы раёна выкарыстоўваюць кругласутачную і дзённую пасцьбу. Асноўная частка дойных статкаў знаходзіцца на пашавым утрыманні кругласутачна. Пагалоўе, якое абслугоўваецца ў даільных залах, выпасаецца толькі ў дзённы час. Для гэтага прадугледжаны пашы, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад малочна-таварнага комплексу.
— Арганізацыя выпасу дойнага пагалоўя на пашах згодна з тэхналагічнымі патрабаваннямі — гэта складаны і карпатлівы працэс, — кажа Аляксей Іванавіч. — Але мы разумеем, што сакавітыя кармы — наша прадукцыя, бо пры пашы карова рухаецца, сама выбірае тое, што ёй неабходна. Для выпасу выкарыстоўваем натуральныя і культурныя пашы. Для жывёл падрыхтаваны бочкі з вадой, у дастатковай колькасці соль, у спраўным стане электрапастухі.
Лета — час высокіх вынікаў у працы. Хочацца спадзявацца, што ў цёплы спрыяльны перыяд усе сельгаспрадпрыемствы ў раёне выйдуць на мяжу добрых надояў малака.