Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
07.07.2025
Наш гонар, наша будучыня
Адзін з галоўных здабыткаў дзяржавы — гэта моладзь, на якую заўсёды ўскладаюцца вялікія надзеі. Бо менавіта маладым людзям трэба будзе будаваць будучыню сваёй малой радзімы і ўсёй Беларусі.
І нашаму раёну ёсць чым ганарыцца. Дасягненні дубровенцаў, якія, нягледзячы на свой юны ўзрост, рэгулярна дамагаюцца значных поспехаў у вучобе, спорце, творчасці і грамадскім жыцці, радуюць.
У гэтым годзе шэсць выпускнікоў скончылі школу з залатым і сярэбраным медалём. На ўсе 100 балаў здала цэнтралізаваны экзамен па грамадазнаўстве навучэнка сярэдняй школы №1 г. Дуброўна ім. А.А. Нікандравай Кацярына Голешава. Мы пацікавіліся сакрэтамі поспеху і планамі на будучыню ў былых адзінаццацікласнікаў.
Кацярына Голешава:
— Цікавасць да гісторыі мне прышчаплялі з дзяцінства бацькі, потым мая першая настаўніца Святлана Міхайлаўна Храмцова. У шостым класе Алена Віктараўна Крапочына так захапіла нас гісторыяй Беларусі, што я проста закахалася ў гэты прадмет. Стала ўдзельнічаць у розных конкурсах, канферэнцыях. Пад кіраўніцтвам Аляксандра Іосіфавіча Мальца праводзіла экскурсіі ў школьным музеі, з даследчымі работамі і відэаролікамі пра Дубровеншчыну мы не раз станавіліся пераможцамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. У 10 класе я дакладна вызначылася з профільнымі прадметамі: гісторыя Беларусі і грамадазнаўства. Планую паступаць у БДУ на кафедру паліталогіі юрыдычнага факультэта. Я бачу, што ў нашай краіне існуе запыт на сапраўды таленавітую моладзь, якая гарыць новымі ідэямі прасоўвання Беларусі наперад. Спадзяюся, што змагу ўнесці свой уклад у развіццё дзяржавы і грамадства.

Ксенія Шусева:
— Для мяне залаты медаль гэта не проста высокае дасягненне, а напамінанне аб тым, што пастаўленай мэты заўсёды можна дасягнуць! Гэта сімвал зацятасці, дысцыпліны і любові да ведаў. Я ішла да гэтай мэты з восьмага класа. Гэта матывавала мяне не апускаць рукі, калі было складана. Падрыхтоўка да ўрокаў, удзел у алімпіядах і навуковых канферэнцыях, а самае галоўнае — работа над сабой. Але ўсё гэта было б немагчыма без падтрымкі сям'і: бацькі заўсёды верылі ў мяне і падзялялі перамогі і паразы, цяжкасці і поспехі. Я ведала, што мной ганарацца і ў мяне вераць. Я вельмі ўдзячная нашаму класнаму кіраўніку Кацярыне Юр'еўне Янчанка. Яна для нас была не проста настаўнікам, а мудрым настаўнікам, які заўсёды падтрымліваў, накіроўваў і верыў у нас, нават калі мы самі ў сябе не верылі. Яна змагла зрабіць так, каб наш клас стаў адной вялiкай сям'ёй, дзе кожны адчуваў сябе патрэбным і важным.
У рабят з атэстатам сталасці ў руках наступілі адказныя дні: трэба вызначыцца з выбарам далейшага шляху. І ад таго, наколькі ён будзе верны, шмат у чым залежыць іх дарослае жыццё. Усе нашы выпускнікі на старце новага этапу жыцця. Пажадаем ім поспеху. Хай у іх усё атрымаецца!