Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
16.10.2025
На палях СХФ ім. Ю. Смірнова вядуцца восеньскія палявыя работы
На палях раёна вядуцца актыўныя работы па сяўбе азімых збожжавых. Трактары з плугамі, агрэгатамі для падрыхтоўкі глебы, сеялкамі працуюць на палях усіх сельгаспрадпрыемстваў.
Паводле інфармацыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, пасеяна 13614 га азімых збожжавых з 14400 га планаваных. Штодня на палях працуе 45-53 адзінкі тэхнікі.
З раніцы да позняга вечара працуе тэхніка і на палях СХФ ім. Ю.Смірнова. Аграрыі разумеюць, каб атрымаць добры ўраджай у 2026 годзе, неабходна плённа папрацаваць на пасяўной: выконваць тэхналогію, улічваць аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, закупіць якасны насенны матэрыял.

У СХФ ім. Ю. Смірнова самы вялікі азімы клін у раёне - 2510 га. У сераду мы адправіліся на палі сельгаспрадпрыемства, каб на свае вочы ўбачыць увесь цыкл работ.
- З першых дзён, як толькі вызваляюцца палі, вядзем падрыхтоўку глебы пад азімую сяўбу. Бо своечасова і якасна праведзеныя падрыхтоўка глебы і іншыя агратэхнічныя мерапрыемствы дазволяць атрымаць у будучым годзе добры ўраджай, - кажа Міхаіл Важлакоў, кіраўнік сельгасфіліяла. - Выкарыстоўваючы восеньскую вільгаць і цяпло, азімыя збожжавыя паспеюць укараніцца да наступлення халадоў, а вясной актыўна пойдуць у рост. У параўнанні з яравымі яны менш пакутуюць у выпадку вясновай засухі. І, як паказвае практыка, даюць вышэй ураджайнасць.

На полі блізу аг. Рэдзькі працуе тры энерганасычаных трактара з васьмікорпуснымі плугамі ППА-8-40. Адзін з ААТ "Дубровенскі райаграсэрвіс", два - ад сельгаспрадпрыемства, за рулём якіх сямейны падрад Генадзя і Арцёма Саратокіных. Варта адзначыць, што Арцём пастаянны пераможца на жніве, вось і сёлета на абласным фестывалі працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2025" атрымаў заслужаную ўзнагароду з рук губернатара.
- Аб'ёмы ў нас вялікія, таму працуем увесь светлавы дзень. Зараз надвор'е нам спрыяе, таму трэба паспець усё зрабіць. У дзень кожны з нас арэ па 20 га, плануем заўтра скончыць гэтае поле, - кажа Арцём.
Недалёка ад в. Дарожная на падрыхтоўцы поля працуе культыватар, а побач ужо сеялкі. На МТЗ-3522 з камбінаванымі глебаапрацоўчымі агрэгатамі Васіль Васілёнак і Сяргей Любавіцкі вядуць сяўбу азімай пшаніцы. Яны імкнуцца своечасова аглядаць і рэгуляваць высейваючы агрэгат, ведаюць, што няякасная праца вядзе да недабору ўраджаю.

- Калі дазволіць надвор'е, і ўсё пойдзе па плане, то сяўбу мы завершым у бліжэйшых два тыдні. У дзень мы засяваем па 80 га. Ужо заканчваем сеяць азімую пшаніцу, на чарзе жыта, - кажа дырэктар сельгаспрадпрыемства. - Але гэта не значыць, што тэхніка сыдзе з палёў. Мы прыступім да ўзняцця зябліва, якога ў нас 1800 га.
Аграрыі працуюць не пакладаючы рук. Важна захоўваць выразную каардынацыю, дысцыпліну і аператыўнасць на ўсіх узроўнях, толькі так можна забяспечыць устойлівасць вытворчага цыкла і закласці трывалую аснову для ўраджаю наступнага года.