Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
04.02.2026
На адкрытым пасяджэнні Дубровенскага райвыканкама разгледзелі вынікі работы сельскагаспадарчых арганізацый раёна ў галіне жывёлагадоўлі ў 2025 годзе
На адкрытым пасяджэнні Дубровенскага райвыканкама разгледзелі вынікі работы сельскагаспадарчых арганізацый раёна ў галіне жывёлагадоўлі ў 2025 годзе. У пасяджэнні прыняў удзел намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання - дырэктар дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Іван Смільгінь.
Папярэднічаючы выступу асноўнага дакладчыка — начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандра Карнеева, старшыня Дубровенскага райвыканкама Алег Макарэвіч адзначыў, што ў галіне назапасілася нямала праблем, і вырашаць іх трэба не адкладаючы ў доўгую скрыню. Кіраўнік раёна з гэтай нагоды заявіў:
— Далей мірыцца з тым, што ў нас складваецца ў жывёлагадоўлі, нельга, трэба дзейнічаць, павышаць адказнасць кадраў за вынікі і ўзмацняць дысцыпліну. Менавіта ў жывёлагадоўлі сёння сканцэнтраваны рэзервы для далейшага развіцця раёна ў цэлым, бо Дубровеншчына — раён сельскагаспадарчы. І сядзець склаўшы рукі ў такой сітуацыі — проста злачынства.
Аб вытворчасці малака
Валавая вытворчасць малака ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна ў мінулым 2025 годзе склала 92,8% да ўзроўню 2024 года.
— Гэта вельмі нізкія паказчыкі. Калі судзіць аб'ектыўна, нават гэтыя сціплыя вынікі забяспечылі раёну ААТ "Якубава-Агра" і ААТ "Баброва-Агра", якія павялічылі валавую вытворчасць на 103,7%, — адзначыў начальнік упраўлення.
Надоі таксама не радуюць. Аляксандр Карнееў канкрэтызаваў: сярэдні надой малака ад каровы за 2025 год склаў 4171 кілаграм. Мінус 10 кілаграм, або 99,8%, да ўзроўню 2024 года. Вышэй сярэднераённага надоена на карову ў ААТ "Праўда-С" — 5605 кг, КУСХП ім. Чарняхоўскага — 5309 кг, ААТ "Герой" — 5097 кг, а так жа ААТ "Якубава-Агра" і "Баброва-Агра". Тым не менш, пры аднолькавых умовах утрымання дойнага пагалоўя ў ААТ "Герой", КУСХП "Прыдняпроўскі" і ААТ "Праўда-С" вялікую частку малака здаюць гатункам "экстра", тады як астатнія толькі "вышэйшага" і нават "першага". Тады як, напрыклад, у ААТ "Усход-Чырына" не надаілі і 2,5 тысяч кілаграм на карову.
Асноўнымі прычынамі зніжэння надояў малака Аляксандр Карнееў назваў парушэнне тэхналогіі вытворчасці, а якасці малака — невыкананне тэхналагічных патрабаванняў машыннага даення, парадку пераддаільнай апрацоўкі вымя, мерапрыемстваў, накіраваных на зніжэнне ўтрымання саматычных клетак і мікраарганізмаў у таварным малацэ.

Аб мясной жывёлагадоўлі
Аляксандр Карнееў канстатаваў, што за мінулы год вытворчасць буйной рагатай жывёлы ў раёне знізілася і склала 93,9 працэнта да ўзроўню 2024 года. Не дасягнулі мінулагодніх паказчыкаў у сямі сельгаспрадпрыемствах раёна з дзевяці.
— Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме за 2025 год склалі 493 грама, або 102,4%, да ўзроўню 2024 года (плюс 12 грам). Але нават гэтыя лічбы ніжэй тых паказчыкаў, якія мы можам і павінны дасягнуць, упэўнены Аляксандр Карнееў і адзначае: — Ніжэй сярэднераённага ўзроўню прывагі атрыманы ў ААТ "Усход-Чырына", "Якубава-Агра", ААТ "Баброва-Агра", КУСХП "Зарубы", "Прыдняпроўскі", СХФ ім. Ю. Смірнова.
Сярод асноўных прычын зніжэння прадукцыі вырошчвання ён назваў нізкія сярэднясутачныя прыбаўленні асабліва ў першым паўгоддзі 2025 года з-за адсутнасці канцэнтратаў, парушэнні ўмоў утрымання буйной рагатай жывёлы і ўсё тое ж нядобрасумленнае стаўленне да працы кіраўнікоў і спецыялістаў.
Пра прычыны падзяжу жывёлы
Зразумела, павысіць вытворчасць малака і мяса магчыма не толькі за кошт павелічэння колькасці пагалоўя, але і за кошт прадуктыўнасці жывёлы. Чаму пагалоўе зніжаецца? Асноўная прычына — паджеж. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы па сельскагаспадарчых арганізацыях раёна на 1 студзеня 2026 года склала 25766 галавы (мінус 8,9% да ўзроўню мiнулага года). Павялічылі статак толькі ААТ "Якубава-Агра" (плюс 144 галавы).
— Па заключэнні ўсіх кантралюючых органаў, прычыны банальныя: парушэнне тэхналогіі ўтрымання, безгаспадарчасць і адкрытае разгільдзяйства. Так, напрыклад, у асобных сельгасарганізацыях не выконваюць элементарныя арганізацыйна-тэхналагічныя патрабаванні па ўтрыманнi і кармленнi жывёл, адсутнічае ў дастатковай колькасці падсцілачны матэрыял. Яшчэ сярод недахопаў — несвоечасовая чыстка стойлаў, утрыманне цялят да 60 дзён па два і больш у клетцы, несвоечасовая выпойка малодзівам нованароджаных цялят, адсутнасць дастатковай колькасці стартэрных камбікармоў, — пералічыў недахопы выступоўца, патлумачыўшы сітуацыю, якая склалася, нізкай службовай і выканальніцкай дысцыплінай работнікаў, а таксама недастатковай колькасцю кваліфікаваных спецыялістаў, адказных работнікаў, занятых у галіне жывёлагадоўлі.
Пасля завяршэння дакладу Аляксандра Карнеева Іван Смiльгiнь нагадаў, што пытанне якасці работы жывёлагадоўлі знаходзіцца на пастаянным кантролі на ўсіх узроўнях, у тым ліку і Прэзідэнта.
— Выпрацаваны рэкамендацыі, даведзены да кожнай гаспадаркі і работніка. Але складваецца ўражанне, што меры прынятыя толькі на паперы. А ветэрынарная служба замест таго, каб кантраляваць, часта не валодае сапраўдным становішчам спраў, заплюшчвае вочы на абуральную безгаспадарчасць і самазаспакойваецца фармальнымі планамі і напісаннем адпісак з указаннем лічбаў, замест дзейсных мер! — акцэнтаваў Іван Смільгінь.
Кіраўнік раёна Алег Макарэвіч лічыць, што сістэмная работа павінна быць выбудавана перш за ўсё ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.
— Неабходна прынцыпова ўзяцца за сітуацыю, падысці да гэтага пытання з усёй адказнасцю. Каардынуючая функцыя тут ляжыць на спецыялістах кіравання, трэба максімальна задзейнічаць кожнага. Калі ў гаспадарцы выяўлены сістэмныя праблемы, мы не маем права адмахнуцца і пакінуць усё без прыняцця дзейсных мер на месцах у самыя кароткія тэрміны, а ў далейшым трымаць сітуацыю на кантролі і асабіста адказваць за вынікі, — падкрэсліў Алег Макарэвіч.
Аб кадравым пытанні
Начальнік раённай ветстанцыі Дзмітрый Праскураў і кіраўнікі "адстаючых" гаспадарак, якім прадаставілі слова на пасяджэнні, у ліку сістэмаўтваральных праблем АПК, назвалі кадравы дэфіцыт. Па стане на 1 студзеня 2026 года патрэба ў спецыялістах і рабочых галіны жывёлагадоўлі складае 169 чалавек (спецыялістаў — 35, рабочых — 134). Найбольш вострая сітуацыя назіраецца ў СХФ ім. Ю. Смірнова. Таксама ў гаспадарках раёна неабходныя чатыры галоўныя ветурачы. Не хапае пяць ветурачоў, сем галоўных заатэхнікаў і восем заатэхнікаў. Да вырашэння гэтай праблемы, на думку старшыні райвыканкама, неабходна падключыць усіх:
— Будуць кадры, будуць адказныя спецыялісты — будзе вытворчасць. Трэба, каб жыллё было, зарплата годная. Спецыялістам трэба плаціць. Таксама трэба весці прафарыентацыйную работу са школьнікамі і студэнтамі. Думайце, чым прыцягнуць і ўтрымаць моладзь — ад жылля да ўзорна паказальных умоў працы. Калі не вырашым праблему дэфіцыту кваліфікаваных кадраў, мы сельскую гаспадарку не падымем.
Такім чынам, на пасяджэнні былі пазначаныя асноўныя задачы па жывёлагадоўлі. Першае — жорсткае выкананне патрабаванняў заатэхнічных і ветэрынарных нормаў утрымання і кармлення жывёлы. Другое — недапушчэнне падзяжу жывёлы. Трэцяе — укамплектаванне сельскагаспадарчых арганізацый зоаветэрынарнымі спецыялістамі і рабочымі кадрамі. Чацвёртае — няўхільнае выкананне работнікамі сельгасарганізацый правілаў унутранага працоўнага распарадку, працоўнай дысцыпліны, устаноўленых патрабаванняў да працэсаў вытворчасці і якасці прадукцыі.
Яшчэ адна важная праблема, якая разглядалася на пасяджэнні, — прафілактыка п'янства і алкагалізму. Тут асноўная задача — цеснае ўзаемадзеянне ўсіх суб'ектаў прафілактыкі: сельвыканкамаў, РАУС, медыцынскіх і сацыяльных работнікаў, устаноў адукацыі, культуры і спорту, а таксама падключэнне грамадскасці і прафілактычнай работы ў калектывах, на прадпрыемствах і ў арганізацыях.