Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
20.08.2025
На Дубровеншчыне прайшоў "Талака Фэст"
Другі год у аграгарадку Сватошыцы па ініцыятыве і пры асабістым удзеле нашага земляка, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Бабічава праходзіць унікальнае мерапрыемства, якое аб'ядноўвае людзей у духу дружбы, адзінства і творчасці "Талака Фэст".

Адметнай асаблівасцю свята ў Сватошыцах з'яўляецца тое, што яно праходзіць за месяц да пачатку аднаго з самых маладых дзяржаўных святаў суверэннай Рэспублікі Беларусь — Дня народнага адзінства — і непарыўна з ім звязана агульнай ідэяй і пасылам: "Толькі разам мы можам, грунтуючыся на нашай гісторыі і культуры, захаваць незалежнасць краіны, развівацца і ўмацоўваць яе суверэнітэт". Акцэнт новага брэндавага свята ў Сватошыцах — на жыхароў сельскіх населеных пунктаў, бо нашы карані — у вёсцы. Тут наша месца сілы. У гэтым годзе свята значна пашырыла не толькі часовыя рамкі, праграму мерапрыемстваў, але і геаграфію правядзення фестывалю. Так, пачаўся ён 15 жніўня на пляцоўцы Дома культуры аг. Сватошыцы яркім творчым вечарам салісткі народнай студыі эстраднай песні "Ліра" РДК Наталлі Еслiкавай "Музыка маёй душы" і быў прысвечаны 20-годдзю творчай дзейнасці артысткі. Сольнае выкананне артысткі, дуэты і трыа, а таксама канцэртныя нумары іншых калектываў Дубровеншчыны сталі незабыўнай падзеяй у жыцці вяскоўцаў.
За Беларусь
Другі дзень фестывалю ў Дубровенскім раёне пачаўся з аўтапрабегу, арганізаванага РГА "Патрыёты Беларусі". Мерапрыемства прымеркавана 5-годдзю з дня арганізацыі і правядзення патрыятычнага марафону "За адзіную Беларусь". Больш за 30 машын з сямі раёнаў, аб'яднаўшыся ў адзіным патрыятычным парыве, сталі ў калону, каб прадэманстраваць, як і ў 2020 годзе, сваю пазіцыю і падтрымку кіраўніку нашай дзяржавы Аляксандру Лукашэнка. Першы пункт аўтапрабегу — аграгарадок Асінторф. Тут патрыётаў сустракалі жыхары пасёлка, радасна вітаючы аўтакалону на чале з візітнай карткай патрыётаў "Беларусьмабілем". Ад асобы кіраўніцтва раёна ўдзельнікаў аўтапрабегу вітала намеснік старшыні Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта Святлана Рыжанская.
Падчас сустрэчы з асінторфцамі старшыня РГА "Патрыёты Беларусі" Мікалай Зарубіцкі і Вольга Мацюсь распавялі, як зараджалася арганізацыя "Патрыёты Беларусі", як арганізоўваліся першыя аўтапрабегі і як беларускі народ здолеў захаваць мір і стабільнасць у 2020 годзе.

— Аўтапрабегі сталі вытокамі дзейнасці РГА "Патрыёты Беларусі". Зараз аўтапрабегі "За адзіную Беларусь" аб'ядноўваюць усе праекты РГА "Патрыёты Беларусі" як нябачная нітачка і з'яўляюцца выдатнай падставай для доўгачаканых сустрэч аднадумцаў, даюць магчымасць падарожнічаць разам па разнастайных маршрутах нашай прыгожай краіны, знаёміцца са значнымі месцамі нашай Радзімы, яе славутасцямі і дасягненнямі, — падкрэсліў Мікалай Зарубіцкі.
Казачы ансамбль "Вольніца" і ВІА "Аурум" павіншавалі асінторфцаў з пяцігоддзем аўтапрабегаў "За адзіную Беларусь" і падарылі яркую канцэртную праграму.
Захаваем гісторыю разам
80 гадоў прайшло з дня заканчэння адной з самых кровапралітных войнаў на зямлі. Перамога савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне далася нялёгка. Глыбокім болем кожнай беларускай сям'і яна і сёння ў сэрцах нашых суайчыннікаў. Шанаваць памяць аб тых, дзякуючы каму мы жывем і будуем планы на будучыню — наш грамадзянскі і нацыянальны абавязак. Не выпадкова ў праграме фестывалю мерапрыемствы, прымеркаваныя юбілею Вялікай Перамогі. Так, удзельнікі аўтапрабегу пабывалі ў Дубровенскім гісторыка-краязнаўчым музеі, дзе пазнаёміліся з унікальнымі экспазіцыямі гісторыі і побыту Дубровенскага раёна. Наведалі экспазіцыйную залу "Дубровеншчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны", дзе супрацоўнікі музея распавялі пра подзвігі землякоў і ўсіх савецкіх салдат на тэрыторыі раёна.
Госці даведаліся пра легендарны танкавы бой нашага земляка Андрэя Усава, а таксама ўбачылі музейныя прадметы 1941-1945 гадоў, дакументы і фатаграфіі. А ў аг. Сватошыцы ўсклалі кветкі да помніка землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ушанаваўшы іх памяць хвілінай маўчання. Аршанец Ігар Іваноў даўно марыў узяць удзел у аўтапрабегу "Патрыётаў Беларусі". І сёлета ён разам з дзецьмі Лізаветай і Вячаславам трапілі на фестываль "Талака Фэст".


— Мы даўно хацелі разам з дзецьмі паўдзельнічаць у такіх акцыях. І вось такая магчымасць выпала. Праехаць па новых мясцінах, далучыць дзяцей да вывучэння гісторыі роднай Віцебшчыны. Даведацца нешта новае і цікавае. Мы вельмі рады, што апынуліся ў вас на фестывалі, — падзяліўся меркаваннем мужчына. — У Дубровенскім музеі мы ўпершыню, экскурсія аказалася пазнавальнай. Думаю, прыедзем сюды яшчэ ўжо ўсёй сям'ёй.
Ген парадку і чысціні

Даўняя традыцыя беларусаў — разам папрацаваць на агульную добрую справу — узнікла даўно, яшчэ да вядомых суботнікаў. Талакой будавалі дамы і школы, наводзілі чысціню і парадак у гарадах і вёсках. Разам выконвалі самыя розныя тэрміновыя сезонныя работы: капалі бульбу, касілі траву, разам выходзілі на праполку. Не выпадкова адным з пунктаў праграмы фестывалю і аўтапрабегу стала працоўная акцыя "Побач з намі". Дружнай камандай "Патрыёты Беларусі" пафарбавалі бетонныя агароджы і прыпыначны пункт аграгарадка, унёсшы сваю лепту ў добраўпарадкаванне сельскіх населеных пунктаў. Да іх далучыліся актыўныя неабыякавыя дубровенцы. Больш за 30 кг фарбы, тры дзясяткі пэндзлікаў і менш чым за гадзіну прыпыначны пункт грамадскага транспарту ў аграгарадку Сватошыцы як новенькі. Усе разам ад малога да вялікага хутка справіліся з працай. Як заўсёды і было ў нашага народа — дружна, талакой.
Кожны — частка вялікай і дружнай сям'і



І вось доўгачаканая падзея — на стадыёне аграгарадка Сватошыцы пачынаецца цэнтральнае мерапрыемства фестывалю "Талака Фэст 2025".
Тут і выставы з унікальнымі вырабамі ручной работы, і смачныя рэгіянальныя стравы і напоі, у тым ліку, прыгатаваныя аматарскімі аб'яднаннямі "Ерамееўскія пачастункі" і "Гаспадынька" Дубровеншчыны, а таксама клуба "Сям'я" з Талачына. Шмат смачных страў: ад фірмовых каўбасак з гароднінай і бульбай да юхі і шашлыкоў.
У атмасферы вясковай утульнасці і гасціннасці ўдзельнікі фестывалю змаглі паўдзельнічаць у майстар класах, акунуцца ў атмасферу адзінства і творчасці, пакінуўшы паўсядзённыя клопаты за межамі фестывальнай вёскі. Вядучыя сват і свацця і гаспадыня свята Талака не давалі сумаваць, а музычны настрой стварылі творчыя калектывы з Дубровенскага, Талачынскага раёнаў і Віцебска. Кульмінацыяй фэста стаў традыцыйны "абрад адзінства", падчас якога ўсе госці разам з жыхарамі аграгарадка запалілі "вогнішчы адзінства".
Станоўчыя водзывы пра фестываль не толькі гасцей, але і ў першую чаргу саміх жыхароў Сватошыц кажуць пра тое, што "Талака" прыжылася на Дубровеншчыне і абавязкова здзівіць у наступным годзе новымі ідэямі, сюрпрызамі і незвычайнымі цікавымі пляцоўкамі.
dubrovno.by