Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
24.12.2019
На базе ААТ «Дубровенскі льнозавод» адбыўся рэспубліканскі семінар-нарада
На базе ААТ «Дубровенскі льнозавод» адбыўся рэспубліканскі семінар-нарада па пытаннях правядзення работ па перадпасяўной падрыхтоўцы глебы і пасева, а таксама перапрацоўцы лёну. У семінары прынялі ўдзел намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзімір Дворнік, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Анатоль Хацько, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Уладзімір Гракун, кіраўнікі і спецыялісты Мінсельгасхарча, намеснікі старшыняў аблвыканкамаў, абласныя структуры па льнаводстве, кіраўнікі і галоўныя аграномы льнозаводаў.
Адкрываючы семінар-нараду, Уладзімір Дворнік заклікаў прысутных да канструктыўнай, шчырай размовы і аналізу склаўшайся сітуацыі ў перапрацоўцы льносыравіны. Ён распавёў пра сваё бачанне праблемы.
-Я праехаў многія прадпрыемствы ў рэспубліцы, глядзеў, пытаўся, ўнікаў... Мадэрнізацыя мадэрнізацыяй, але павінен быць і гаспадарскі падыход. Бо пад новую лінію трэба вырасціць і трасту адпаведнай якасці, а гэтыя параметры ў нас не супадаюць. Уся справа ў тым, што дзесьці кіруюць гаспадары: якія разлічваюць кожную магчымасць зарабіць. Менавіта так працуе Дубровенскі льнозавод. Таму мы сёння тут і будзем вучыцца працаваць на вынік, - падкрэсліў Уладзімір Дворнік.
На сённяшні дзень першасная перапрацоўка лёну ажыццяўляецца на 22 льнозаводах рэспублікі і 2 вытворчых участках. Аб выніках вырошчвання і ўборкі лёну-даўгунцу у 2019 годзе і задачах на 2020 год падрабязна распавёў Уладзімір Гракун.
- Прэзідэнт паставіў задачу па вырошчванні 180 тыс. т трасты для вытворчасці 55 тыс ільновалакна і забеспячэнню сыравінай арганізацый канцэрна «Беллегпрам» пад поўную патрэбнасць. У 2019 годзе лён-даўгунец вырошчваецца ў 46 раёнах рэспублікі. Паводле аператыўнай інфармацыі, нарыхтавана 154,5 тыс. тон ільнотрасты, што на 19 тыс. тон, або 14 адсоткаў, вышэй за ўзровень мінулага года. Ураджайнасць трасты лёну-даўгунцу склала 31,7 цэнтнера з гектара («плюс» 1,9 цэнтнера да 2018 года).
Разам з тым, Уладзімір Гракун адзначыў, што мэтавы паказчык выкананы прадпрыемствамі толькі на 86%. Заданні па вытворчасці выканалі лічаныя прадпрыемствы: Пружанскі, Верхнядзвінскі, Дубровенскі, Уваравіцкi, Крупскі, Гарэцкі, Хоцімскі ільнозаводы, якія стабільна дамагаюцца вынікаў.
- Аналіз паказвае, што парушэнне толькі аднаго элемента тэхналогіі - памяншэнне нормы высеву насення - грае вырашальную ролю ў атрыманні запланаванага ўраджаю. Вядома, усе элементы тэхналогіі важныя, але ад зямлі нічога не атрымаем, калі не паклалі досыць насення.
Анатоль Басянкоў, дырэктар ААТ «Дубровенскі льнозавод» падрабязна распавёў калегам пра тое, як дабіцца ўраджайнасці ў 4 тоны трасты з гектара. Акрамя выразнага захавання ўсяго тэхналагічнага ланцужка вырошчвання лёну ён адзначыў, што сартаванне сыравіны пачынаецца фактычна ў полі. Пры аб'ездзе палёў перад пачаткам цераблення вызначаецца адразу, на якой лініі будзе перапрацоўвацца тая ці іншая сыравіна, і ад гэтага залежыць ўборка і захоўванне сыравіны. Што пасля дае магчымасць павысіць якасць перапрацоўкі лёну.
Усё гэта больш падрабязна ўдзельнікі семінара паглядзелі непасрэдна на вытворчай лініі і сыравінным двары прадпрыемства.
Акрамя таго, на нарадзе падрабязна разгледжаны пытанні налады і рэгулявання тэхналагічнага абсталявання першаснай перапрацоўкі лёну, захаванне нарматываў па выхадзе льнянога валакна, выканання ў бягучым годзе дзяржаўнага заказу па пастаўках ільнянога валакна прадпрыемствам канцэрна «Беллегпрам», правядзення комплексу восеньскіх палявых работ пад ураджай лёну-даўгунца 2020 года.
Падчас нарады дадаткова прапрацавана пытанне ўкаранення вытворчасці паглыбленага сартавання лёну на льнозаводах.
Па выніках нарады звернута ўвага кіраўнікоў ільнозаводаў і абласных ільноаб'яднанняў на неабходнасць узмацнення жорсткасці працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны для дасягнення мэтавых паказчыкаў і павышэння эфектыўнасці работы галіны.
Алена Корсакава.
Фота аўтара.