Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
15.08.2025
Моладзь прыходзіць на першыя працоўныя месцы ў сельгаспрадпрыемствы Дубровеншчыны
Вызначыцца з выбарам прафесіі - справа няпростая. Але Алегу Жолабаву, маладому механізатару ААТ "Дубровенскі райаграсэрвіс", у гэтым плане пашанцавала. Яшчэ ў школе ён вырашыў для сябе, што будзе працаваць з тэхнікай.
Пасля заканчэння Дубровенскага сельскагаспадарчага каледжа малады чалавек атрымаў прафесію, пра якую марыў — трактарыст-машыніст, кіроўца катэгорыі "С", электразваршчык ручной зваркі чацвёртага разраду. Патрапіўшы па размеркаванні ў райаграсэрвіс, ён з першых дзён акунуўся ў кругазварот сельскагаспадарчай працы. Маладога механізатара мы заспелі ў полі блізу в. Бурая. Тут вядзецца апрацоўка гліфасатзмяшчаючымi прэпаратамі поля пасля азімай пшаніцы.

— У ААТ "Дубровенскі райаграсэрвіс" я праходзіў вытворчую практыку, сюды і трапіў па размеркаванні. Шчыра кажучы, вучачыся ў каледжы, думаў, што працаваць лягчэй. Цяпер мне даверылі самаходны апырсквальнік MazzottiIbis 3145 LP. Тэхніка складаная, але працаваць на ёй мне падабаецца, — кажа Алег Жолабаў. — Апрацоўваць палі я буду да позняй восені, а потым перасяду на трактар, буду вывозіць арганіку, вазіць кармы на жывёлагадоўчыя комплексы. Прафесія механізатара з даўніх часоў была адной з самых паважаных і ганаровых. У апошні час роля трактарыста-машыніста ў сельгасвытворчасці стала больш значнай, ды і сама тэхніка стала сучаснай, шматфункцыянальнай і патрабуючай добрай тэхнічнай падрыхтоўкі ад работніка.
Прыемна, што гэтую прафесію можна атрымаць у нас у раёне: бо дома, як кажуць, і сцены дапамагаюць. А праца гэтая — асаблівая, яе трэба не толькі любіць, але і аддаваць усе свае сілы: па-іншаму нельга — ад гэтага залежыць дабрабыт краіны. Нягледзячы на тое, што малады спецыяліст зусім нядаўна прыступіў да сваіх абавязкаў, ён цвёрда ўпэўнены, што зрабіў правільны выбар. Пажадаем яму поспеху на прафесійным шляху.