Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
09.10.2025
Карэспандэнт Дняпроўкі прымерыла на сябе ролю паштальёна
Карэспандэнт Дняпроўкі прымерыла на сябе ролю паштальёна.
З дзяцінства нам знаёмы персанаж з мультфільма "Прастаквашына" — паштальён Печкін. Прастадушны, добры дзядзечка, які неаднаразова наведваў навасёлаў у любое надвор'е —у холад і спякоту — насіў па вёсцы пасылкі і канверты. У сучаснасці ж твар паштовай службы ў асноўным жаночы. Гэтая прафесія, якая патрабуе вялікага цярпення, камунікабельнасці і адказнасці, сёння прадстаўлена выдатнай паловай чалавецтва.
Напярэдадні прафесійнага свята — Сусветнага дня пошты — мы вырашылі на адзін дзень прымерыць на сябе ролю паштальёна. Правесці адзін дзень з паштальёнам аказалася не так проста. Асабліва ўлічваючы непагодлівае надвор'е — моцны пранізлівы вецер і дробны дождж. Для мяне гэта азначала некалькі гадзін па-за звыклай зоны камфорту, а для маёй напарніцы, паштальёна Святланы Севярынавай, — звычайная штодзённая праца. Пачаўся працоўны дзень каля 8 раніцы з расфасоўкі газет і карэспандэнцыі на пошце. Тут праходзіць этап сартавання.
— Тут важна не дапускаць памылак, каб у далейшым правільна і аператыўна даставіць усе адрасатам. Трэба падпісаць кожную газету. Але я ўжо вывучыла, куды мне трэба іх аднесці, — дзеліцца Святлана Мікалаеўна.
Пасля чаго паштальён узвальвае на сябе тоўстую сумку, і мы адпраўляемся ў шлях. У кожнага паштальёна свой замацаваны ўчастак, напрыклад у Святланы Севярынавай гэта завулкі Кавальскі, Завадскі, Віцебскі і вуліцы Фабрычная, Віцебская, Ландарскага і Вакзальная. Аднесці газеты і лісты па адрасах трэба нягледзячы на спякоту, дождж або снег. Усё строга, карэспандэнцыя павінна быць дастаўлена своечасова. Нягледзячы на тое, што зараз стагоддзе Інтэрнэту, дубровенцы любяць чытаць перыёдыку. Доказ таму — важкая сумка паштальёна. Наш маршрут ахоплівае і шматпавярховыя дамы, і прыватны сектар. Адкрываем дзверы ў першы пад'езд і шукаем патрэбную паштовую скрыню. Закідваць першы ліст вельмі хвалююча — некалькі разоў праверыла, ці сапраўды ў гэтую скрыню трэба апускаць газету.
Мне пашанцавала, я сама жыву на завулку Завадскім, таму шлях паштальёна ведаю добра. Па дарозе бачу суседзяў і знаёмых. Усе вітаюцца з намі. На ўчастку супрацоўніца пошты сапраўды "свая". Заходзім у адзін з двароў і кладзём ліст у скрыню. А на вуліцы Ландарскага нас сустракае Таццяна Міхайлаўна, гэта мая бабуля. Ёй перадаем у рукі любімую газету "Дняпроўская праўда", яна з нецярпеннем адразу ж гартае старонкi раёнкі і з усмешкай праводзіць нас далей.
Правёўшы практычна дзень са Святланай Мікалаеўнай, можна з упэўненасцю сказаць, што чалавек на сваім месцы. Яна з выдатным настроем выконвае сваю адказную працу. Распавядае пра яе захоплена і ўспамінае цікавыя гісторыі з усмешкай і бляскам у вачах. Гэты дзень працы паштальёнам расплюшчыў мне вочы на няпростую фізічную і эмацыйную нагрузку прафесіі. Вопыт гэтай працы дазволіў мне адчуць ролю паштальёнаў у грамадстве, дзе інфармацыя становіцца жыццёва важнай.
Паштальён — не проста кур'ер, ён надзейны злучаючы мост паміж жыхарамі і дзяржавай, паміж людзьмі і іх гісторыямі.